Бэнэдыкт XVI адышоў у вечнасць

У апошні дзень 2022 года на 96-м годзе жыцця адышоў у вечнасць Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер), 265-ы Папа, які знаходзіўся на пасадзе святога Пятра з 19 красавіка 2005 года па 28 лютага 2013 года.

Апошнія гады свайго жыцця Папа эмэрыт правёў у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана, дзе ў цішыні і адасобленасці малітваю падтрымліваў святы Касцёл і свайго наступніка Папу Францішка. 

Пра смерць Бэнэдыкта XVI са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«З болем паведамляю, што Папа эмэрыт Бэнэдыкт XVI памёр сёння ў 9.34 у кляштары Mater Ecclesiæ у Ватыкане. Дадатковая інфармацыя з'явіцца як мага хутчэй»,— сказаў ватыканскі прэс-сакратар.

Вернікі змогуць развітацца з Бэнэдыктам XVI у панядзелак 2 студзеня 2023 года. У гэты дзень цела Папы эмэрыта будзе выстаўлена ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.

Матэо Бруні таксама паінфармаваў, што пахаванне запланавана на чацвер 5 студзеня ў 9.30. Пахавальныя абрады пройдуць на плошчы Святога Пятра. Плануецца, што іх узначаліць Папа Францішак.

У сераду 28 снежня падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак папрасіў маліцца за свайго цяжка хворага папярэдніка. З такою ж просьбаю ўвечары таго ж дня звярнуліся да вернікаў дыяцэзій Касцёла на Беларусі каталіцкія біскупы нашай краіны.

У апошнія дні здароўе Бэнэдыкта XVI пагоршылася ў сувязі са сталым узростам. Тым не менш, у чацвер з’явілася афіцыйная інфармацыя пра тое, што Папа эмэрыт знаходзіцца «ў поўнай яснасці розуму і прытомнасці».

Менавіта ў такім стане, падтрыманы малітвамі вернікаў ва ўсім свеце, Бэнэдыкт XVI ў суботу адышоў у вечнасць.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней