У лістападзе, калі дзень становіцца карацейшым, прырода замірае, нагадваючы чалавеку пра хуткаплыннасць часу і непазбежны фінал прамінальнасці нашага жыцця. Гэтай тэме прысвечаны матэрыялы лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria».
Распачынаецца нумар яшчэ адной важнаю тэмаю і артыкулам «Касцёл — сям’я сем’яў», праблемаю, якая разглядалася на Міжнароднай сустрэчы старшыняў біскупскіх канферэнцый і прадстаўнікоў усходніх Касцёлаў разам з прадстаўнікамі сем’яў з розных краінаў і кантынентаў з нагоды 10-годдзя апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. У гэтай сустрэчы прымаў удзел і быў выступоўцам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Наступны матэрыял — «Праўда ў эпоху штучнага інтэлекту: хто адказвае за інфармацыю?» — з’яўляецца адгалоскам праблематыкі, узнятай Святым Айцом Львом ХIV у энцыкліцы «Magnifica humanitas» адносна штучнага інтэлекту, які не павінен змяняць працы журналістаў і здымаць з іх адказнасць за праўдзівасць інфармацыі. Да 110-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў прапануецца «Разважанне над балеснаю таямніцаю Ружанца „Укрыжаванне і смерць Езуса“» як 15-хвілінная медытацыя для Набажэнства першых суботаў месяца.
Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Хрысціянская пастава адносна працы» разважае над адною з дзвюх фундаментальных праўдаў, згаданых святым Пятром у Другім пасланні, — прамінальнасці гэтага свету, таму ён заклікае цаніць каштоўнасць часу. Жыццё чалавека кароткае, і трэба гэты час выкарыстаць на дабро. Ксёндз Андрэй Рылка яшчэ раз нагадвае вернікам, што «жыццё змяняецца, але не заканчваецца, што смерць — гэта не канец існавання асобы». У яго артыкуле «Як па-каталіцку перажыць пахаванне блізкай асобы?» ён дае нам падказкі годнага развітання са сваімі блізкімі. Слынная паэтка Данута Бічэль прапануе чытачам шчымлівы верш «Супакоеныя душы», прысвечаны яе родным, якія адышлі ў вечнасць.
Ксёндз Сяргей Сурыновіч у артыкуле «Позірк цаною ў жыццё» працягвае цыкл разважанняў пра вобразы «Жанчыны ў Бібліі». Гераіня гэтага артыкула — Юдыт, лёс якой — гэта не проста старажытная гісторыя пра знішчэнне Садомы, а вечнае люстэрка, дзе кожны з нас можа ўбачыць уласныя, часам схаваныя духоўныя хваробы. У перакладзе з польскай мовы Іна Бігель прапануе чытачам артыкул брата Гжэгажа Філіпюка OFMCap «Марыя — Заступніца, Правадніца і Узор», у якім распавядаецца пра чысцец і час прабывання ў ім, пра дапамогу душам, а таксама пра дапамогу Маці Божай, якая клапоціцца пра ўсіх сваіх дзяцей. У перакладзе з польскай мовы паэткі Ірыны Багдановіч змешчаны верш беларускай пісьменніцы XIX ст. Габрыэлі Пузыні «Званы для глухіх», сугучны тэме гэтага нумара. Артыкул «Малітвы расстання» ўзяты з кнігі «Стань каля мяне, Пане…» сястры А. Чайкоўскай WDC і сястры І. Златкоўскай WDC з раздзела «Хрысціянскае перажыванне жалобы». У матэрыялах «Нястомны ў Божым служэнні», «Час прыгожага духоўнага ўраджаю» друкуюцца словы падзякі і віншавання святарам ад удзячных парафіянаў. Віктар Ведзень у артыкуле «…Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» працягвае распавядаць пра перэгрынацыю слынных абразоў Маці Божай па парафіях Беларусі.
На апошніх старонках вокладкі змешчана «Набажэнства за памерлых «Lux Christi» — «Святло Хрыста», якім можна індывідуальна або супольна маліцца за памерлых на працягу года (таксама ў лістападзе ці падчас чування пры памерлым). Прыемнага чытання і малітоўнага настрою!
Іна Бігель

