Пра гісторыю Турынскай плашчаніцы і пра экспанаванне яе копіі ў мінскім касцёле святых Сымона і святой Алены распавядае Галіна Івуць.
Святая Плашчаніца называецца Турынскаю, паколькі вось ужо больш за чатырыста гадоў яна захоўваецца ў саборы святога Яна Хрысціцеля ў італьянскім горадзе Турыне. Мільёны хрысціянаў лічаць, што гэта святое палатно, бо яно было пахавальным саванам Езуса Хрыста, на якім загадкава праявілася Яго выява. У касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску знаходзіцца шырокамаштабная копія Святой Турынскай плашчаніцы, якую лічаць сведкаю Пакуты, Смерці і Уваскрасення Хрыста і Пятым Евангеллем, напісаным не пяром і чарніламі, а кроўю самога Збаўцы.
Плашчаніца лічыцца найсвяцейшаю рэліквіяй хрысціянаў усіх канфесій. Гэта простае ільняное палатно 4,36 м у даўжыню і 1,1 м у шырыню, вагою каля 2,45 кг. На ім бачныя два адбіткі чалавечага цела ў позе, характэрнай для пахавальных абрадаў: адзін — з бачнага боку цела, а другі — са спіны. Па ўсёй даўжыні выявы цела ёсць плямы крыві карычнева-чырвонага колеру. Сляды моцнага крывацёку засталіся ад запясцяў і ступняў, акрамя таго, відаць рану на правым баку адбітку, што дакладна супадае з апісаннем ранаў, нанесеных Хрысту падчас укрыжавання. На палатне таксама бачныя сляды крыві на галаве і на твары, што адпавядае біблейскаму апісанню ўкаранавання цярновым вянком і бічавання перад укрыжаваннем.
Плашчаніца захоўвае і сляды падзеяў, якія адбыліся ў час двух пажараў: на тканіне засталіся ромбападобныя сляды вады, што трапіла на палатно падчас тушэння пажару, а таксама падпаліны-трохкутнікі ад кропляў расплаўленага срэбра, якім было акантавана месца захавання Плашчаніцы. Пазней палатно было адрэстаўравана сёстрамі манашкамі...
Адным з самых важных момантаў з гісторыі Турынскай плашчаніцы з’яўляецца адкрыццё, зробленае ў 1898 годзе фатографам аматарам Сэкандам Піем. Яму было дазволена зрабіць фатаграфіі Плашчаніцы, выстаўленай на ўсеагульны агляд з нагоды 50 гадоў захавання святой рэліквіі ў Турыне. На негатывах праступілі яскравыя абрысы постаці, якія азначалі, што на тканіне Плашчаніцы захаваны негатыўны малюнак, а пазітыўны можна атрымаць, сфатаграфаваўшы яе. І, наадварот, сляды крыві на Плашчаніцы, якія на тканіне выглядалі цёмнымі, на фатаграфіях сталі белымі. З таго часу Турынскую плашчаніцу пачалі даследаваць вучоныя.
У 1981 годзе на сустрэчы ў Нью-Лондане (ЗША) навукоўцы паведамілі, што на валокнах няма ні пігменту, ні фарбы, ні фарбавальнікаў. Гэта пацвердзіла, што выява не рукатворная. Даследаванні з дапамогаю рэнтгена і мікрахімічнага аналізу выключылі магчымасць выкарыстання на палатне фарбуючага рэчыва. Эксперыменты з ультрафіялетавым і інфрачырвоным выпраменьваннем пацвердзілі выснову феномена ўваскрасення Езуса Хрыста.
На падставе гэтых даследаванняў большасць навукоўцаў лічыць, што характар выявы сведчыць пра наяўнасць радыяцыйнага апёку, які быў выкліканы хутчэй святлом, — пры гэтым павялічылася канцэнтрацыя радыёактыўных ізатопаў, і ў выніку тканіна «памаладзела» ў параўнанні з яе сапраўдным «узростам». Узнікла адважная тэорыя аб тым, што ў момант уваскрасення Хрыста адбыўся беспрэцэдэнтны феномен: магчыма, гэта была кароткачасовая ўспышка святла з цела Хрыста, якая сігналізавала пра Яго вяртанне да жыцця і акуратна «выпаліла», адбіла Яго Вобраз на Плашчаніцы. Такія гіпотэзы аспрэчваюць просты лабараторны разлік, у выніку якога тканіна спачатку была датаваная сярэднімі стагоддзямі. Гэта асабліва важна, паколькі радыёвугляроднае датаванне — гэта адзіны аналіз, які аспрэчваецца ў цяперашні час.
Копія Турынскай плашчаніцы захоўваецца ў касцёле св. Сымона і св. Алены з 3 мая 2002 г. Яна была перададзена з Турына ў Беларусь як сімвал сяброўства, місіі міра. За гэты час яна стала адной з галоўных святых рэліквій нашай Краіны, якая ўдзельнічае ў розных хрысціянскіх святах, крыжовых і святочных шэсцях.
У 2004 г. Ксяндзом магістрам Уладзіславам Завальнюком была перакладзена на рускую мову і выдадзена Чырвоным касцёлам кніга прафесара Эмануэлі Марынэлі «Саван — Туринская плащаница».
Аддаць пашану і пакланенне святой рэліквіі можна было падчас экскурсій, якія штодзённа праводзіліся ў касцёле cв. Сымона і cв. Алены ў Мінску.
У 1506 годзе Папа Юлій II аб’явіў дзень 4 мая святам Плашчаніцы. Кожны год у гэты дзень хрысціяне ў сваіх святынях малітоўна яднаюцца з усімі вернікамі свету і духоўна пакланяюцца святой рэліквіі. Турынская плашчаніца адкрывалася ў разгорнутым выглядзе для ўшанавання адзін раз у 25–30 гадоў. Выключэннем стаў юбілейны год хрысціянства (2000 г.) і 2011 г., калі Турын наведваў Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI; дарэчы, у гэтым жа годзе шмат пілігрымаў з Беларусі наведала Турын з Мітрапалітам Філарэтам. Калі святая рэліквія будзе ізноў адкрыта для пакланення — дакладна невядома, але практыкуецца адкрываць плашчаніцу праз інтэрнэт-трансляцыю.
Да мінскай копіі Турынскай плашчаніцы можна было дакрануцца і аддаць ёй пашану штогод, кожны дзень... На вялікі жаль, у сувязі з закрыццём касцёла, цяпер гэтага зрабіць нельга...
Святое Палатно — гэта маўклівы сведка Божай Любові. Прысутнасць на беларускай зямлі копіі Турынскай плашчаніцы — вельмі важная дзея ў духоўным жыцці не толькі хрысціянаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій, але і ўсяго культурнага і грамадскага жыцця Рэспублікі Беларусь.
Галіна Івуць