У чым асаблівасці сакрамэнту пакаяння пасля граху аборту?

Аборт (лац. аbortio, abortus — загубленне, выкіданне) — пера­ры­ванне чалавечага жыцця ў перыяд перад яго нараджэннем. Гэтая з’ява асабліва ў апошнія часы набыла такі размах, што з вялікім непакоем пра яе гаворыць ужо не толькі Касцёл, але і сур’ёзныя навукоўцы, якія заяўляюць аб велізарнай псіхічнай шкодзе абортаў, што прыводзяць да глыбокіх саматычных (фізічных) парушэнняў здароўя. Больш за тое, цяжкі пасляабортны псіхалагічны стан прыводзіць да разбурэння сямейных, прафесійных і грамадскіх сувязяў.


Святое Пісанне адназначна перасцерагае людзей ад граху ўсялякага замаху на жыццё, бо толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця і смерці (Дрг 32, 39; Зых 20, 13; Мдр 11, 26; Пс 22, 10; Мц 5, 21; 22, 32). Навучанне Касцёла ад самага пачатку («Дзідахэ») ва ўсе стагоддзі бароніць святасць і недатыкальнасць чалавечага жыцця (Анкірскі, Трульскі, Лерыдскі, Міланскі сіноды; вучэнне папы Сікста V, Пія V, Пія XI, Паўла VI, Яна Паўла II і інш.).

Учыненне абортаў парушае як мінімум сем узроўняў жыццядзейнасці асобы. Святарам даводзіцца аказваць душпастырскую падтрымку сямейным парам або асобным жанчынам у вырашэнні іх асабістых праблемаў з нараджэннем дзіцяці. Таксама просяць дапамогі і асобы, уцягнутыя ў канфлікты па прычыне цяжарнасці іх блізкіх. У святара шукаюць парады сем’і, якія перажываюць крызіс у сувязі з небяспечным дыягназам, пастаўленым медыкамі іх ненароджанаму дзіцяці. Часам даводзіцца фактычна ратаваць падлеткаў, якія апынаюцца ў сітуацыі непрадбачанай цяжарнасці, а бывае, што дапамога больш патрэбная бацькам, чым малалетнім мамам ці татам. Не менш складанасцяў маюць і медыкі, якія духоўна, маральна і псіхалагічна не вытрымліваюць свайго ўдзелу ў масавым забойстве ненароджаных дзяцей у клініках: многія з іх (раней ці пазней) пачынаюць шукаць выйсця, просяць аб споведзі, духоўна-псіхалагічнай парадзе святара.

Кожны душпастыр ведае, што аборт — гэта грэх, які не ўзнікае раптам і асобна. Ён з’яўляецца наступствам складанага спляцення разнастайных праблемаў пакутуючай асобы, яе сям’і і акружэння, таму жанчына, якая рашаецца на аборт, знаходзіцца не ў пачатку, а ў самым канцы цэлага ланцуга выбару, канфліктаў і памылак.

І працэс аздараўлення асобы пасля яе жахлівага ўчынку патрабуе аздараўлення яе адносінаў да ўсяго і з усімі, хто быў замешаны ў спляценні гэтых трагічных падзеяў. Аднаму чалавеку гэта амаль немагчыма выра­шыць, але з Богам, адкрыўшыся на дзеянне Яго ласкі, у шчырай малітве, сакрамэнтах, пакорнай веры і мудрым духоўным кіраўніцтве ўсё становіцца магчымым.

Душпастырам найчасцей даводзіцца мець стасункі з асобамі, якія пакутуюць ад т.зв. пасля­абортнага сіндрома. Некаторыя медыкі разглядаюць яго як складаны посттраўматычны комплекс страхаў і дэпрэсіўнага стану, аднак большасць аўтарытэтных вучоных прызнае, што навуку яшчэ чакае грунтоўнае даследаванне гэтай балючай з’явы, вывучэнню якой перашкаджаюць некаторыя ўплывовыя бізнес-колы. Напрыклад, зусім нядаўна некаторыя незалежныя навуковыя інстытуты (Новая Зеландыя, ЗША, Іран, Вялікабрытанія) адкрылі, што рызыка раку грудзей у жанчын або імпатэнцыя ў мужчын моцна звязаныя з праблемаю абортаў. Вялікі рэзананс у свеце мелі вынікі даследаванняў групы новазеландскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам прафесара Дэвіда Фергюсона (David Fergusson), якія паказалі залежнасць шматлікіх псіхічных захворванняў у жанчын і іх сужэнцаў (ці парт­нёраў) пасля абортаў, а таксама іх уплыў на ўсю сям’ю.

У кантакце з асобамі пасля аборту душпастырам даводзіцца сустракацца са шматлікімі маскіроўкамі і масай самых разнастайных псіхалагічных абарончых механізмаў, што ўключаюцца як уцёкі ад самаасуджэння, злосці, смутку, прыгнечанасці, адзіноты з-за здзейсненага смяротнага граху. Святару даво­дзіц­ца прыкласці шмат намаганняў, каб вывесці такую асобу з замкнёнага кола паталагічнага пачуцця віны. Яно звычайна мае два супрацьлеглыя праяўленні: або празмернае самаасуджэнне, або нястрымнае і ўпартае сама­апраўданне.
Аказваючы духоўную падтрымку такой асобе, душпастыру трэба лічыцца з яе псіхалагічным станам. У нашых рэаліях адным з праяўленняў няправільнага перажывання пасляабортнага стану з’яўляецца т. зв. рацыяналізацыя. Яна праяўляецца ў тым, што жанчына (або яе акружэнне) імкнецца любым спосабам супакоіць сваё сумленне (і іншых), шукаючы «разумныя» і «апраўдальныя» доказы тыпу: «Бо так усе робяць», «бо гэта было не дзіця, а плод», «бо гэта ж усяго толькі рэгуляцыя», «бо інакш былі б праблемы» і да т.п. Такія асобы могуць нават прыйсці да споведзі, але не здольныя абудзіць у сабе жаль за грэх, бо ён заблакаваны механізмам самаапраўдання.

Частаю рэакцыяй на грэх з’яўляецца т.зв. праекцыя. Яна праяўляецца ў тым, што вінаватая асоба перакідвае сваю віну на іншага чалавека, і тады можна пачуць выразы тыпу: «Яна мяне змусіла», «каб не ён, я б гэтага не зрабіла», «гэта яны мяне падгаварылі» і да т.п. Калі рацыяналізацыя і праекцыя становяцца неэфектыўнымі, тады збалелыя душы абіраюць механізм заглушвання праблемы: алкагалізм, сексагалізм, камп’ютарныя гульні, тэлевізар, інтэрнэт, працагалізм і г.д. Атрымліваецца, што адзін грэх цягне за сабою шэраг наступных грахоў.

Праяваю не шчырага пакаяння, а фармальнага «выпускання пары» спакутаванай ад граху псіхікі з’яўляюцца бясконцыя споведзі з аднаго і таго ж граху, фіксацыя (зацыкленасць) на нейкай адной і той жа дэталі або дзеянні асобы. Такія людзі часта мяняюць спаведнікаў, каб пастаянны духоўнік не выкрыў іх хаджэнне па замкнёным коле.

Важным элементам духоўнага суправаджэння асобы з пасля­абортным сіндромам з’яўляецца дапамога ў правільным перажыванні т.зв. жальбы па дзіцяці і па сабе. Справа ў тым, што некаторыя жанчыны настолькі пагружаюцца ў жальбу і аплакванне, што не жадаюць (ці не могуць) з гэтага выйсці, і такі стан прыводзіць іх аж да псіхічнага зрыву. У падобных выпадках святар імкнецца супрацоўнічаць з прафесійнымі псіхолагамі, дарадчыкамі ў сямейным жыцці. У наш час існуюць добра распрацаваныя метады рознай дапамогі: спецыяльныя рэкалекцыі, падрыхтоўка і перажыванне споведзі з усяго жыцця. Гэта акурат тая сфера, дзе вельмі неабходная і карысная сумесная праца душпастыра і псіхолага.

З духоўнага пункту гледжання паспяховасць праблемы выхаду асобы з постабортнага сіндрому залежыць ад аздараўлення яе вобразу Бога і адносінаў з Ім. Справа ў тым, што ў большасці выпадкаў цяжкі грэх з’яўляецца праяваю скажонага ўяўлення пра Бога. Больш за тое, драматычная жыццёвая сітуацыя і няправільнае рэагаванне на яе можа прывесці да перакідвання віны на Бога, злосці на Яго, абразы на Яго «маўчанне», бо, маўляў, Ён дапусціў такую сітуацыю. Таму першачарговым заданнем духоўніка з’яўляецца дапамога ў адкрыцці сапраўднага, любячага, суперажываючага Бога і ўсталяванні з Ім даверлівых адносінаў.
Пасляабортная споведзь ні ў якім разе не можа быць паспешліваю і непадрыхтаванаю. Яна павінна быць глыбока перажытаю, каб стаць вянцом паяднання з Богам, з акружэннем, з загінулым дзіцём і з сабою. Тым больш, варта памятаць пра тое, што аборт — гэта не толькі грэх, але таксама і злачынства (забойства безабароннага чалавека), за якое ў Касцёле прадугледжана пакаранне. За здзяйсненне аборту для жанчыны, а таксама для ўсіх тых, без каго б гэты аборт не адбыўся, прадугле­джана пакаранне: экскамуніка “latae sententiae” (Кодэкс кан. права, кан. 1398). Гэта азначае, што асоба, якая здзейсніла такі грэх і злачынства, сама сябе (“аўтаматычна”, праз сам факт здзяйснення ці саўдзелу) ставіць па-за супольнасцю (выключае з) Касцёла. Зняць пакаранне і адпусціць такі грэх да нядаўняга часу мог толькі біскуп або святар, якому біскуп даў такі дазвол. Заканадаўства Касцёла ў Беларусі дагэтуль дазваляла адпускаць грэх аборту святарам, якія маюць па меншай меры 5 гадоў святарства. Сітуацыя змянілася 20 лістапада 2016 г., калі на заканчэнне Году Міласэрнасці папа Францішак у апостальскім  лісце «Misericordia et misera» працягнуў агульны дазвол, які як выключэнне быў дадзены ўсім святарам на надзвычайны Юбілейны Год. З 20.11.2016 г. яны атрымалі пастаянны дазвол адпускаць грэх аборту і вызваляць ад кары экскамунікі, звязанай з гэтым грахом. Матывуючы сваё рашэнне аб агульным дазволе, ва ўзгаданым апостальскім лісце Святы Айцец напісаў: «Хачу падкрэсліць з усёй моцаю, што аборт — гэта цяжкі грэх, бо ён кладзе канец нявіннаму жыццю. Аднак з такой жа моцаю я магу і павінен сцвердзіць, што не існуе такога граху, якога не можа ахапіць і знішчыць Божая міласэрнасць, калі знаходзіць скрушанае сэрца, якое просіць аб паяднанні з Нябесным Айцом. Таму няхай кожны святар станецца правадніком, успамогай і суцяшэннем, спадарожнічаючы пэнітэнтам на гэтым шляху спецыяльнага паяднання» («Misericordia et misera», 12).

Існуючы адгэтуль дазвол для ўсіх святароў адпускаць грэх аборту не змяняе практыкі, паводле якой перад адпушчэннем грахоў спаведнік павінен пераканацца, што пэнітэнт разумее цяжар граху і ўсведамляе злачынства, а таксама мае цвёрдую пастанову выправіцца. Пасля гэтага святар павінен накласці адпаведную пакуту за грэх і абавязаць верніка да канкрэтных учынкаў, якія павінны стаць праяваю кампенсацыі за грэх.

Сур’ёзнасць граху аборту азначае, што споведзь з яго не можа быць паспешлівай, не падрыхтаванай і не перажытай. У выпадку аборту неабходна спавядацца з больш працяглага адрэзку жыцця, каб адкрыць і назваць усе балючыя моманты, прызнаць сваю праблему, напоўніць яе Божым прабачэннем і шчырым жаданнем штосьці выправіць, даверыцца Божай ласцы і міласэрнасці, пастанавіць распачаць новую старонку ў адносінах з Богам, бліжнімі і з сабою, каб грэх больш не паўтарыўся.

Асобы, якія глыбока і шчыра перажылі пакаянне, адпакутавалі за грэх забойства нявіннага дзіцяці, здолелі знайсці выхад са стану постабортнага сіндрому, напоўніліся духам прабачэння, адкрываюць для сябе раней нязведанае Аблічча Бога і Яго вачыма пачынаюць больш спагадліва глядзець на іншых лю­дзей, быць уразлівымі на грэх, людскую слабасць і мацней абапі­рацца на дзеянне Божай ласкі. Такія асобы, носячы ў сваім сэрцы рану аборту, ведаюць, што яна не крываточыць і не забівае толькі дзякуючы міласэрнасці Хрыста. Паяднаныя з Панам, яны могуць зрабіць вельмі шмат дабра, дапамагаючы пакутуючым людзям адкрыцца на Бога, не паўтараць іх жахлівых памылак, не баяцца сустрэчы са святаром, добра перажыць споведзь і па-сапраўднаму жыць, спазнаючы Божую ласку.


Ксёндз Андрэй Рылка  —
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней