«Апякунка Беларусі»: у выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга пра абраз Маці Божай Будслаўскай

Асаблівасцю сёлетняга фэсту ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай стане святкаванне 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза папскімі каронамі. Перад гэтым абразом вернікі ўжо больш за 400 гадоў выпрошваюць у Панны Марыі шматлікія ласкі і цуды, да яго прыходзяць зблізку і здалёку, каб памаліцца і ўшанаваць верную Апякунку Беларусі. Аднак няшмат хто ведае гісторыю гэтай нацыянальнай святыні. Доўгія стагоддзі наклалі свой адбітак амаль на кожнай дэталі маляванага абраза, яго багата аздобленай шаце і раме. І мала хто ўяўляе сапраўдны маштаб культу Маці Божай Будслаўскай, які ў апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваўся. З гэтай нагоды выдавецтва «Про Хрысто» падрыхтавала змястоўную кнігу «Апякунка Беларусі», прысвечаную цудадзейнаму абразу Маці Божай Будслаўскай. Пад адной вокладкай тут сабраныя тры важкія працы, кожная з якіх па-свойму раскрывае духоўнае багацце і ролю ў каталіцкім жыцці нашага Краю гэтага незвычайнага абраза.

Першы раздзел — «Абраз Маці Божай Будслаўскай» — гэта праца мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча, дзе сцісла распавядаецца пра гісторыю Будслава і ўзнікненне цудадзейнага абраза, пра цуды, звязаныя з ўшанаваннем Маці Божай Будслаўскай і занатаваныя ў кнізе аднаго з гвардыянаў даўняга будслаўскага кляштара. У раздзеле таксама падаецца цікавая інфармацыя пра старажытныя спісы і копіі цудадзейнага абраза Маці Божай.

У другім раздзеле — «Аздабленне абраза Маці Божай Будслаўскай у 1632–1783 гг.» — рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі прапануе сваё даследаванне гісторыі цудадзейнага абраза, яго срэбранай шаты, каронаў Маці Божай і Дзіцяткі Езуса, а таксама багата аздобленай рамы. Аўтар меў магчымасць назіраць за рэстаўрацыяй абраза, якая была праведзена ў 2021–2022 гг. і дала магчымасць блізка судакрануцца з кожнаю дэталькаю на ім, што мае сваё загадкавае і цікавае паходжанне.

Трэці раздзел — «Вобраз Маці Божай Будслаўскай у сучасным мастацтве» — належыць аўтарству Алега Глекава, мастацкага і тэхнічнага рэдактара выдавецтва «Про Хрысто». Ён сабраў грунтоўную інфармацыю пра ўзнікненне, паходжанне і распаўсюджванне спісаў і копій цудадзейнага абраза з часоў адраджэння рэлігійнага жыцця і культу Маці Божай Будслаўскай на нашых землях. Акрамя таго, аўтар распавядае пра ўвасабленне вобраза Марыі з цудадзейнага абраза ў мастацкіх працах і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Хочацца спадзявацца, што кніга «Апякунка Беларусі» паспрыяе яшчэ большаму пашырэнню культу Маці Божай Будслаўскай, а таксама заахвоціць чытачоў заставацца вернымі ў сваёй малітве да Панны Марыі, не пакідаць надзеі і памятаць, што Багародзіца сама заўсёды прагне адорваць нас шматлікімі ласкамі, нават такімі, аб якіх мы не просім.

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней