Марыя — узор пакоры. Па старонках майскага нумара часопіса «Ave Maria»

«О мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе!» — ці не гэтыя словы найбольш выразна ілюструюць пазіцыю сапраўднай пакоры ў сэрцы чалавека? Паводле гэтай малітвы анёла з Фацімы святы Ян Павел ІІ пабудаваў сваё малітоўнае разважанне, якое было прамоўлена падчас пілігрымкі ў Фаціму ў 1982 г. і якім распачынаецца майскі нумар часопіса «Ave Maria», прысвечаны тэме «Марыя — узор пакоры» (у часопісе друкуецца ўрывак з разважання пад назваю «Аб’яўленні з Фацімы» ў перакладзе з польскай мовы Крыстыны Лялько). Думкі Святога Айца пра вялікую любоў, якою палюбіў нас Бог, паслядоўна развіваюцца ў далейшых артыкулах: «Найвялікшая праява любові і дар Маці Касцёла» а. Юрыя Кулая OCD (пра знакі Божай любові і адказ чалавека на яе), «Ці прыніжае хвалу Хрыста ўсхваленне Марыі?» кс. Андрэя Рылкі (пра тое, ці правамоцна  паводле тэалогіі дадаваць да хрысціянскага прывітання «Пахвалёны Езус Хрыстус!» словы «…і Марыя — заўсёды Дзева»).

Пра Марыю як Дзяўчыну з крыві і плоці, якая жыла дзве тысячы гадоў назад у канкрэтным месцы, сярод канкрэтных людзей, якой пагражалі каменаванне і нянавісць, вядзецца гутарка ў інтэрв’ю Дамініка Ярчэўскага ОР з біблісткаю Барбараю Стжалкоўскаю «Маладая Маці».  Словы самой Найсвяцейшай Панны як Маці Міласэрнасці мы прачытаем у сведчанні святой Фаўстыны Кавальскай, дзе публікуюцца ўрыўкі з яе «Дзённіка» ў перакладзе з польскай мовы Крыстыны Лялько («Марыя — мая Настаўніца»).

Сястра Паўла Бобер MSF на «Старонцы псіхолага» апісвае праявы пакоры ў фальшывым яе разуменні як вельмі небяспечнай з’явы (артыкул «Фальшывая пакора»). Сваім хрысціянскім досведам і разважаннямі пра цноту пакоры дзеляцца Тэрэса Клімовіч у нарысе «Пакора і свабода», а таксама Іна Бігель у артыкуле «Пакорным шляхам Марыі» і Ганна Шаўчэнка ў публікацыі «Як вучыць дзіця пакоры?». Сведчанне пра жыццё хрысціянскай сям’і прапануе Галіна Калевіч у матэрыяле «Каб вымаліць сваіх бацькоў…».

Чытачоў таксама чакаюць вершы Дануты Бічэль і Ганны Шылько, рэпартаж аб працягу перэгрынацыі абразоў Маці Божай па парафіях Беларусі Віктара Ведзеня, цікавыя матэрыялы ў рубрыцы «З нагоды юбілею», а на апошніх старонках вокладкі — малітвы, складзеныя айцамі марыянамі, і «Літанія да святога Станіслава ад Езуса і Марыі Папчынскага».

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней