Новы падручнік па катэхезе для другога года падрыхтоўкі да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі пабачыў свет
16.12.2021|Кнігі

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшаў новы дапаможнік па катэхезе для другога года падрыхтоўкі да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі «Прыйдзіце да Мяне ўсе», складзены сястрой Нунэ Цітаян MSF. Яркі, каляровы, выдадзены на якаснай паперы, гэты дапаможнік стане вялікай радасцю для дзяцей і дапамогай у пазнанні Божай праўды.


Новы дапаможнік па катэхезе створаны з улікам катэхетычнай праграмы, ён багата ілюстраваны фотаздымкамі, творамі сусветнага мастацтва, малюнкамі. У кнізе даступна пададзены галоўныя праўды каталіцкай веры, катэхетычныя матэрыялы падрыхтаваны паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла з адпаведнымі цытатамі са Святога Пісання. Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню дзесяці Божых запаведзяў, сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, святам і ўрачыстасцям літургічнага году. Важную функцыю для выніковага засваення матэрыялу выконваюць раздзелы дапаможніка «Дадатак» і «Асноўныя малітвы». Пасля вывучэння кожнай з тэмаў у дапаможніку падаюцца практычныя заданні, а таксама абавязковыя хатнія заданні, якія раскрываюць творчы патэнцыял вучняў: гэта пазлы, крыжаванкі, заданні-лабірынты, размалёўкі, практыкаванні з наклейкамі, рэбусы, сюжэтныя малюнкі і г. д.

Катэхетычная секцыя Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры ККББ удзячная за распрацоўку дапаможніка сястры Нунэ Цітаян MSF і за яго падрыхтоўку пад рэдакцыяй Вольгі Адамовіч выдавецтвам «Про Хрысто». Няхай жа новая кніга з серыі катэхетычных матэрыялаў для дзяцей будзе спрыяць іх духоўнаму ўзрастанню, а таксама фарміраваць асабістыя адносіны дзяцей з Богам, адлюстроўваць толькі праўдзівы Яго вобраз — любячага і міласэрнага Айца.


Звяртайцеся ў кіёск архікатэдральнага касцёла ў Мінску (пл. Свабоды, 9) або пытайцеся па тэл. (029) 660 33 90 (Віталь).

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней