Як правільна паводзіць сябе пасля прыняцця св. Камуніі?

Адны вернікі кленчаць, адаруючы Пана Езуса, а другія адразу ўстаюць і лічаць, што робяць больш правільна...


Ці не даводзілася вам трапляць у сітуацыю, калі вы прыйшлі на св. Імшу ў іншую парафію і не ведаеце, калі стаяць, а калі кленчыць, бо ў вашай парафіі, напрыклад, на спеў «Баранку Божы...» перад Камуніяй усе кленчаць, а ў іншай парафіі — стаяць. У вас св. Камунію ўсе прымаюць укленчыўшы, а там — стоячы. У вас на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту — кленчаць, а там — сядзяць. Звычайна ў такіх сітуацыях спрацоўвае механізм адаптацыі: «рабі як усе». Але што рабіць, калі вакол вас адны кленчаць, другія — стаяць, а трэція — сядзяць? Ці існуюць нейкія правілы? Адказ, як заўсёды, просты і складаны: правілы ёсць, толькі не ўсе іх захоўваюць.

Адносна паводзінаў падчас св. Імшы, асабліва жэстаў падчас прыняцця св. Камуніі, існуе вельмі шмат літургічных формаў (магчымасцяў). Яны з’яўляюцца вынікам руху літургічнай адновы і рэформаў, які набраў вялікую сілу пасля Другога Ватыканскага Сабору (1960-1970-я гг.) і прывёў да таго, што Апостальская Сталіца на афіцыйным узроўні пачала дазваляць разнастайныя формы выразу веры і пабожнасці ў залежнасці ад асаблівасцяў мясцовага касцёла, карыстаючыся здабыткамі гісторыі і літургічнай спадчыны двух тысячагоддзяў хрысціянства.

У сувязі з тым, што ў літургічных прадпісаннях пачалі дазваляцца (або не забараняцца) адначасова некалькі формаў на выбар (што і як рабіць), у некаторых вернікаў, прызвычаеных да таго ці іншага рытуалу, могуць быць неразуменні, бо кожны выбірае сваю форму паводзінаў падчас літургіі. Так адбываецца тады, калі мясцовы святар не ўстанаўлівае для дадзенай супольнасці найбольш адпаведную для ўсіх вернікаў форму знешняга перажывання веры.

Няправільныя будуць любыя, нават найбольш тэалагічна глыбокія пабожныя жэсты і літургічныя паставы, калі нейкі вернік (ці святар) пачне сам прыдумваць, як ён бу­дзе, напрыклад, прымаць св. Камунію або калі будзе кленчыць. Выбіраць павінен не паасобны вернік (або святар), бо супольная справа Касцёла, асабліва літургія — гэта справа не аднаго чалавека, а ўсёй супольнасці Касцёла: і нябеснай, і зямной. Таму кожны раз, калі нам хочацца выбраць тую ці іншую форму паводзінаў, варта задумацца, ці так выбірае і ці так раіць паступаць Касцёл. 

На працягу двух тысячагоддзяў гісторыі Касцёл меў дастаткова часу, каб пераканацца, што нашая сіла — у адзінстве, у супольным і пакорным слуханні Хрыста. Увасабленнем такой адзінай супольнасці веры з’яўляецца біскуп. Ён дбае аб мясцовай супольнасці Касцёла і з’яўляецца заканадаўцам літургічных звычаяў у межах нормаў, устаноўленых Касцёлам на вышэйшым узроўні: ухвалаў Канферэнцыі Біскупаў дадзенай краіны і пастановаў Апостальскай Сталіцы. Літургічныя нормы Касцёла, як і ўсе іншыя нормы, маюць іерархічны характар: ад агульных пастановаў Апостальскай Сталіцы праз Канферэнцыю Біскупаў, праз рашэнне біскупа дыяцэзіі аж да аб’яваў пробашча пра тое, як неабходна сябе паводзіць у касцёле. Нездарма ў «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала» Касцёл заклікае: «Захоўванне ўдзельнікамі аднолькавай паставы цела з’яўляецца знакам адзін­ства членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на цэлебрацыю святой літургіі; бо яна выражае і фарміруе духоўнае перажыванне ўдзельнікаў» («Агульныя ўво­дзіны да Рымскага Імшала», с. 42). Касцёл падкрэслівае, што духоўная якасць перажывання літургіі залежыць ад адзінства супольнасці. І адзінства не толькі ў духу, але і ў цялесным выразе пабожнасці.

Таму на пытанне пра жэсты і пазіцыю цела падчас св. Імшы адказ будзе адначасова і просты, і складаны. Неабходна трымацца звычаю, прынятага ў мясцовай супольнасці (парафіі). Лакальны звычай не можа супярэчыць агульнаму звычаю Касцёла, а наадварот — павінен гарманічна ў яго ўпісвацца. Дбаць аб гэтым — заданне як духавенства, так і свядомых вернікаў. У разуменні літургічных звычаяў дапамагаюць шматлікія дакументы, апублікаваныя Апостальскай Сталіцай. Асноўныя правілы паводзінаў падчас св. Імшы апісаныя ў «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала». Гэты дакумент называе тыя моманты, калі вернік абавязкова павінен укленчыць падчас літургіі: 

  1. Пасля спеву «Святы, Святы…» (калі святар працягвае рукі над святымі дарамі і заклікае Духа Святога) да словаў святара: «Гэта вялікая таямніца веры»; 
  2. На словы святара: «Вось Баранак Божы…» (перад прыняццем св. Камуніі); 
  3. У часе адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. 

Усе іншыя моманты, калі мы кленчым, дазваляюцца, калі яны не супярэчаць прынятым літургічным нормам. Больш за тое, усе звычаі кленчыць у знак пакланення (адарацыі) Касцёл заахвочвае захоўваць, хоць дакументальна да гэтага не змушае. 

Пасля прыняцця св. Камуніі літургічныя нормы не забараняюць сядзець. Аднак зноў, калі нешта не забараняецца, то гэта не значыць, што яно абавязвае. Напрыклад, калі ў нейкай парафіі існуе шматвяковы звычай кленчыць пасля прыняцця св. Камуніі, то варта яго захаваць, бо пазіцыя на каленях больш паважлівая, чым сядзенне. З тэалагічнага і біблійнага пункту гледжання адарацыя і праслаўленне Бога на каленях мае намнога больш сур’ёзнае абгрунтаванне, чым ліберальныя нормы сучаснасці. Узгадаем хаця б словы апостала Паўла пра Хрыста, на Імя Якога сагнецца кожнае калена істотаў нябесных, зямных і падземных (пар. Флп 2, 10). Глыбокую тэалогію схілення каленяў пранікнёна растлумачыў кардынал Ёзаф Ратцынгер (пазнейшы папа Бэнэдыкт XVI) у кнізе «Дух літургіі», дзе ён напісаў: «…Пазіцыя стаяння на каленях сапраўды з’яўляецца чымсьці чужым для … культуры, якая аддалілася ад веры і веры ўжо не ведае. Бо стаць на калені з вераю — гэта несумненна правільны і ўнутрана глыбокі жэст. Хто вучыцца верыць, той вучыцца і кленчыць. А вера або літургія, якія адкінулі б малітоўнае ўкленчванне, былі б унутрана скажоныя. Там, дзе занепадае такая пастава, неабходна нанава вучыцца кленчыць, каб мы, молячыся, заставаліся ў супольнасці Апосталаў, мучанікаў, у супольнасці ўсяго космасу, у адзінстве з Самім Хрыстом» (Kard. Joseph Ratzinger, «Duch liturgii», s. 172–173, пер. А. Р.).

Малітва праслаўлення Бога на каленях пасля прыняцця св. Камуніі — гэта натуральны жэст пакланення і ўдзячнасці Збаўцу. Вядома, гэтая ра­дасць з’яднання з Хрыстом можа выказвацца і ў супольным спеве, калі вернікі ся­дзяць на лаўках. Варта шанаваць кожную пазіцыю ўдзячнасці Богу. Да гэтага заахвочвае нас Касцёл. Аднак, калі ёсць выбар і магчымасць, лепей няхай схіліцца нашае калена перад Тым, Хто не перастае схіляцца да нас.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней