Шаноўныя чытачы, прапануем вам доўгачаканы новы нумар часопіса «Ave Maria». Напачатку хочацца падзякаваць усім людзям добрай волі за ахвяраванні на друк гэтага нумара. Просьба аб ахвяраваннях застаецца надалей актуальнаю, іх можна дасылаць на рахунак часопіса, які змешчаны на другой старонцы вокладкі.
Гэты нумар распачынаецца інфармацыяй кс. Аляксандра Амяльчэні пра публікацыю першай энцыклікі Папы Льва ХIV Magnifica humanitas аб праблемах і выкліках штучнага інтэлекту. У гэтай энцыкліцы Папа напісаў словы, над якімі варта задумацца: «Штучны інтэлект неабходна раззброіць», падкрэсліўшы, што кожная вялікая тэхналогія павінна суправаджацца маральнай адказнасцю і грамадскім кантролем. Следам за гэтым тэкстам змешчана інфармацыя пра візіт арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў Ватыкан. Пад назваю «Аптымізм, які дае надзею» прапануецца цікавае інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько з біскупам Юрыем Касабуцкім, які шчыра дзеліцца сваім досведам жыцця, святарства і біскупства.
Чытачоў чакаюць іншыя цікавыя артыкулы. Пад рубрыкаю «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай ў артыкуле «Абыякавасць і крыніца любові» разважае над актуальнаю і цяпер праблемаю любові і абыякавасці. У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка распавядае, як распазнаць Божую волю ў сваім жыцці. У артыкуле «Маці Божая з Вайланкані дае надзею і спакой» кс. Мікалай Ліпскі піша пра парафію ў Чашніках і гісторыю з’яўлення фігуры Маці Божай Добрага здароўя з Вайланкані. Нягледзячы на тое, што Яе арыгінал знаходзіцца ў далёкай Індыі, Марыя прамаўляе да кожнага: «Прымі жыццё такім, якім яно ёсць: не толькі са шчаслівымі днямі, але таксама і з трагедыямі. Вытрывай! Не ўцякай! Я выпрашу ў Бога для цябе аздараўленне душы і цела...».
У матэрыяле «Касцёл не можа існаваць без біскупаў», які пераклала Ганна Шаўчэнка, ідзе гаворка пра біскупаў, наступнікаў Апосталаў, і іх служэнне. Пра асаблівую радасць у парафіі ў Мар’інай Горцы распавядае аўтар рэпартажу і фотаздымкаў Ян Лысы.
Гэты год выдаўся багатым на юбілеі, пра якія мы з радасцю апавядаем і сардэчна віншуем усіх юбіляраў: 45 гадоў святарства адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч; 50 гадоў святарства і 35 гадоў біскупскай сакры — біскуп Аляксандр Кашкевіч; 85 гадоў жыцця — старэйшая катэхетка Ганна Раманаўна Гей; 95-годдзе з дня нараджэння — айцец марыянін Юзаф Пятушка, верны слуга і сведка Хрыста; 50 гадоў жыцця — пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным Павел Шылак; 25 гадоў святарскага пасвячэння — Віктар Шчучко; 75 гадоў — паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца, наша аўтарка, Ірына Багдановіч; 50 гадоў — наш калега, супрацоўнік рэдакцыйна-выдавецкага калектыву Віталій Царык. 25-гадовы юбілей адсвяткаваў таксама ў гэтым годзе рух «Маці ў малітве», які арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў «жаночым духоўным войскам Езуса Хрыста».
У рубрыцы «Сведчанні» змешчаны артыкул Віктара Яблонскага «Плён пілігрымкі» пра пераломны момант у яго жыцці пасля пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай. У рубцы «З паэтычнай пошты» друкуюцца вершы Ірыны Багдановіч і Паўла Каралёва.
На апошніх старонках вокладкі прапануюцца вельмі патрэбныя малітвы на сённяшні дзень: навэнна і літанія да Маці Божай Добрага здароўя.
Іна Бігель
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

