7 ліпеня 2012 года падчас урачыстасцяў у Будславе амбасадар Чэшскай Рэспублікі Іржы Карас перадаў у дар Каталіцкаму Касцёлу Беларусі копію самай вядомай чэшскай святыні — фігуркі Пражскага Міласэрнага Дзіцяткі Езуса — Валадара свету. У лісце да мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Іржы Карас напісаў: «Амаль ва ўсім свеце (у Еўропе, Індыі, на Філіпінах, у Аўстраліі, краінах Лацінскай Амерыкі) ёсць копіі цудатворнай фігуркі Пражскага Езулатка. Усё больш і больш пілігрымаў звяртаецца па дапамогу да Дзіцяткі Езуса, усё часцей можна пачуць пра цудоўнае выкананне іх просьбаў. Няхай жа заступніцтва Пражскага Міласэрнага Дзіцяткі Езуса ахіне і беларускі народ!».
Пражскае Езулатка (Pražské Jezulátko) — цудатворная фігурка Дзіцяткі Езуса, якая знаходзіцца ў прэзбітэрыі касцёла Дзевы Марыі Пераможнай (Panna Maria Vнtмznб) на Малай Стране ў Празе. Тут заўжды шмат пілігрымаў з розных краінаў свету — яны моляцца, просячы Бога аб здароўі, супакоі, нараджэнні дзяцей і дзякуюць Яму за выкананне просьбаў.
Мяркуецца, што фігурка была зробленая ў Іспаніі ў XVI стагоддзі, а магчыма і раней. Паданне распавядае, што ў адным з кармэліцкіх кляштараў, разбураным падчас Рэканкісты, выратаваліся толькі чатыры законнікі, якія сваімі сіламі сталі аднаўляць святыню. Аднаму з іх, Юзафу, падчас малітвы, пасля словаў «благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус» аб’явіўся Дзіцятка Езус у незямным ззянні і прамовіў: «Гэта Я!» Юзафа ахапіла імкненне зрабіць фігурку, якая б увасобіла ўбачаны ім вобраз, але нічога не атрымлівалася — эскізы псаваліся, гліна рассыпалася, дрэва крышылася. Толькі калі законнік стаў зусім стары, Дзіцятка Езус ізноў аб’явіўся яму са словамі: «Я прыйшоў паказацца табе, каб ты завяршыў сваю працу». Юзаф ізноў узяўся за справу. Праз некаторы час браты знайшлі яго ў кляштарным садзе мёртвым, але на вуснах старога манаха была шчаслівая ўсмешка — у руках ён трымаў васковую фігурку Дзіцяткі Езуса.
Кажуць яшчэ, што калісьці фігурка належала святой Тэрэзе, заснавальніцы кангрэгацыі кармэлітак ад Крыжа. Дакладна ж вядома, што ў 1556 годзе фігурка Езулатка была вясельным падарункам іспанскай герцагіні Марыі Максімільяны Манрыгес дэ Лара, якая, стаўшы жонкаю прадстаўніка славутага чэшскага роду Перштэйнаў — Уратыслава, скіравалася ў Прагу. Такія шлюбы былі нярэдкімі і мелі на мэце ўмацаванне дыпламатычных адносінаў паміж краінамі, у якіх валадарыў адзін каралеўскі род Габсбургаў. Дачка іспанкі Паліксена з Лабковіцаў у 1628 годзе падаравала каштоўную фігурку кляштару босых кармэлітаў пры касцёле Дзевы Марыі Пераможнай, а кармэліты змясцілі яе ў капліцы для навіцыяў, каб маладыя законнікі вучыліся цнотам, беручы прыклад з Дзіцяткі Езуса. У тыя часы Еўропа была ахопленая Трыццацігадоваю вайною, якая не пашкадавала і фігурку, калі Прага была заваяваная саксонцамі. У 1631 годзе пратэстанты разграбілі касцёл, а фігурку выкінулі. Згубленага Езулатка знайшоў манах айцец Кірыл, калі праз 7 гадоў кармэліты вярнуліся ў Прагу. У фігуркі былі зламаныя рукі. Законніку здалося, нібы маленькі Езус сказаў яму: «Змілуйцеся нада Мною, а Я змілуюся над вамі. Вярніце Мне рукі, а Я дам вам Мой супакой. Як будзеце ўшаноўваць Мяне, так і Я аддзячу вам!». Айцец Кірыл паклапаціўся, каб для Езулатка былі зроблены новыя рукі. Пасля гэтага Дзіцятка Езус стаў благаслаўляць кляштар, увесь горад і яго жыхароў. Пачалі адбывацца шматлікія цуды, у тым ліку і выратаванне Прагі падчас шведскай аблогі 1639 года. У 1651 годзе фігурка была каранаваная біскупам Прагі, і цяпер у гонар гэтай падзеі вернікі святкуюць урачыстасць у першую нядзелю траўня. У гэты дзень фігурку ў працэсіі праносяць праз Маластранскую плошчу да касцёла святога Тамаша — гэтая традыцыя нязменная з XVII стагоддзя.
Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI, наведваючы Прагу ў 2009 годзе, каранаваў фігурку залатою каронаю — знакам найвышэйшага літургічнага ўшанавання. Молячыся перад цудоўнаю фігуркаю, Папа даверыў апецы Пражскага Дзіцяткі Езуса ўсе сем’і свету, асабліва маладых бацькоў і сем’і, якія перажываюць цяжкасці, хваробы, розныя крызісныя сітуацыі.
Даўняя традыцыя, звязаная з Пражскім Езулаткам, — гэта пераапрананне фігуркі ў спецыяльна пашытае адзенне, якое адпавядае перыядам літургічнага года. У «гардэробе» Езулатка каля 100 касцюмаў з дарагой тканіны, упрыгожаных каштоўнымі камянямі (ёсць адзенне, падараванае імператрыцаю Марыяй Тэрэзіяй, імператарам Фердынандам ІІІ). Дарагое адзенне можна ўбачыць у музеі пры кляштары. Гэты старажытны звычай — імкненне наблізіць Хрыста да кожнага верніка, праява пяшчотнай любові і пакланення, якая дапамагае адчуць асаблівую блізкасць з нашым Панам. Жыхары Прагі ўшаноўваюць фігурку Дзіцяткі Езуса як сімвал чысціні — амаль у кожнай сям’і ёсць выява фігуркі. У згаданым музеі акрамя дарагіх убораў можна ўбачыць і старажытныя каштоўныя прадметы літургічнага начыння, і падарункі, якія вернікі — і малыя, і дарослыя — ахвяруюць цудатворнаму Дзіцятку: гэта малюнкі, вышыўкі, упрыгожванні, вершы.
Малітва да Дзіцяткі Езуса айца Кірыла ад Багародзіцы (1590–1675)
Дзіцятка Езу, да Цябе звяртаюся і праз Тваю Беззаганную Маці Цябе малю: прымі мяне і выслухай у патрэбе (можна сказаць інтэнцыю). Цвёрда веру, што Тваёй Боскай моцы і Тваёй бязмернай любові я магу даверыць усе свае клопаты. Хачу любіць Цябе ўсім сваім сэрцам і ўсімі сваімі сіламі. Шкадую за ўсе свае правіны і на каленях прашу Цябе: ачысці мяне ад маіх грахоў. Адкрый маё сэрца, каб я ніколі не абразіў Цябе і здолеў цалкам аддацца ў Твае рукі. Няхай дзеля Твайго імя я буду цярпець і ва ўсім верна Табе служыць. Малю Цябе: адары мяне моцаю Духа Святога і духам прабачэння, каб я любіў бліжніх сваіх як самога сябе. Дзіцятка Езу, для Цябе ўсё магчыма, пакланяюся Табе і прашу дапамогі ў сваёй бядзе (можна сказаць інтэнцыю). Дазволь нам як Тваім слугам і дзецям Божым з’яднацца з Табою, Тваёй Найсвяцейшай Маці Марыяй і святым Юзафам і дасягнуць вечнай радасці. Амэн.
Касцёл Дзевы Марыі Пераможнай.