
«Міласэрнасць Божая — надзея нашага збаўлення» — так называецца каляндар, які выйшаў у выдавецтве «Про Хрысто» на 2025 год. У Каталіцкім Касцёле ва ўсім свеце і ў Беларусі гэты год стане юбілейным, пра што падрабязна распавядае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у сваім уступным слове «Непахісная надзея на збаўленне ў Хрысце…»: па-першае Апостальская Сталіца абвясціла 2025 год Святым годам — гэта асаблівы час, калі вернікі могуць атрымаць Божае прабачэнне праз спецыяльныя адпусты; па-другое, у 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з таго часу, калі Езус у містычных аб’яўленнях навучыў святую Фаўстыну Кавальскую маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці; па-трэцяе, у 2025 годзе мы будзем святкаваць 1700-годдзе Першага Нікейскага Сабору, на якім былі акрэсленыя асноўныя дагматы хрысціянства; чацвёрты ж юбілей адзначыць Пінская дыяцэзія, якая была заснаваная роўна 100 гадоў таму.
Кожны падобны юбілей — сведчанне бязмежнай Божай любові, знак таго, што, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні і перыпетыі лёсу, «брамы пякельныя» не перамагаюць Касцёл, вера ў чалавечых сэрцах працягвае жыць і ўмацоўвацца, а Бог заўсёды гатовы прабачыць нам нашыя правіны, калі мы са скрухаю прыходзім да Яго. Для таго, каб яшчэ раз нагадаць пра гэта і паспрыяць большаму пашырэнню культу Божай Міласэрнасці, аўтары ідэі календара змясцілі ў ім на кожны месяц фрагменты з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай. Яны стануць для карыстальнікаў крыніцаю натхнення ў малітоўным жыцці, у медытацыі, у перажыванні святочных і звычайных дзён літургічнага года.
У календары таксама падаецца інфармацыя пра атрыманне поўных адпустаў на працягу Звычайнага Юбілею 2025 года — умовы адпустаў акрэсленыя ў дэкрэце Апостальскай пэнітэнцыярыі. Нельга недаацэньваць гэтую вялікую Божую ласку і спрадвечную практыку Каталіцкага Касцёла, гэтую выключную магчымасць атрымаць поўнае адпушчэнне кары за грахі для сябе або за кагосьці з памерлых!
Каляндар аздоблены выявамі прыгожых твораў сакральнага мастатцва з усяго свету. Яркі і густоўны, ён для кожнага верніка стане цудоўным спадарожнікам у практыкаванні веры на ўвесь наступны год. Яго можна будзе набыць на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе. Звяртайцеся таксама да пробашчаў вашых парафій і ў парафіяльныя кіёскі.
Ганна Шаўчэнка