Выйшлі кнігі з тэкстамі набажэнстваў у першыя чацвяргі, пятніцы і суботы месяца

У выдавецтве «Про Хрысто» пабачылі свет выданні з матэрыяламі і тэкстамі для набажэнстваў, якія ў адпаведнасці з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага павінны праводзіцца ў кожнай парафіі нашай архідыяцэзіі ў рамках Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

У кнізе «Каля падножжа Твайго алтара…» змешчаны тэксты для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў першы чацвер месяца. Чацвер — асаблівы дзень, прысвечаны Эўхарыстыі і сакрамэнту пасвячэння, якія ўстанавіў Езус Хрыстус. З дапамогаю прапанаваных у гэтым выданні тэкстаў праслаўлення, падзякі і просьбаў мы молімся за ўвесь Хрыстовы Касцёл, за святароў, законнікаў і законніц, аб новых святарскіх, законных і місійных пакліканнях. Праз гэтае набажэнства мы вучымся таксама шанаваць цуд Эўхарыстыі і дзякаваць за яго, бо праз Эўхарыстыю, якая з’яўляецца цэнтрам сакрамэнтальнага жыцця, мы можам жыць у еднасці з Хрыстом.


Кніга «Сэрца Езуса — крыніца жыцця і святасці» змяшчае тэксты набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў першыя пятніцы месяца. Аб гэтым набажэнстве і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту прасіў сам Езус Хрыстус у сваіх аб’яўленнях, абяцаючы нам шматлікія ласкі за ўшанаванне Яго Найсвяцейшага Сэрца. Істотным элементам гэтага набажэнства з’яўляецца абавязак годнага ўміласціўлення, г. зн. кампенсацыі і перапрашэння Найсвяцейшага Сэрца Езуса за нашыя грахі, а таксама інтранізацыя — акт веры, калі мы выбіраем Езуса Валадаром у нашым жыцці. Таму, акрамя тэкстаў для адарацыі, у кнізе ў якасці дадатку прапанаваныя малітвы перапрашэння за парушэнне Божых запаведзяў, малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса (вяночак, літанія, акт асабістага прысвячэння, штодзённае ахвяраванне і г.д.) і парадак інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў сям’і.


Тэксты для набажэнства ў першыя суботы месяца змешчаны ў кнізе «Дзеля трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі». Падчас гэтага набажэнства мы асаблівым чынам перапрашаем Бога і Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей, якія абражаюць нашага Збаўцу і Яго Найсвяцейшую Маці. Аб гэтым перапрашэнні нас прасіла Маці Божая падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме ў 1917 годзе. Таму ў кнізе таксама распавядаецца пра ўмовы перапрашэння (споведзь і святая Камунія ў першую суботу месяца, Ружанец перапрашэння і 15-хвіліннае разважанне над таямніцаю Ружанца) і прапануюцца ўсе неабходныя тэксты малітваў і медытацый, якія дапамогуць выканаць гэтыя ўмовы.


Каб набыць новыя выданні, звяртайцеся, калі ласка, у архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і ў парафіі архідыяцэзіі.

Даведкі па тэл.:

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней