Чатырнаццаць арыгінальных працаў вядомага беларускага мастака Вячаслава Шамшура з выявамі святыняў і краявідаў Мёршчыны і іншых рэгіёнаў краіны і замежжа 13 красавіка сталі ўласнасцю мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Вядомы беларускі мастак Вячаслаў Шамшур жыве ў Віцебску, але карані ягоныя — на Мёршчыне. Каталіцкая частка насельніцтва вёскі Пціцкія, дзе ён нарадзіўся, тэрытарыяльна належыць да парафіі мёрскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэтым касцёле маліліся Чэсікавы (так звалі хлопчыка ў маленстве) дзядуля і маці, сюды наведваўся бацька. Таму не выпадкова, што, падсумоўваючы на чарговым жыццёвым этапе ўласны творчы даробак, мастак выказаў жаданне найперш падзяліцца ім са сваімі землякамі.
Падзяліцца — гэта значыць, падараваць, перадаць у вечнае карыстанне. Чатырнаццаць арыгінальных працаў творцы з выявамі святыняў і краявідаў Мёршчыны і іншых рэгіёнаў краіны і замежжа з 13 красавіка сталі ўласнасцю мёрскай парафіі, што, з увагі і на даўняе сяброўства мастака з усёй каталіцкай супольнасцю Віцебскай дыяцэзіі, было таксама не выпадковым.
Цягам апошняга дзясятку гадоў Вячаслаў Шамшур двойчы выстаўляў свае працы падчас паседжанняў пад дэвізам «Кожны талент ад Бога» ў плябаніі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Партрэт Яна Паўла II яго пэндзля па сёння радуе вока вернікаў і гасцей парафіі ў канферэнц-зале катэдры, ды і паўдзельнічаць у розных касцёльных імпрэзах культурнага накірунку ў статусе простага гледача прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Вячаслававіч Шамшур, нягледзячы на занятасць, ніколі не адмаўляецца. Гэтаксама, як, адданы свайму прафесійнаму прызначэнню, і ў дзень перадачы касцёлу шчодрага дарунка не адмовіўся ён адгукнуцца на просьбу выхаванцаў і настаўнікаў Мёрскай мастацкай школы правесці для іх творчы майстар-клас. Трэба было бачыць, як уважліва, з якім піетэтам слухалі яго юная мастакі, як далікатна і даходліва раскрываў ён перад імі сакрэты прафесійнага майстэрства!..
А вось пра самога мастака Шамшура, пра яго ўнёсак у мастацтва краіны, пра яго палотны, якія нядаўна экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, распавёў яго калега па працы на мастацка-графічным факультэце ўніверсітэта, мастацтвазнаўца і мастак Міхась Цыбульскі. Дзякуючы менавіта яго старанням карціны шчасліва даехалі ў гэты дажджлівы дзень да месца прызначэння, а дагэтуль перыядычна даходзілі да аматараў жывапісу ў выглядзе прысвечаных калегу і старэйшаму сябру тэматычных каталогаў, анонсаў, артыкулаў.
Імпрэза перадачы адбылася ў вельмі шчырай, прыязнай атмасферы, што ў немалой ступені сталася дзякуючы гасціннасці парафіянаў касцёла на чале з пробашчам Андрэем Куліком, удзелу ў ёй жонкі і музы мастака спадарыні Раісы, адмысловай экскурсіі для гасцей і расповеду пра гісторыю святыні вядомага мёрскага краязнаўца Вітольда Ермалёнка.
Апроч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, працы Вячаслава Шамшура атрымалі ў гэты дзень у падарунак з яго рук Мёрская раённая бібліятэка, а таксама некаторыя прыватныя асобы — сябры і сваякі таленавітага земляка вядомага ўслаўленнем прыроднага хараства Мёрскага краю.
Францішак Дубраўскі.
Фота Мікалая Сяргеенкі, Жаны Закрэўскай, Казіміра Блажэвіча.