Прахалодна-звонкае святло кастрычніка з кожным днём усё больш настойліва нагадвае пра своеасаблівае адміранне знешняга цяпла і хараства, заахвочваючы да пэўнай унутранай засяроджанасці ў спакойнай сховані свайго жытла, сваёй душы, свайго сэрца… Каму, як не нам, каталіцкім вернікам, спадзявацца на тое, што гэтае зацішша абавязкова прынясе шчодры плён? Каталіцкі Касцёл у Беларусі заахвочвае нас з кастрычніка да чэрвеня прымаць удзел у Агульнабеларускай навэнне, якая стане своеасабліваю падрыхтоўкаю да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. З гэтай нагоды значную частку кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria» займаюць матэрыялы, прысвечаныя Навэнне: парадак набажэнства, план наведвання Нацыянальнага санктуарыя Марыі ў Будславе, Фацімскі Ружанец у кожную першую суботу месяца і разважанні да ўсіх чатырох частак Ружанца, а таксама малітвы да Крыві Хрыстовай.
Чаму мы ўшаноўваем Мукі Хрыста? Чаму Яго Кроў Найдаражэйшая? Як у гэтых пакутах праяўляецца моц, што вядзе да збаўлення? Шмат пра гэта гаворыць Папа Леў XIV у адной са сваіх катэхезаў з цыклу «Езус Хрыстус — наша надзея», што публікуецца на першых старонках кастрычніцкага нумара («Пасха Езуса»).
Тэматыка ўшанавання Крыві Хрыста і Яго Ранаў знаходзіць свой працяг у артыкуле ксяндза Андрэя Рылкі «Чаму Раны Хрыста аздараўляюць?», дзе святар даступна тлумачыць нам, як у сваім духоўным жыцці на практыцы трэба прыходзіць да аздараўлення праз Хрыстовыя Раны, бо пераважна мы ўспрымаем гэтыя словы толькі як абстрактную ісціну.
Найсвяцейшая Панна Марыя ў сваіх аб’яўленнях заахвочвала нас, Яе адданых дзяцей, штодня маліцца Ружанец, але месяц кастрычнік асаблівым чынам прысвечаны Ружанцоваму набажэнству ў каталіцкіх святынях. У гэтым нумары часопіса чытачам прапануюцца натхняльныя сведчанні святой Фаўстыны Кавальскай пра малітву на ружанцы, выбраныя з яе «Дзённіка» і апублікаваныя пад назваю «Марыя… Ты — узор і зорка майго жыцця» (падрыхтоўка і пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько).
Руплівым апосталам Ружанца, які прайшоў складаны шлях ад захаплення акультызмам да навяртання і адданага служэння Богу, быў Барталамей Лонга. 19 кастрычніка адбудзецца яго кананізацыя — з гэтай нагоды Юлія Шэдзько падрыхтавала артыкул «Барталамей Лонга — Сын Мадонны і Рыцар адраджэння».
Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», «Сведчанне», а на апошніх старонках вокладкі прапанаваныя малітвы ў інтэнцыі святароў паводле святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, 100-годдзе кананізацыі якой адзначаецца сёлета ў Каталіцкім Касцёле.
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

