Выйшаў чарговы 2-і нумар часопіса «Наша вера»
19.09.2026|Падзеі

Выйшаў чарговы 2-і нумар часопіса «Наша вера», які пачынаецца артыкулам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Штучны інтэлект — спакуса будаваць свет без Бога ці новая магчымасць развіцця чалавецтва?», у якім аўтар разважае пра энцыкліку Папы Льва ХІV «Magnifica Humanitas».

Кандыдат гістарычных навук Алена Шымак у арт. «Гістарычны шлях станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі» звяртае ўвагу чытачоў на тое, як Бог у сваёй прадбачлівасці і міласэрнасці на працягу стагоддзяў збіраў супольнасць беларускага Касцёла.

Літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын у арт. «„Выбранае“ архімандрыта Льва Гарошкі» апавядае пра спадчыну вядомага беларускага святара і даследчыка гісторыі хрысціянства на нашых землях.

Друкуецца працяг «Споведзі» св. Аўгустына ў перастварэнні на беларускую мову вядомага лацініста Алеся Жлуткі.

Друкуецца заканчэнне твора італьянскага паэта Дзіно Кампана «Верна (Дзённік)» у перакладзе Аксаны Данільчык.

Кандыдат філалагічных навук Ларыса Пуцылева ў арт. «Выхадцы з ВКЛ у Італіі ў эпоху Адраджэння» даследуе факт прысутнасці і навучання ў Балонскім універсітэце нашых суайчыннікаў.

Кандыдат гістарычных навук Анатоль Сцебурака ў артыкуле «Крыжы Валадковічаў у Радашкавічах» працягвае шукаць сляды старасвецкага роду Валадковічаў.

Літаратар Леанід Лаўрэш прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Каміла Юрэвіч з Нарбутаў і раўнапраўе жанчын». Тут жа змешчаны яго пераклад твора Камілы Юрэвіч «Ліст да Аляксандры М...».

Валянцін Глекаў у артыкуле «Святы Францішак на будслаўскіх абразах» звяртаецца да вобраза слыннага каталіцкага святога ў сакральным мастацтве.

Артыкул Лідзіі Камінскай «Хацела б быць зярном пшаніцы...» прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч.

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч.

Юбілею літаратуразнаўцы, паэткі і перакладчыцы Ірыны Багдановіч прысвечаны арт. Ганны Шаўчэнкі «Бясконцасць высока абранага шляху».

Леанід Дранько-Майсюк у эсэ «Ад паэта — да песняра» разважае аб прыцягальнасці асобы аднаго са старэйшых майстроў паэтычнага слова Васіля Зуёнка.

Юбілею паэткі Марыі Баравік прысвечаны арт. літаратуразнаўцы Ірыны Саматой. Тут жа змешчаны вершы юбіляркі.

Алесь Місуна ў эсэ «След» разважае пра жыццёвыя страты, асабістыя і грамадскія, якія панесла Беларусь пасля чарнобыльскай трагедыі.

Доктар філасофскіх навук, лінгвіст Алена Сямёнава-Герцаг прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад твора нямецкага пісьменніка Георга Освальда Котта «На Госларскім рэйхстагу 1154 года Генрых Леў робіцца герцагам Баварыі».

Музеязнаўца Павел Каралёў піша пра свае цікавыя знаходкі, якія сталі здабыткам яго ўласнага архіва.

Стах Лысы і Ян Лысы ў артыкуле «„Дэкалог“ Кшыштафа Кеслёўскага» заканчваюць свае разважанні пра адметнае прачытанне Божых запаведзяў сусветна вядомым творцам кіно.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней