Стаць пілігрымамі надзеі. Па старонках жнівеньска-вераснёўскага нумара «Ave Maria»

На старонках новага нумара часопіса «Ave Maria» сцісла і змястоўна распавядаецца пра найважнейшыя падзеі, якія ў апошнія месяцы адбыліся ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі і ў свеце.

Найперш яны звязаныя са святкаваннем Юбілейнага году пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». Юбілейнай сустрэчы моладзі ў Рыме, якая адбылася 3 жніўня 2025 г., прысвечаны публікацыі «Падзяка біскупа Гродзенскага…», у якой біскуп Уладзімір Гуляй дзякуе ўсім, хто дапамог моладзі нашай краіны адгукнуцца на Божы заклік — стаць пілігрымамі надзеі, а таксама матэрыял Паліны Грыб «Прыгажосць і разнастайнасць Каталіцкага Касцёла», у якім маладыя людзі дзеляцца сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Рым і сустрэчы са Святым Айцом. З нагоды Юбілейнага году ў часопісе публікуецца цыкл катэхезаў Папы Льва XIV «Езус Хрыстус — наша надзея». У гэтым нумары чытачам прапануецца глыбокае разважанне Святога Айца пра аздараўленне глуханямога.

У артыкуле «Новы Апостальскі нунцый у Беларусі» распавядаецца пра асобу монсіньёра Іньяцыё Чэффаліа і пачатак яго дзейнасці ў нашым партыкулярным Касцёле.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка цікава разважае пра тое, што азначае евангельскае благаслаўленне «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае». Святар разглядае паняцце «ўбогасці» ў біблійным збаўчым кантэксце, расказваючы, што нельга яго зводзіць толькі да знешняй матэрыяльнай нястачы чалавека.

Айцец Юрый Кулай у «Школе малітвы» на аснове евангельскай сцэны Перамянення Пана распавядае пра фундаментальныя праўды, што адносяцца да вечнага жыцця: ці будзе гэтае жыццё мець нешта агульнае з цяперашнім нашым зямным жыццём? З кім мы сустрэнемся ў вечнасці? Што з’яўляецца ўмоваю ўдзелу ў супольнасці збаўленых? Пра ўсё гэта святар вобразна разважае ў артыкуле «Дасягнуць Неба».

Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы сястры Паўлы Бобер MSF («Старонка псіхолага» — «У пошуках Бога»), Іны Бігель («У Бога лічыцца толькі дабро…»), Тэрэсы Клімовіч («Святы Ян Павел ІІ і прысутнасць Марыі»), Віктара Ведзеня («Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?»), а таксама глыбокія сведчанні нашых чытачоў і іх паэтычныя творы. На апошніх старонках вокладкі прапанаваныя «Вяночак да Найсвяцейшых Ранаў Пана Езуса» і «Літанія да Святога Крыжа».

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней