
У гэты перыяд давайце засяродзім увагу на першай Асобе Святой Тройцы — на Асобе Бога Айца. Гэта таксама нагода, каб паразважаць над айцоўствам Бога ў адносінах да стварэння і над непаўторнымі хрысціянскімі адносінамі чалавека да Бога, якім вучыць нас Пан Езус у малітве «Ойча наш».
Дыялог з Айцом у Слове
У Езусе Хрысце здзейснілася вялікае, мажліва самае блізкае спатканне Айца з чалавекам. Раней Бог прамаўляў праз вусны прарокаў Старога Запавету, прамаўляў праз святароў, мудрацоў, суддзяў і каралёў, якія былі прыкладам для людзей. «У гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 2). Сын — гэта гімн Бога пра сябе і пра сваю любоў да чалавека. Ён — Слова Айца, прамоўленае прыгожа і проста; самае вялікае Слова, якое прыходзіць, каб быць пачугым і прынятым.
Чалавек можа даць годны адказ толькі ў Хрысце, паслугуючыся Яго пасрэдніцтвам. Хрыстус даў Айцу сябе ў імя чалавека, які калісьці адкінуў Яго любоў. Толькі Ён, Бог-Чалавек, мог стацца Словам Бога, скіраваным да чалавека. Велічыня знявагі залежыць ад таго, хто ёю закрануты, а велічыня перапрашэння — ад таго, хго перапрашае. Менавіта таму ад імя дзіцяці, якое абразіла настаўніка, перапрашаюць бацькі.
Толькі ў Хрысце, калі драма Эдэмскага саду знайшла сваю развязку, чалавек мог сказаць да Бога прачулае: «Ойча». Нельга звяртацца непасрэдна і выказваць цеплыню сэрца тады, калі суразмоўцаў шмат што падзяляе. Праз Хрыста чалавек стаў наноў блізкі Богу, стаў Яго дзіцем.
Невыпадкова Езус вучыць людзей малітве, якая распачынаецца словамі «Ойча наш». Ён змяшчае ў звароце сутнасць свае справы — прымірэнне сям’і і вяртанне чалавеку правоў Божага дзіцяці. Біскуп Атокар Прахашка піша: «Езус словамі „Ойча наш“ указаў шлях, па якім мы павінны ісці да Бога. Не дайся нічым збаламуціць сябе і збіць з тропу, адно любі і будзь дзіцем».
Прыняць любоў Айца
Малітва Езуса — гэта наша малітва. Ён дае нам словы, а мы вымаўляем іх нашымі вуснамі. Гэтае супрацоўніцтва сягае значна глыбей, бо вынікае з унутранай тоеснасці хрысціяніна і Яго Збаўцы. Святы Павел заклікаў, «каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў вашых сэрцах» (Эф 3, 17); папярэджваў: «Выпрабоўвайце саміх сябе, ці вы трываеце ў веры? Саміх сябе правярайце. Ці вы не ведаеце, што Езус Хрыстус у вас?» (2 Кар 13, 5). Святы Павел даваў сведчанне моцнай веры ў еднасць з Хрыстом: «І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20).
Кожны хрысціянін пакліканы быць другім Хрыстом. Яго малітва — гэта малітва Хрыста, а не толькі намаганне чалавечай волі і розуму. Па-за натуральнымі сферамі чалавечнасці ў малітве ёсць месца для прысутнасці Хрыста. Без Яго мы нічога не можам учыніць, а перадусім — не можам называць Бога Айцом. Таму трэба зрабіць у сваім сэрцы месца для Хрыста. Не можа яно быць аддадзена камусьці іншаму, прададзена наноў у няволю граху. Ці ж можна казаць да Бога «Ойча» і кідаць Яго дом, унікаць Яго позірку, уцякаць ад Яго навукі? Хіба ж дзіця, якое правінілася перад сваім Айцом, зможа з поўным даверам звярнуцца да Яго: «Ойча»?
Адзіная малітва, якой навучыў нас Езус Хрыстус, пачынаецца словам «Ойча», каб нагадаць нам, што на малітве размаўляем не з кімсьці чужым, але з клапатлівым Айцом. Разам з тым гэта і напамінак пра чалавечую годнасць, пра месца чалавека ў сэрцы Бога. Значыць, мы не адзінокія ў сусвеце, мы маем Айца, які дзеля нас і за нас выдаў свайго Сына. I толькі Сын мог аб’явіць гэтую праўду, падказваючы чалавеку найпрыгажэйшую малітву. Гэта адрознівае нашу хрысціянскую рэлігійную свядомасць. Бо ніякая рэлігія не змяшчае ў сабе так зразуметай ідэі айцоўства.
Нічога новага мы не прыдумаем на малітве. Усю праўду пра яе змяшчае «Ойча наш». Нам застаецца толькі паглыбляць яе змест, заўсёды наноў адкрываць яе праўду, дарастаць да поўнага прамаўленн слоў: «Ойча наш».
Святы Грыгоры з Наз’янзу што, чым бліжэй якаясьці рэч знаходзіцца да свайго пачатку, тым яна больш дасканалая. Вада самая чыустая каля крыніцы, з якой выплывае. Жар самы моцны каля агню. Прамень святла тым яснейшы, чым бліжэй да сонца. Вада, адплыўшы ад вытоку, мутнее; чым далей ад агню, тым слабейшае цяпло; святло, аддаляючыся ад свае крыніцы, слабее.
Ці ж не тое самае адбываецца з нашым «Ойча наш»? Ці памятаеш ты тую дзіцячую радасць ад гэтае малітвы, калі ў маленстве станавіўся перад Богам на калені з адкрытым сэрцам, з даверлівым позіркам і чыстымі думкамі? А як цяпер выглядае твая малітва?
Кс. Анджэй Зваліньскі.
Часопіс «Różaniec» № 1, 1999 г.
Пераклад Крыстыны Лялько.
Надрукавана ў «Ave Maria» № 1-2, 1999 г.