У другім нумары часопіса «Наша вера» (№2, 2023) — успаміны, літаратуразнаўчыя даследаванні, матэрыялы па гісторыі каталіцтва ў нашым краі, паэзія, проза, пераклады і шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы. Запрашаем бліжэй пазнаёміцца са зместам часопіса.
Гэты нумар часопіса пачынаецца ўрыўкам з інтэрв’ю Гжэгажа Поляка з біскупам Ежы Мазурам SVD з нагоды яго юбілею (з кнігі «Ідзіце і абвяшчайце…» / «Idźcie i głoście...», 2020).
500-годдзю аднаго са знакаміцейшых твораў старажытнай беларускай літаратуры прысвечаны арт. вядомых літаратуразнаўцаў У. Кароткага і Ж. Некрашэвіч-Кароткай «„Песня пра зубра“ Мікалая Гусоўскага ў кантэксце хрысціянскай традыцыі эпохі Рэнесансу».
У рубрыцы «Ad fontes» увазе чытачоў прапануецца «Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі» вядомага гісторыка, краязнаўцы Аляксандра Ельскага (заканчэнне).
У арт. «Айцец Феадосій Баравік OSBM» у рубрыцы «Постаці» гісторык-архівіст Андрэй Шпунт знаёміць чытачоў часопіса з дзейнасцю яшчэ аднаго выбітнага святара — базыліяніна Літоўскай правінцыі, гісторыка, які паходзіў з менскай беларускай шляхты.
У арт. А. Глекава «Вобраз Маці Божай Будслаўскай у сучасным мастацтве» цікава апавядаецца пра творчае асэнсаванне постаці Багародзіцы ў мастацтве.
70-годдзю вядомага беларускага празаіка Ф. Сіўко прысвечаны арт. доктара філалагічных навук І. Штэйнера «Усе шляхі вядуць да Міжрэчча: развагі над прозай Франца Сіўко».
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны падборкі вершаў вядомых паэтаў Васіля Зуёнка і Аксаны Данільчык.
Вядомы беларускі пісьменнік Л. Дранько-Майсюк прапануе ўвазе чытачоў «Прозу з той кніжкі, якая можа быць».
Фалькларыстка Я. Грыневіч ў арт. «Кампанія па збору беларускага фальклору на старонках газеты „Крыніца“» гаворыць пра важнасць народных і рэлігійных песняў у фармаванні нацыянальнай свядомасці.
Літаратуразнаўца і перакладчыца І. Багдановіч працягвае знаёміць чытачоў з творчасцю выдатнай пісьменніцы нашага краю ХІХ ст. Габрыэлі Пузыні — на гэты раз друкуецца яе твор «Ян Рэннер. Успамін пра музыканта» у перакладзе з польскай мовы.
У рубрыцы «Пераклады» змешчана апавяданне Г. Освальда Котта «Віды з вокнаў Вольфенбютэльскага замка» ў перастварэнні на беларускую мову з нямецкай А. Сямёнавай-Герцаг.
У рубрыцы «На кніжнай паліцы» змешчаны арт. Я. Янушкевіча «І толькі надпіс…» і С. Чыгрына «Позні пратэстантызм у Заходняй Беларусі», у якіх распавядаецца пра новыя выданні апошняга часу.
Журналістка Э. Дзвінская ў арт. «Хор, які выхоўвае ў любові да Бога» знаёміць чытачоў з творчасцю адметнага музычнага калектыву — мінскага Госпэл-хору, якому нядаўна споўнілася 10 гадоў.