У новым нумары квартальніка «Наша вера» (№ 3, 2023) чытачы знойдуць цікавыя і глыбокія матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Касцёла ў Беларусі, сакральнаму мастацтву, духоўнай літаратуры, а таксама знакавым постацям рэлігійнага жыцця.
Гэты нумар часопіса пачынаецца ўрыўкам з рэферата арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Марыя — Збаўленне беларускага народа», прысвечанага 25-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.
У рубрыцы «Нашы святыні» друкуецца арыкул рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага «Стары будслаўскі алтар…».
Айцец Аркадзь Куляха ў арыкуле «У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду любоўю» апавядае пра святую Тэрэзу з Лізьё.
Постаці святара Баляслава Слосканса прысвечана эсэ Сяргея Чыгрына «Біскуп, які маліўся за беларусаў».
Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка і Іван Сінчук у арыкуле «Бэнэдыктынскі цудатворны абраз Дзевы Марыі Весабрунскай» даследуюць пра гісторыю гэтага абраза, які знаходзіцца ў зборах музея.
У рубрыцы «Інтэрв’ю» змешчана інтэрв’ю Алега Глекава з мастаком Ігарам Гардзіёнкам.
500-годдзю аднаго са знакаміцейшых твораў старажытнай беларускай літаратуры прысвечаны арыкул Алеся Жлуткі «Беларускі свет „Песні пра зубра“ Міколы Гусоўскага: структура і семантыка».
Да 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі змешчана публікацыя літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч, якая прапануе ўвазе чытачоў пераклады паэта з польскай мовы і невялікую прадмову «Лірнік вясковы… герба „Сыракомля“».
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы вядомых паэтаў Эдуарда Акуліна і Васіля Жуковіча.
У рубрыцы «Пераклады» змешчана апавяданне лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі, італьянскай пісьменніцы Грацыі Дэледы «Першая споведзь» у перастварэнні на беларускую мову Аксаны Данільчык.
Леанід Дранько-Майсюк у артыкуле «Упрыгожыць кветкамі цыніі» распавядае пра фатографа Анатоля Клешчука, які адышоў да Пана 5 верасня 2023 г.
Памяці Янкі Брыля прысвечаны ўспаміны пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка «Залатыя кросны душы».