Велікодныя традыцыі ў Ліме

Падрыхтоўка і святкаванне Вялікадня мае непаўторныя рысы ў Лацінаамерыканскіх краінах, у якіх каталіцкая вера спалучаецца з яркімі нацыянальнымі і культурнымі традыцыямі. Праз сяброў, перуанскіх паэтаў Луіса Мануэля Лопеса Фарфана і Адама Санчеса, мне давялося пазнаёміцца з каталіцкімі традыцыямі ў Перу, дзе хрысціянская вера мае значны ўплыў на грамадства і светапогляд жыхароў гэтай краіны.

Каталіцкія традыцыі ў Перу ўзыходзяць да ХVI стагоддзя, яны глыбокія, напоўненыя эмацыйным зместам і суперажываннем, любоўю да Хрыста, да Яго зямнога жыцця, да Найсвяцейшай Панны Марыі, да мясцовых святых.

Велікодныя традыцыі ахопліваюць не толькі касцёльнае богаслужэнне, — гэта і экскурсіі па святых месцах, тэатралізаваныя шэсці з біблейскімі сцэнамі, музычныя спектаклі, канцэрты сімфанічнай музыкі, конкурсы дываноў з кветак на плошчах гарадоў. У іх удзельнічаюць прадстаўнікі ўладаў і дзяржаўных інстытуцый, святары, кансэкраваныя асобы, місіянеры і вялікая колькасць жыхароў краіны.

У гэтым годзе Semana Santa (Святы тыдзень) перад Вялікаднем святкаваўся ў Ліме асабліва ўрачыста і ярка. Падчас гэтага тыдня ў сталіцы Перу на стадыёне старэйшага Універсітэта Сан Маркас 27 сакавіка 2024 года праходзіў шматтысячны Нацыянальны з’езд «Шукай Бога», на якім выступаў алькальд Лімы Рафаэль Лопес Альяга, каталіцкія святары і прадстаўнікі місіянерскіх рухаў. А сама сталіца Перу, Ліма, занаваная ў студзені 1531 года, першапачаткова называлася Горадам Каралёў ва ўспамін свята Трох Каралёў і ў гонар іспанскіх каталіцкіх каралёў — Фердынанда і Ізабэлы.

На тыдні для турыстаў і жыхароў горада была арганізавана экскурсія з наведваннем сямі галоўных храмаў сталіцы — кляштара святой Ружы, кафедральнага сабора Лімы, касцёла святога Лазара, святога Пятра і іншых касцёлаў, кляштара святога Францішка Асізскага, касцёла Святой Тройцы і санктуарыя святой Ружы.

У Вялікі аўторак алькальд Лімы Рафаэль Лопес Альяга ўдзельнічаў у інтранізацыі скульптурнай выявы Багародзіцы Ружанца ў базыліцы кляштара Санта Дамінга. Выразаная з дрэва выява XVII стагоддзя праз 80 гадоў вярнулася на месца свайго паходжання. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел манахі дамініканскага ордэну кляштара Санта Дамінга.

Вялікі чацвер і Вялікая пятніца здаўна з’яўляюцца дзяржаўнымі святамі ў Перу. У Вялікую пятніцу па вуліцах сталіцы краіны праходзіла ўрачыстая працэсія, якая рэканструявала сцэны з жыцця, хросту і пропаведзяў Хрыста, нагадвала аб падзеях у Ерузалеме.

Вядомы перуанскі акцёр Марыё Валенса, якога называюць Чола Крыста (Cholo Сhristo), высокі, цёмнавалосы, тэмпераментны, пераўвасабляўся ў Хрыста і дапамагаў гледачам уявіць апошнія зямныя дні Збавіцеля, Яго Крыжовы шлях, ідучы шматкіламетровым шляхам па вуліцах Лімы. Як Eзус праходзіў праз вялікія натоўпы народа, ацаляў тых, хто пакутаваў, вяртаў зрок сляпым, суцяшаў жанчын і старых, так і цяпер у атачэнні «рымскіх легіянераў» стаў перад Каяфам і Понціем Пілатам, несучы цяжкі крыж, дапамагаючы жыхарам горада ўявіць тыя хвалюючыя сцэны місіі Хрыста і Яго пакуты...

У Вялікую пятніцу ўшанаваная выява Божай Маці, акружаная белымі ружамі і свечкамі была сустрэта прадстаўнікамі ўладаў, дарадцамі — Ісаакам Эскабедам і Карласам Густавам Балонам перад Муніцыпальным палацам.

У суботу перад Вялікаднем на галоўнай плошчы Лімы Пласа дэ Лас Армас была арганізавана выстава і конкурс вялікіх кветкавых дываноў. Каляровыя кампазіцыі з пялёсткаў кветак перадавалі моманты з біблійных сцэнаў, уваскрасення Хрыстовага, выявы ўшанаваных святых — святой Ружы і святога Марціна Поррэса.

Святая Ружа з Лімы(1586–1617) была першай каталіцкай святой Лацінскай Амерыкі, якая прысвяціла свае жыццё дапамозе хворым і бедным, вырошчвала і прадавала кветкі, каб зарабіць на дабрачынныя мэты. Яна была пахаваная ў крыпце св. Дамініка ў Ліме. Пасля яе смерці адбываліся шматлікія цуды. Яна стала першым чалавекам Заходняга паўшар’я, кананізаваным Каталіцкім Касцёлам. Дзень яе памяці, 30 жніўня, застаўся выходным днём у Перу, а тапонім «Санта-Роза» самы распаўсюджаны ў Лацінскай Амерыцы. У школах і каледжах Лімы праводзяцца заняткі, прысвечаныя вывучэнню жыцця і служэння гэтай святой.

Святы Марцін Поррэс (1579–1639) быў перуанскім манахам ордэну дамініканаў, першым мулатам-амерыканцам, кананізаваным Kаталіцкім Касцёлам. Ён праславіўся як лекар і фармацэўт. Марцін Поррэс браў урокі ў цырульнікаў, якія ў тыя часы займаліся хірургіяй, загадваў аптэкай у кляштары. Святы Марцін Поррэс лічыцца патронам медыкаў і ветерынараў, апекуном жывёлаў. Пра яго спяваюць папулярныя песні ў Лацінскай Амерыцы.

...Цэлую ноч да самай раніцы працавалі майстры, каб вырабіць з рознакаляровых пялёсткаў сцэны Уваскрасення Хрыстовага, выявы герба Лімы. Гэты традыцыйны конкурс прайшоў па лініі Упраўлення эканамічнага развіцця, а цырымонію ўзнагароджання правяла саветнік Жанэт Алонса ад імя мэра горада Лімы. Першае месца ў конкурсе заняў Парк Легендаў, за ім — Фонд Лімы і Нацыянальная паліцыя Перу, якія занялі другое і трэцяе месцы...

Раніцай, у самы дзень Вялікадня, на галоўнай плошчы адбыўся Рэзурэкцыйны канцэрт з удзелам тысячы дзяцей з розных хораў Лімы, у тым ліку з дзіцячага музычнага руху «Сімфонія за Перу». Гэты музычны і сацыяльны рух служыць духоўнай і музычнай адукацыі дзяцей, духоўнай трансфармацыі грамадства, спрыяе выхаду бедных слаёў насельніцтва з небяспечнага стану праз адукацыю, выхаванне і канцэртную дзейнасць да лепшага жыцця.

...Апоўдні на праспекце, названым у гонар Чабукі Гранды, папулярнай нацыянальнай спявачкі, госці атрымалі асалоду ад смачных страваў Лімы на гастранамічным фестывалі. Усе, хто далучыўся да іх, былі зачараваныя шчодрымі стравамі перуанскай зямлі...

Сябры, перуанскія паэты, падзяліліся са мной сваімі нацыянальнымі хрысціянскімі традыцыямі і вершамі. Няхай жа шматаблічнасць традыцый і яднанне хрысціянаў у духу веры ўзаемна ўзбагачае і ўмацоўвае людзей ва ўсім свеце.

Эла Дзвінская.
Фота з Муніцыпалітэту Лімы.

Цэтлікі: Вялікдзень

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней