
«Спакой вам!» — сказаў Езус Хрыстус сваім вучням, аб’явіўшыся ім пасля свайго ўваскрасення. Гэтыя першыя словы, прамоўленыя Панам да ўзрадаваных Апосталаў, заключаюць у сабе ўсю шматграннасць евангельскага паслання: гэта і суцяшэнне, і абяцанне, і заклік…
Шаноўныя чытачы, у жыцці кожнага з нас дастаткова турботаў, неспакою, трывогаў, болю і цярпенняў… Езус не абяцаў, што вызваліць нас ад усяго гэтага тут, у зямным жыцці, але далікатна і адначасова настойліва заклікаў даверыцца Яму, уваскросламу, які прайшоў праз муку і крыжовую смерць, і разам з Ім пражываць кожны свой дзень… Несумненна, Ён абавязкова адорыць нас і сваёю звышнатуральнаю радасцю, і сваім Боскім суцяшэннем, і сваімі шчодрымі ласкамі!
У гэтыя вясновыя дні вішнуем вас, дарагія чытачы, з радаснай урачыстасцю Уваскрасення Пана і жадаем, каб дзякуючы Яму вашае жыццё сапраўды напоўнілася спакоем, каб вы заўсёды адчувалі клапатлівую апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ў момант памірання Хрыста на крыжы стала і нашаю Маці, каб вам хапала духоўных і фізічных сілаў, натхнення і часу на самыя галоўныя рэчы ў свеце — на тое, каб дарыць любоў і прымаць яе!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Рэдкалегія часопісаў «Наша вера», «Ave Maria» і калектыў выдавецтва «Pro Christo».