Пранікайма ў таямніцу слова Божага!

<...> Усе мы свядома альбо падсвядома шукаем Езуса. Дзе ж можам Яго знайсці, каб Ён нас збавіў, навучыў, ажывіў нашу надзею, дапамог пачуцца людзьмі, даў арыенціры, як мы павінны жыць, каб сказаў, што нас чакае ў жыцці і пасля смерці?

Мы ведаем, што Хрыста можна заўсёды знайсці ў Касцёле, бо Касцёл нязменна прапануе магчымасць сустрэцца з Ім. Мы заўсёды можам знайсці Езуса ў сакрамэнтах Касцёла, асабліва ў Эўхарыстыі. Гэта прысутнасць Хрыста дазваляе нам падтрымліваць з Ім кантакт праз малітву, праз ласку і праз незвычайны дар Эўхарыстычнага Пасілку. Прымаючы Езуса ў Эўхарыстыі, тым самым мы прымаем усё, што Ён нам прыносіць, а значыць і Яго навуку аб збаўленні і Яго ласку, якая ўмацоўвае нашу веру, надзею і любоў.

Касцёл нязменна прапануе нам таксама слова Божае, праз якое Бог да нас прамаўляе. Аднак мы пастаянна недаацэньваем гэты вялікі дар.

Шукаеш збаўлення, шукаеш дарогі жыцця, шукаеш адказу на розныя пытанні? Ідзеш з імі да людзей, таксама да людзей у Касцёле? Яны будуць табе падказваць, якая ёсць навука веры, навука Касцёла, будуць абапірацца на ўласны вопыт сустрэчаў з Богам, будуць дадаваць вопыт іншых. Часта табе гэта дапаможа. Аднак, калі ты ўвесь час шукаеш збаўлення, г.зн. свядома альбо падсвядома шукаеш Езуса, вазьмі ў рукі Евангелле. Чытай і разважай, як Езус жыў і чаму навучаў. Можа, скажаш, што ведаеш Яго, бо хадзіў на ўрокі рэлігіі, бо чуеш фрагменты Святога Пісання ў часе нядзельнай Імшы? Аднак запэўніваю цябе, што калі ты, ужо дарослым чалавекам, не прачытаў Евангелля некалькі разоў, то яшчэ не ведаеш Езуса. Нават, калі ты шукаеш Яго ў мудрых кнігах, якія спасылаюцца на Евангелле, можаш Яго там не знайсці, бо вобраз Яго заўсёды будзе частковы, будзе складацца з фрагментаў.

Гэта праўда, што можна паяднацца з Хрыстом праз малітву і святыя сакрамэнты. Абапіраючыся на такую практыку рэлігійнага жыцьця, можна нават дасягнуць вялікай святасці. Але калі ты ўсё яшчэ задаеш пытанні і, нягледзячы на сваё рэлігійнае жыццё, працягваеш шукаць адказы на свае пытанні, то чытай Святое Пісанне. Бо, як адзначае Другі Ватыканскі Сабор і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (раз. 51 і 81), «спадабалася Богу ў сваёй дабрыні і мудрасці аб’явіць сябе самога і адкрыць нам таямніцу свае волі, дзякуючы якой праз Хрыста, праз Уцелаўлёнае Слова, людзі маюць доступ да Айца ў Духу Святым і становяцца ўдзельнікамі Боскай прыроды. <...> Святое Пісанне — гэта Божая мова, замацаваная на пісьме пад натхненнем Духа Сьвятога».

Чытай найперш Евангелле і ўвесь Новы Запавет, а калі іх спазнаеш, чытай тады ўсё Святое Пісанне. Бо менавіта яно — крыніца нашай веры. Бог пастаянна прамаўляе да людзей усіх эпохаў, да нас — таксама. Не бойся таго, што Святое Пісанне — тоўстая кніга, часам поўная таямніцаў. Ты не павінен «адным махам» прачытаць яго цалкам. Чытай яго паволі. Аднак асобныя Евангеллі ты павінен калісьці прачытаць усе падрад ад пачатку да канца, так, як чытаюцца іншыя кнігі. Бо яны з’яўляюцца біяграфіямі Езуса, і калі мы прагнем спазнаць Яго жыццё і Яго навуку, трэба іх чытаць так, каб схапіць паслядоўнасць падзеяў і паслядоўнасць павучанняў. Толькі пасля гэтага можаш чытаць Евангеллі фрагментамі, прыгадваць і асэнсоўваць падзеі з жыцця Езуса і словы Яго навукі. Не спыняйся на адным толькі Евангеллі. Дух Святы перадаў нам чатыры падобныя жыццярысы Езуса, якія напісаны для розных людскіх асяроддзяў, для людзей з розным выхаваннем і рознаю культураю.

Чытаючы Дзеі Апосталаў і Лісты, памятай пра тое, што паказваюць яны дарогу жыцця першых хрысціянаў, якія паверылі ў Хрыста, у Яго змёртвыхпаўстанне, у Яго Боства. Яны з вераю прымалі збаўленне, якое Езус прынёс людзям, і стараліся да гэтай веры дастасаваць сваё мысленне і паводзіны, мянялі сістэмы каштоўнасцяў, мелі адвагу адкінуць усё ранейшае сваё жыцьцё, усю фармацыю, спосаб мыслення, уласцівы навакольнаму свету. Спрабавалі пагадзіць з прынятаю вераю свае грамадскія і асабістыя абавязкі. Мы ж таксама пастаянна патрабуем таго самага. А таму пазнайма, як пашыралася вера ў Езуса, якія цяжкасці перажывалі першыя хрысціяне. Чытаючы ўважліва, мы адкрыем, што нашыя праблемы падобныя, і што часам у жыцці трэба ўсё змяніць.

Калі зразумееш, што ўцелаўленне, жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса — найважнейшыя падзеі ў гісторыі чалавецтва, толькі тады пачынай чытаць Стары Запавет, які распавядае пра тое, як Бог падрыхтаваў да гэтых падзеяў адзін абраны народ, як таму народу аб’явіў сваё існаванне і сваю волю, як Ён гэты народ «выхоўваў», каб стаў ён святым. Усё гэта Бог рабіў дзеля таго, каб хоць нейкая частка гэтага народу магла зразумець дарогу збаўлення, адкрытую Езусам Хрыстом, Богам-Чалавекам, і каб магла паверыць у Яго.

Гэтаю дарогаю Бог хацеў аблегчыць усім сустрэчу з Сынам Божым і прыняцце дарогі збаўлення, якую Ён адкрыў. <...>

Усе мы шукаем Езуса, свядома альбо падсвядома. Спрабуйма сустрэць Яго ў Святым Пісанні, прыгледзецца, які Ён быў, спрабуйма ўчытацца ў Яго словы. Паверма, што, чытаючы Біблію, мы не толькі пазнаем цудоўную і мудрую кнігу, але пазнаем слова, якім Бог пастаянна корміць свой люд. <...> Калі мы сапраўды прагнем адшукаць Хрыста, калі верым, што Ён для нас — «дарога, праўда і жыццё» «ўчора, сёння і на векі», то стараймася Яго спазнаць у слове, якое Бог нам перадаў у натхненні Духа Святога.


Айцец Паўлін Сатоўскі.
«Rycerz Niepokalanej» № 11, 1997 г.
Пераклад Крыстыны Лялько.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней