Новы летні нумар часопіса «Ave Maria» атрымаўся па-святочнаму ўрачысты, светлы і ў многім проста натхняльны. З першых яго старонак нам усміхаецца новаабраны Папа Рымскі — Леў XIV (Робэрт Фрэнсіс Прэвост), які 8 мая стаў Пантыфікам і прыняў на сябе кіраванне Каталіцкім Касцёлам.
У часопісе сцісла распавядаецца пра яго жыццёвы шлях («Annuntio vobis gaudium magnum: Habemus Papam!», Vatican News), пра першы зварот да Касцёла і ўсяго свету і пра сімволіку папскага герба («Супакой вам!», «Герб Папы Льва XIV», Аляксандр Панчанка, Vatican News), а таксама пра першую агульную аўдыенцыю Папы Льва XIV, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі («Папа Леў XIV сустрэўся з беларускімі іерархамі», Vatican News / Catholic.by). Цыкл гэтых матэрыялаў прыгожа ўвенчвае ўзнёслы верш Ірыны Багдановіч «Habemus Papam!», прысвечаны Пантыфіку.
Тэматыку Юбілейнага году ў Каталіцкім Касцёле, распачатую ў мінулых нумарах, працягвае інтэрв’ю Паўла Хмялеўскага з кс. Робэртам Скшыпчакам «Аднавіць Касцёл і свет» (у перакладзе з польскай мовы), дзе вядзецца гаворка пра канкрэтныя спосабы карыстання магчымасцямі Святога году: пераход праз Браму-Хрыста і зварот да практыкі адпустаў.
У сувязі з тым, што месяц чэрвень у Касцёле прысвечаны набажэнству да Сэрца Езуса, на старонках новага нумара часопіса прапануецца ўрывак з энцыклікі Святога Айца Францішка «Dilexit nos» і разважанне Тэрэсы Клімовіч пра неабходнасць супрацоўнічаць з Божаю любоўю («Любоў Хрыста шукае нашай любові»).
У рубрыцы «Школа малітвы» а. Юрый Кулай OCD заглыбіўся ў тэматыку служэння як найвышэйшай формы любові («Бог з місаю ў руках»). У іншым сваім артыкуле — «Новы касцёл Божага Цела ў Мінску» — святар кармэліт піша пра пасвячэнне новай святыні, якое адбылося 7 чэрвеня ў мінскім мікрараёне Ангарская.
Акрамя таго, новыя пасвячэнні касцёлаў адбыліся ў Пінскай дыяцэзіі — пра гэта цікава распавядае ў сваім матэрыяле кс. Андрэй Рылка, ахопліваючы таксама іншыя важныя падзеі ў межах святкавання юбілею дыяцэзіі («Пінская дыяцэзія святкуе стагоддзе з даты заснавання»).
Паколькі канец вясны і пачатак лета заўсёды багатыя на святарскія пасвячэнні, сёлета на гэты час выпала шмат юбілеяў, і рэдакцыя часопіса скарысталася нагодаю змясціць на сваіх старонках віншаванні шаноўным юбілярам у публікацыях «Віншуем!», «Шчырае і светлае служэнне» (Людміла Сіманёнак), «З залатым юбілеем!» (Алесь Жлутка).
Чытачоў чакаюць таксама пранікнёныя вершы паэткі Дануты Бічэль, цікавыя матэрыялы сястры Паўлы Бобер MSF, Іны Бігель, Валянціна Глекава, а таксама лісты нашых пастаянных чытачоў у рубрыцы «Нам пішуць». На апошніх старонках вокладкі прапанаваная «Навэнна да св. Марыі Магдалены».
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

