
11 лютага — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, а таксама Сусветны дзень хворых, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1993 г. па душпастырскай ініцыятыве Яна Паўла II і скіраваны на салідарнасць з тымі, хто чакае дапамогі і падтрымкі.
Гісторыя аб’яўленняў у Люрдзе пачалася 11 лютага 1858 года. У той дзень Маці Божая аб’явілася ў Масабэльскай пячоры беднай 13-гадовай дзяўчынцы Бэрнадэце Субіру. Гэта было першае з 17-ці аб’яўленняў, якія адбыліся з 11 лютага па 16 ліпеня.
Першае аб’яўленне Бэрнадэта апісала наступнымі словамі: «Калі я ўбачыла Яе, я працерла вочы, думаючы, што мне падалося. Адразу засунула руку ў кішэню і знайшла свой ружанец. Я хацела зрабіць знак крыжа, але не магла падняць руку. Толькі калі Панна зрабіла знак крыжа, тады і я дрыжачай рукою паспрабавала — і атрымалася. У той жа момант я пачала маліцца Ружанец. Панна таксама перабірала пацеркі, але не варушыла вуснамі. Калі я закончыла прамаўляць малітву, візія раптам знікла».

У той час, апроч Бэрнадэты, у пячоры знаходзілася таксама яе сястра Танэта і сяброўка Жанна Абадзі. Аднак дзяўчынкі не бачылі Марыю і вырашылі, што Бэрнадэта жартуе. Яе маці таксама паставілася скептычна да аповеду дачкі і забараніла ёй хадзіць у пячору Масабэль.
Чуткі пра аб’яўленне хутка разышліся па маленькай мясцовасці, і 14 лютага група вернікаў пасля святой Імшы адправілася з Бэрнадэтай да пячоры. Тады і адбылося другое аб’яўленне. Дзяўчынка ўвайшла ў стан містычнага натхнення і перастала рэагаваць на ўсё знешняе. Гэтак жа здаралася і падчас наступных візій. Падчас усіх аб’яўленняў, акрамя першага, хтосьці знаходзіўся побач з Бэрнадэтай. Напрыклад, 21 лютага, падчас 6-га аб’яўлення, каля пячоры сабралася больш за 100 чалавек, аднак Маці Божую бачыла толькі дзяўчынка. Візіянеркаю зацікавілася нават паліцыя, неаднойчы пужаючы Бэрнадэту турмою. У камісарыяце падчас допыту дзяўчынка так апісала Прыгожую Панну: «У Яе была белая сукенка, перавязаная блакітным пасам, белы вэлюм на галаве і залацістая ружа на кожнай ступні. На Яе запясці вісеў ружанец. Яна была вельмі прыгожая, найпрыгажэйшая з усіх жанчын, якіх я дагэтуль ведала. Яна была вельмі маладая. Не была старэйшаю за мяне».
Падчас аб’яўлення Маці Божая заклікала да пакаяння і малітвы ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Яна таксама папрасіла дзяўчынку пайсці на каленях углыб пячоры і пацалаваць зямлю як знак пакуты за грэшнікаў. Пасля той візіі, якая адбылася 24 лютага, можна казаць пра «пакутны этап» аб’яўленняў, бо заклікі да пакаяння кожны раз паўтараліся.
Падчас 9-га аб’яўлення, 25 лютага, Бэрнадэта пачула загад: «А цяпер ідзі да крыніцы, пі з яе і абмыйся ў ёй». Дзяўчынка памкнулася да бліжэйшай ракі, але Прыгожая Панна скіравала яе ў іншы бок: «Я ж казала табе піць ваду не з ракі, а з крыніцы. Яна знаходзіцца тут». Бэрнадэта на каленях перасунулася да месца недалёка ад пячоры, на якое ёй указала Маці Божая. Калі дзяўчынка пачала раскопваць зямлю, там з’явілася вада. Хутка з таго месца пачаў цячы імклівы струменьчык і ўтварылася крынічка. Вада з яе мела аздараўляльныя якасці. У гэтым усе пераканаліся на наступны дзень, калі адбыўся першы цуд аздараўлення — да каменячоса Луі Бурэ вярнуўся зрок у правым воку, якое не бачыла ўжо 20 гадоў пасля трагічнага здарэння на працы. З таго моманту ўсё больш людзей пачало прыходзіць да пячоры, перадусім для таго, каб абмыцца вадою з крынічкі. Пазней там пабудавалі спецыяльныя купелі, у якія і сёння пасля малітвы акунаюцца сотні тысяч хворых, а ў кнігах сведчанняў мы сустракаем усё новыя гісторыі аздараўленняў. З моманту аб’яўленняў зарэгістравана ўжо каля 7 тысяч аздараўленняў, але толькі 67 з іх афіцыйна прызнаныя цудамі.

У 13-м аб’яўленні Прыгожая Панна папрасіла Бэрнадэту перадаць святарам, каб тыя пачалі арганізоўваць працэсіі да пячоры і пабудавалі ў тым месцы капліцу. Духоўныя, якія спачатку скептычна ставіліся да аб’яўленняў, нават не жадалі з дзяўчынкаю размаўляць, тым больш што сам біскуп забараніў удзельнічаць у сустрэчах каля пячоры. Бэрнадэта не здавалася, і ёй удалося перадаць загад Маці Божай пробашчу — кс. Дамініку Пейрамалю. Аднак той паставіў умову: каб жаданне Прыгожай Панны было выканана, Яна павінна назваць сваё імя.
25 сакавіка, падчас наступнага аб’яўлення, Бэрнадэта спытала Прыгожую Панну пра Яе імя. Панна склала далоні, узняла вочы ў неба і адказала: «Я — Беззаганнае Зачацце». Гэтыя словы не маглі быць ні зразумелымі, ні вядомымі вясковай дзяўчынцы, бо Бэрнадэта ў свае 13 гадоў толькі рыхтавалася да першай Камуніі. Яна адразу ж перадала пачутыя словы кс. Дамініку Пейрамалю, і той зразумеў, што Прыгожая Панна, з якой размаўляла Бэрнадэта, — гэта Марыя. Гэты дзень — урачыстасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі — з’яўляецца кульмінацыйным днём аб’яўленняў. Трэба адзначыць, што ўсяго за 4 гады да гэтага, 8 снежня 1854 г., папа Пій ІХ абвясціў догмат аб Беззаганным Зачацці.
17-е аб’яўленне адбылося 7 красавіка. Бэрнадэта пайшла тады да пячоры са свечкаю, і падчас той чарговай візіі здарыўся так званы «цуд свечкі»: агонь дагараючай свечкі 10 хвілін кранаўся рук Бэрнадэты ў містычным натхненні, але на яе скуры не засталося ніякіх апёкаў. Доктар Доз, які быў ў той момант каля пячоры, пацвердзіў, што гэта была звышнатуральная з’ява. Але яго ацэнка ўбачанага не пераканала свецкія ўлады, якія вырашылі зачыніць пячору і паставіць там вартаўнікоў. Яны так і зрабілі, але вернікі працягвалі там збірацца. Толькі праз паўгода па загадзе Напалеона ІІ пячору зноў адчынілі.
16 ліпеня 1858 г. адбылося апошняе аб’яўленне. 28 ліпеня 1858 г. ардынарый Тарб, біскуп Ларэн, склікаў кананічную камісію для праверкі праўдзівасці аб’яўленняў, а 18 студзеня 1862 г. біскуп Ларэн выдаў дэкрэт аб звышнатуральным характары аб’яўленняў у Люрдзе: «Мы лічым праўдзівым той факт, што Марыя Беззаганная, Маці Божая, сапраўды аб’явілася Бэрнадэце Субіру 11 лютага 1858 г. і ў дні чарговых сямнаццаці візій у Масабэльскай пячоры, у ваколіцы Люрда, і што ўсе гэтыя аб’яўленні былі праўдзівымі. Такім чынам, людзі могуць у іх верыць».
У 1864 г. кс. Пейрамаль пачаў будаваць побач з пячораю святыню. Праз 11 гадоў яе ўрачыста асвяціў арцыбіскуп Парыжа Жозэф Іпаліт Гібэр. Цяпер гэта святыня носіць тытул санктуарыя Маці Божай Аздараўлення Хворых.
У 1891 г. папа Леў ХІІ устанавіў свята Аб’яўлення Маці Божай Люрдскай, якое св. Пій Х зацвердзіў ва ўсім Касцёле. Да большага шанавання ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі Люрдскай прычыніўся таксама святы Ян Павел ІІ, абвясціўшы гэты дзень Сусветным днём хворых.
Папа Пій XII у 1925 г. урачыста беатыфікаваў Бэрнадэту Субіру, а ў 1933 г. кананізаваў. Яе ўспамін адзначаецца 16 красавіка.
Пераклад з польскай мовы Дар’і Ахламёнак.
Паводле https://eszkola.pl/religia/objawienia-w-lourdes-5662.html?strona=6.



