
Падчас Будслаўскага фэсту вернікі змогуць набыць каляндар на 2024 год «Маці Божая, маліся за нас!», прысвечаны цудадзейным, найбольш шанаваным абразам Панны Марыі з беларускіх санктуарыяў і падрыхтаваны выдавецтвам «Про Хрысто».
Частка гэтых абразоў удзельнічала ў малітоўна-пакутніцкай перэгрынацыі ўздоўж межаў Беларусі, якая адбылася ў 2021 годзе. Дзякуючы добраму плёну гэтай духоўнай акцыі перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў атрымала свой працяг па ўсёй Беларусі, і да гэтага часу многія вернікі з радасцю і надзеяй сустракаюць іх у сваіх парафіях.
Побач з выяваю кожнага цудадзейнага абраза ў календары змешчаны адпаведныя малітвы да Маці Божай, а паколькі Марыя — асаблівая заступніца святароў, на другой і чацвёртай старонках вокладкі прапануюцца малітвы за іх, (побач падаюцца фотаздымкі біскупаў Беларусі з выявамі іх гербаў, а таксама з іх біскупскімі дэвізамі).
Няхай карыстальнікі календара штодня адчуваюць суправаджэнне Маці Божай на ўсіх іх жыццёвых шляхах, давяраючыся Ёй у шчырай малітве і крочачы з Ёю да адзінай сапраўднай мэты.
Ганна Шаўчэнка