
Якія асацыяцыі ў вас узнікаюць, калі вы чуеце пра моладзевыя рэкалекцыі? Думаю, вам уяўляецца нешта вясёлае і шумнае, нешта вельмі жывое і актыўнае. Так ці інакш, вы маеце рацыю. Моладзевыя сустрэчы ў Касцёле — справа прыемная, бо яны амаль заўсёды праходзяць пад радасны смех, а часам нават і з танцамі. Але за гэтай весялосцю адбываецца і сур’ёзная праца душы, магчыма, адна з няйцяжэйшых у чалавечым жыцці.
Касцёл у Беларусі вельмі адкрыты на працу з моладдзю. Сапраўды, у кожнай дыяцэзіі шмат магчымасцяў для таго, каб малады чалавек не быў адзінокім у сваім імкненні пазнаваць Хрыста. Рэкалекцыі, пілігрымкі, дні засяроджанасці — толькі паспявай знаходзіць для іх вольны час! Асабіста я хацела б распавесці пра курс «Filii Mariae». Мы з сябрамі доўга марылі пра яго, бо, скончыўшы школу, а потым і каледж ці ўніверсітэт, сталі разумець, што не так проста трымацца Бога, калі жыццё закручвае ў віры праблем і дарослых выклікаў.
У вялікіх гарадах, куды мы з большага пераязджалі вучыцца, а потым і працаваць, няпроста знайсці супольнасць аднадумцаў, якая магла б стаць добрай апорай у няпростыя часы выбару жыццёвага шляху. Супольнасць менавіта трывалую, што існуе як адзіны арганізм, праходзіць і праз уздымы, і праз крызісы, сталее і ўзмацняецца.
На шчасце, айцы марыяне заўсёды адкрытыя на прапановы, а таму зімой 2021 года ў рэкалекцыйным доме пры касцёле святога Юзафа ў Оршы адбылася першая сустрэча курсу студэнцкай і працуючай моладзі з марыянскіх парафій. Мы, удзельнікі, з большага былі знаёмыя, бо ў дзяцінстве ездзілі разам на курсы для школьнікаў, хадзілі ў пілігрымкі, ладзілі агульна марыянскія «Андрэйкі», і нам вельмі хацелася будаваць разам ужо сапраўдную дарослую супольнасць, запрашаць новых людзей, рабіць добрыя справы і служыць Касцёлу, але гэтыя задачы аказаліся не такімі простымі для выканання.
Маладыя гады ў тэорыі вельмі паэтычныя, вольналюбівыя і цікавыя, але яны напоўненыя мноствам выклікаў і нялёгкага выбару. Безумоўна, вера — адзін з іх. Па-першае, верыць, абапіраючыся на выхаванне ці досвед іншага чалавека, ужо не атрымліваецца. Гэтая стадыя мінае разам з падлеткавым узростам. Да дарослых жа адносінаў з Богам, якія таксама маюць свае крызісы, але пабудаваныя ўжо на новым трывалым досведзе, таксама яшчэ далёка. Па-другое, свет, які адкрываецца чалавеку, што ўступае ў жыццё па-за сценамі бацькоўскага дому, вельмі рэдка ўдаецца жыць па дзесяці запаведзях. Так і выносіць маладога чалавека ў вір штодзённасці, нібы рыбу на незнаёмы бераг. Нібыта і мае ён магчымасць яшчэ наталіцца Жывой Вадой, але чамусьці часам сам не разумее, а ці хоча сапраўды быць з Богам? Ці хопіць на гэта сілы і смеласці?.. Цікава назіраць, як з кожным курсам амаль кожны з нас перажывае сваё змаганне з самім сабой, але таксама змагаемся мы часам і адзін з адным, бо адзін з сінонімаў маладосці, на мой погляд, — слова «бунт».
У нашых сустрэчаў доўга не было назвы, усё здавалася недастаткова крутым, недастаткова дарослым. Адна з версій дык і ўвогуле адразу адмяталася — «Filii Mariae» — «Дзеці Марыі». Ну якія мы дзеці, нам жа ажно за дваццаць ужо, дарослыя і самастойныя людзі! Працягваў верыць у гэтую назву толькі а. Ілля Саўчанка МІС, галоўны арганізатар курсу. Ён доўга глядзеў на нашыя спробы «скокнуць вышэй галавы» і прыдумаць нешта выбітнае (як нам здавалася), а потым проста абвясціў нам, што ў малітве прыйшоў да разумення, што назвы, лепшай за «Дзеці Марыі» для курсу не знайсці, і мы пакорліва згадзіліся. Цяпер я выразна бачу, колькі ў гэтым было жадання бунтаваць, вырывацца са стану дзяцей, але навошта? Ці не ў тым цуд адносінаў Бога і чалавека, што яны заўсёды любяць адзін аднаго як Бацька і дзіця, а не зводзяць дробязных дарослых рахункаў?
Не маглі мы напачатку дамовіцца і наконт тэмаў нашых сустрэчаў, бо кожны меў нейкі свой досвед духоўнай барацьбы, сваю зацікаўленасць у справах веры. На дапамогу, зноў у малітве, прыйшла ідэя прысвячаць кожную сустрэчу адной з дзесяці цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі, тым больш, што Вяночак да дзесяці цнотаў — традыцыйная малітва айцоў марыянаў. Так, напрыклад, майская сустрэча будзе прысвечаная тэме вернасці, а да гэтага мы разам з Марыяй разважалі над чыстасцю, мудрасцю і пакорлівасцю.
Цікавым было і развіццё нашага разумення адпачынку. Калі ў першыя сустрэчы мы спрабавалі рабіць вечары ўзроўню «дыпламатычнага прыёму» ў амбасадзе Вялікабрытаніі, то з цягам часу мы прыйшлі да таго, што можам быць шчаслівыя і проста пасля вясёлага вечару, праведзенага за настольнымі гульнямі. Але гэта не значыць, што мы адмовіліся ад больш прадуманых вечароў, проста цяпер ўсё залежыць ужо не ад узроўню падрыхтоўкі сцэнара, а ад простага жадання быць разам.
...Кожны човен, выходзячы ў адкрыты акіян, спачатку моцна хістаецца, і каб плаванне сапраўды было паспяховым, вельмі важна зразумець — пачатак будзе няпростым, вецер не адразу будзе напаўняць ветразі. Але чым больш людзей збіраецца ў імя Божае, тым большая ўстойлівасць у такой супольнасці, тым даўжэйшым будзе яе шлях. Таму мы шчыра запрашаем кожнага маладога чалавека далучацца да нашага падарожжа, ну а тых, хто ўжо даўно плыве з Хрыстом на трывалым караблі, просім аб малітве. Паверце, нам, маладым хрысціянам, яна вельмі патрэбная...
Паліна Грыб