«Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас» (Пс 126)

Мноства неабыякавых вернікаў сабралася 8 снежня перад нядаўна ўсталяванаю фігураю Маці Божай Ружанцовай на тэрыторыі касцёла Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка — здавалася, Панна Марыя лагодна паклікала сюды ўсіх нас, з любоўю пазірае на кожнага, хто прыйшоў да Яе, і са сваіх рук раздае незлічоныя і такія патрэбныя ласкі… У гэты дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію і благаславіў фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі, усталяваную тут у якасці падзякі за 20 гадоў існавання парафіяльнай супольнасці. Магчыма, у маштабе ўсёй гісторыі Касцёла на нашай зямлі гэта не такі ўжо доўгі шлях, але заўсёды цяжка пачынаць з «нуля», у літаральным сэнсе на пустым месцы: там, дзе пару дзесяцігоддзяў таму яшчэ нічога не было, цяпер стаіць прыгожая белая святыня ў густоўным акаймленні тратуарных дарожак, пракладзеных у яе двары. Як жартуюць парафіяне, раней гэта былі проста сцяжынкі, і некаторыя з іх існавалі нібы самі па сабе, нікуды не вялі, а цяпер відавочна, што яны ўсе з розных бакоў вядуць да Маці Божай, якая з радасцю вітае нас і скіроўвае да свайго Сына.

Ксёндз пробашч Ян Крэміс на самым пачатку ўрачыстай святой Імшы нагадаў вернікам няпростую гісторыю парафіі, якая за гэтыя 20 гадоў істотна вырасла і стала дружнаю сям’ёю. Святар узгадаў таксама тых людзей, якія стаялі каля самых вытокаў гэтай супольнасці, служылі ёй аддана і верна, а цяпер ужо адышлі па ўзнагароду да Пана… Сапраўды, кожны этап у развіцці парафіі — пачынаючы ад яе рэгістрацыі і да будаўніцтва касцёла — патрабаваў вялікай ахвярнасці ад многіх людзей. Сёння, прыходзячы ў святыню памаліцца, мы часам нават не ўяўляем, колькі працы і высілкаў давялося ахвяраваць іншым людзям, каб мы мелі такую магчымасць…

Падчас казання арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ў такія юбілейныя даты вельмі важна акунацца душою і думкамі ў перажыванні былых дзён, калі ўсё пачыналася. Гэта дае імпульс для бязмежнай падзякі Пану Богу, а таксама для надзеі на тое, што Ён і далей будзе міласэрна клапаціцца пра сваіх дзяцей. «Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас» (Пс 126), — гэтыя словы псальма з літургіі другой нядзелі Адвэнту былі вельмі сугучныя святочнаму настрою чыжоўскіх парафіянаў у дзень благаслаўлення фігуры Маці Божай. Прымаючы з рук Пана такія шчодрыя ласкі, мы таксама не павінны заставацца бяздзейнымі. Арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць несці ў свет слова Евангелля, дзе б мы ні былі і чым бы ні займаліся, нагадваў пра неабходнасць няспынна паглыбляць свае веды, чытаць духоўную і рэлігійную літаратуру, вучыцца весці шчыры дыялог з іншымі людзьмі, ствараць вакол сябе прыгажосць, якая таксама камусьці можа паказаць шлях да Пана Бога.

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі падзяліўся з парафіянамі тым, што ў гэты дзень, 8 снежня, ён адзначаў 30-годдзе дыяканскага пасвячэння, якое прымаў адначасова з ксяндзом пробашчам Янам Крэмісам і некаторымі іншымі кандыдатамі. Вельмі сімвалічна, што Маці Божая ў свята свайго Беззаганнага Зачацця сабрала разам сваіх выбраных 30 гадоў таму, спасылаючы ад Бога вялікія ласкі, і збірае цяпер, ды яшчэ з такой прыгожай нагоды — благаслаўлення Яе фігуры каля сталічнай святыні. Рэдакцыя часопіса «Ave Maria», «Наша вера» і калектыў выдавецтва «Про Хрысто» далучаюцца да ўсіх шчырых віншаванняў і пажаданняў, якія прагучалі ў тую радасную нядзелю ў касцёле Святога Духа, а таксама шчыра дзякуюць арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за прамоўленыя падчас гаміліі цёплыя словы аб важнасці нашай працы, за высокую яе ацэнку, за ўзнесеную малітву і заахвочванне вернікаў карыстацца нашымі выданнямі, якія ўжо 30 гадоў нясуць чытачам Божае слова. Дзякуем таксама ксяндзу Яну Крэмісу за супрацоўніцтва і падтрымку ў пашырэнні нашых часопісаў і кніг, за тое, што з Вашых вуснаў парафіяне заўсёды ведаюць пра выдадзеныя навінкі і маюць магчымасць паглыбляць праз іх сваю духоўнасць і веру. Няхай Беззаганна Зачатая працягвае ўсіх нас весці па Божым шляху і спасылаць ад Пана шчодрыя благаслаўленні!

Ганна Шаўчэнка

Фота Леаніда Мацко, Catholicminsk.by

Цэтлікі: Юбілеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней