З 10 па 13 кастрычніка ў Віцебску адбываліся ўрачыстасці, прысвечаныя адразу дзвюм знамянальным датам — 25-годдзю ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі і 15-годдзю кансэкрацыі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.
Выстаўленне Найсвяцейшага Cакрамэнту, дыяцэзіяльнае спатканне святароў і святая Імша з іх удзелам, мерапрыемствы малітоўна-культурніцкага накірунку для дзяцей і дарослых — усё гэта стала і сведчаннем значнасці падзеяў 25- і 15-гадовае даўніны, і пацвярджэннем жыццяздольнасці каталіцкай супольнасці рэгіёна.
Асабліва запамінальнай і прыгожай сталася ў дні святкавання юбілейных датаў урачыстая святая Імша для парафіянаў, святароў і законных сёстраў вобласці і іх шматлікіх гасцей у катэдры.
Падзяка… Перапрашэнне... Надзея… Такімі вечнымі сэнсамі поўніліся словы, згадкі і пажаданні падчас супольнай малітвы ў гэты восеньскі дзень. Біскупа Алега Буткевіча і ўсіх кансэкраваных асобаў ды вернікаў Прыдзвіння ад Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі шчыра віншавалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Юрый Касабуцкі. Ад імя беларускіх грэка-католікаў — архімандрыт Сяргей Гаек, які стала прымае ўдзел ва ўсіх важных падзеях рэлігійнага жыцця католікаў Віцебшчыны.
Мабыць, тыя, каму пашчасціла прысутнічаць на святочнай Імшы, надоўга захаваюць у сэрцах уражанні ад прамовы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ён нагадаў пра пачатак хрысціянства ад Полацка ў Х стагоддзі; распавёў пра далучэнне нашага краю да еўрапейскай рэлігійнай культуры, пра падзвіжнікаў і пакутнікаў, чыімі намаганнямі мацавалася вера ў Хрыста; абудзіў згадкі пра схаваную на доўгія дзесяцігоддзі раку жывой народнай веры, якая праз намаганні Папы Яна Паўла II і людскія малітвы напрыканцы ХХ стагоддзя выйшла на паверхню, каб напаіць жывым Словам духоўную пустыню. Арцыбіскуп з трывогаю гаварыў пра небяспечныя выклікі сучаснасці, што пагражаюць кожнаму з каталікоў і ўсяму Касцёлу. Без сумневу, хвіліна непаўторнай цішыні між словамі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ўзнясеннем малітваў шмат для каго стала шчымлівым момантам асэнсавання ўласных узаемадачыненняў з Богам.
Сярод іншых віншаванняў асабліва кранальна прагучала прывітанне першага біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна са светлымі пажаданнямі і спадзевам на сустрэчу ў нябёсах. Як заўсёды, стварэнню асаблівага настрою вернікаў паспрыялі спевы хору касцёла святой Барбары «Гасанна». А па сканчэнні Імшы ў кавярні плябаніі адбылася свецкая юбілейная імпрэза, дзе пра пачатковыя крокі да стварэння дыяцэзіі, а таксама пра будаўніцтва касцёла Езуса Міласэрнага распавялі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і першы старшыня парафіяльнай рады касцёла Уладзімір Папяленка; пра шанаванне традыцый і жыццё парафіі — сённяшні пробашч касцёла Валерый Марціноўскі; пра працу «Легіёну Марыі» — верніца Яўгенія Лябедзька; пра асабісты духоўны досвед — парафіянка Таццяна Образава.
Аздобілі сустрэчу і вершы Рыгора Барадуліна ў мастацкім выкананні Алега Рудзько ды Ірыны Багдановіч у пранікнёным дэкламаванні Вольгі Аўчыннікавай. Свае творы агучыла і віцебская паэтка, парафіянка парафіі Святой Барбары Людміла Сіманёнак.
Як зазначыў вядоўца імпрэзы Васіль Мядзюха, сама атмасфера згуртавання вакол касцёла Езуса Міласэрнага спрыяе развіццю розных відаў творчасці. Пра музыкаў, што цягам гадоў аздаблялі літургічнае жыццё парафіі, распавёў Аляксандр Вішнякоў. Ён зайграў на жытнёвым коласе, а потым заспяваў «Хай празарлівая воля нябёс…» на словы Барадуліна.
Завяршылася імпрэза цудоўнымі мелодыямі ў выкананні таленавітай скрыпачкі Надзеі Васільевай...
І кожны, хто завітаў на гэта свята, панёс з сабою душэўную падзяку і светлую ўсмешку біскупа Алега Буткевіча...
Няхай жа доўгія гады жыве і квітнее Віцебская дыяцэзія, няхай яе святыні і надалей поўняцца шчырымі вернікамі, а сэрцы вернікаў — любоўю да Бога і бліжніх.






















Сабіна Радзько.
Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава.



