
У першым сёлетнім нумары часопіса «Наша вера» чытайце пра гісторыю Касцёла, пра яго сучаснае жыццё, пра выбітных асобаў, якія паўплывалі на развіццё хрысціянства, а таксама шматлікія матэрыялы па мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве, хрысціянскую паэзію, прозу і пераклады.
Гэты нумар часопіса пачынаецца ўрыўкам з кнігі «Патрабавальны Папа» польскага святара і публіцыста кс. Робэрта Скшыпчака, якая была выдадзена да гадавіны адыходу Папы Бэнэдыкта XVI у вечнасць.
Увазе беларускіх чытачоў прапануецца артыкул польскага дамініканіна Паўла Крупы ОР «Інквізіцыя. Паміж міфам і праўдаю» (пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько).
Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Вялікае італьянскае падарожжа Яна Паца (1597–1598 гг.)» апавядае пра пілігрымку беларускай магнацкай кавалькады ў Вечны горад.
Літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын у эсэ «Дзесяць фактаў з жыцця экзарха Антона Неманцэвіча» распавядае пра цікавую асобу першага экзарха Беларускага Экзархату Грэка-каталіцкай Царквы, доктара тэалогіі і права, рэлігійнага і грамадска-культурнага дзеяча.
Вольга Барысенка ў артыкуле «З гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве» піша пра адзін са шматлікіх цудадзейных абразоў у касцёлах Беларусі, культ якіх мае лакальны характар.
Кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч у артыкуле «Паэт і святар Юзаф Маралёўскі» апавядае пра яшчэ адну выбітную постаць паэта-святара, чыя творчасць не знаёмая шырокаму колу чытачоў — тут жа друкуецца падборка вершаў паэта-святара.
Доктар філалагічных навук, прафесар Жанна Некрашэвіч-Кароткая ў літаратуразнаўчым даследаванні «Звярыныя гратэскі ў паэтычнай культуры славянаў…» цікава параўноўвае фальклорныя і літаратурныя тэксты, звязаныя з народнай абраднасцю і хрысціянствам.
У рубрыцы «На кніжнай паліцы» друкуецца водгук кс. д-ра Юрыя Дразда «Яшчэ адно імя…» на кнігу кандыдата гістарычных навук Раіса Зянюк «Ксёндз Юзаф Барадзюля», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто».
Мастацтвазнаўца Галіна Флікоп-Світа ў артыкуле «Іконы ў хаце беларусаў» апавядае пра рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў у інтэр’еры сялянскага жытла.
Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Любоў Сысоева ў артыкуле «На Божую хвалу» піша пра творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст.
У рубрыцы «Проза» змешчаны творы выдатнага беларускага паэта, эсэіста Леаніда Дранько-Майсюка.
Літаратуразнаўца Анатоль Брусевіч у эсэ «Прастора, прыдатная для палётаў» піша пра новую кнігу паэзіі Аксаны Данільчык «Час знешняй адсутнасці».
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы Эдуарда Акуліна і Алеся Дуброўскага-Сарочанкава.
Вядомы беларускі празаік Уладзімір Ягоўдзік у нарысе «Белая стужка дарогі» дзеліцца сваімі ўспамінамі пра народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.
80-годдзю выдатнага беларускага мастака і мастацтвазнаўцы, этнографа і культуролага Міхася Раманюка прысвечана эсэ Міколы Купавы «Школа Міхася Раманюка».
Эла Дзвінская прапануе ўвазе чытачоў свае нататкі «У Доме-музеі Моцарта ў Вене», у якіх разважае пра плённае ўздзеянне музыкі на духоўны стан чалавека.