
14 і 15 кастрычніка 2022 года шматлікая колькасць святароў і вернікаў сабралася ў санктуарыі Маці Божай Барунскай на юбілейныя ўрачыстасці з нагоды вяртання сюды цудадзейнага абраза Багародзіцы.
Роўна 100 гадоў таму, 15 кастрычніка 1922 года, у сціплую вёсачку Баруны Ашмянскага раёна трыумфальна вярнуўся з-за мяжы цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай, які праз стагоддзі славіўся незлічонымі цудамі. Гісторыя абраза сягае ў сярэдзіну XVII стагоддзя, калі Багародзіца сярод лясоў і балотаў абрала гэта месца, каб дапамагаць вернаму люду. Абраз Маці Божай працы невядомага мастака ў той час быў ва ўласнасці ксяндза Язафата Бражыча з ордэну базыліянаў, вельмі пабожнага і аскетычнага місіянера. Перад сваёю смерцю ў 1683 годзе ён перадаў гэты абраз сваяку Мікалаю Песляку, які жыў недалёка ад месца, дзе пазней паўсталі Баруны. Незвычайнымі аб’яўленнямі Багародзіца дала знак гэтаму чалавеку, што прагне, каб Яе абраз быў публічна шанаваны менавіта тут, а вёска называлася Барунамі.

У 1691 годзе цудоўным чынам аздароўлены ад цяжкай хваробы Песляк паставіў у лесе пры дарозе крыж, а на ім змясціў абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Хворыя людзі, якія ўшаноўвалі абраз, атрымлівалі аздараўленне. Чутка пра гэта хутка разляцелася па ўсім наваколлі. Вернікі шчодра складалі ахвяры і ўжо праз год цудоўны абраз Багародзіцы быў урачыста змешчаны ў новазбудаваным драўляным касцёле. Праз некалькі гадоў тут паўстаў кляштар айцоў базыліянаў і велічная мураваная святыня.
У выніку розных гістарычных перэпетый цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай быў вымушаны доўгі час вандраваць па-за межамі нашай краіны, у прыватнасці, у Вільні, Кракаве, Закапаным. Аднак Маці Божая Барунская прагнула вярнуцца ў абранае аднойчы Ёю месца — і Яна вярнулася! Гэта быў сапраўдны цуд, бо вядома, якія былі часы на нашай зямлі ў 1922 годзе.

Незлічоная колькасць людзей тады сустракала Багародзіцу ў Яе цудоўным абразе на станцыі Ашмяны, бо менавіта туды абраз прыбыў з Вільні. У працэсіі вернікі неслі яго ў Жупраны, а потым у касцёле ўсю ноч трывалі ў малітоўным чуванні. Раніцаю 15 кастрычніка працэсія з абразом Маці Божай вырушыла ў Баруны, у касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла.
І вось праз 100 гадоў 14 і 15 кастрычніка 2022 года шматлікая колькасць святароў і вернікаў сабралася ў санктуарыі Маці Божай Барунскай на юбілейныя ўрачыстасці з нагоды вяртання сюды цудадзейнага абраза Багародзіцы. Як і 100 гадоў таму, вернікі 14 кастрычніка трывалі ўсю ноч у малітве, а 15 кастрычніка а 12-й гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша. Вельмі сардэчна ўсіх сабраных прывітаў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. Цэлебраваў святую Імшу Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Гамілію падчас літургіі прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У святой Імшы бралі ўдзел таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі і Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў Сяргей Гаек. Радавала вока прысутнасць вялікай колькасці святароў, законных сясцёр, семінарыстаў і Божага люду — як мясцовых вернікаў, так і пілігрымаў.






























































Падчас гаміліі, як заўсёды, вельмі змястоўнай, павучальнай і кранальнай, заслужаны іерарх арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з удзячнасцю ўзгадаў святароў, якія служылі ў барунскім касцёле і старана распаўсюджвалі культ Маці Божай Барунскай. Сярод іх — кс. Станіслаў Казлоўскі, кс. Люцыян Дамброўскі, кс. Ян Матусевіч, кс. Генрых Багушэвіч. Падзякаваў арцыпастыр цяперашняму пробашчу касцёла і кусташу санктуарыя Маці Божай Барунскай ксяндзу Паўлу Паўлюкевічу за яго клопат пра святыню і пра душы людзей, якія яе наведваюць. Асаблівая ўвага іерарха была звернута на Марыю, якая праз свой цудадзейны барунскі абраз больш за 330 гадоў выпрошвае ў свайго Сына Езуса Хрыста шчодрыя ласкі для вернікаў. Суцяшае ў горы, дапамагае ў патрэбе, аздараўляе хворых, таму і атрымала тытул Суцяшальніцы Засмучаных. «Мы павінны не толькі захапляцца Марыяй, але і наследаваць Яе ў сваім жыцці», — пажадаў усім арцыбіскуп.

Напрыканцы літургіі адбылася працэсія вакол касцёла з Эўхарыстычным Езусам. Дзеці старанна сыпалі пялёсткі кветак пад ногі Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, а верны люд на чале з іерархамі і святарамі праслаўляў Збаўцу сваімі шчырымі спевамі. Пасля набажэнства гучала шмат віншаванняў і цёплых слоў з нагоды вялікага юбілею вяртання цудадзейнага абраза Маці Божай у Баруны. Выказвалася надзея, што гэта ўрачыстасць стане добрым штуршком для яшчэ большага пашырэння культу Маці Божай Барунскай у Яе цудоўным абразе. У канцы ўрачыстасці перад выявай Маці Божай Барунскай біскуп Алег Буткевіч у лучнасці з іерархамі прачытаў малітву да Найсвяцейшай Панны Марыі, Суцяшальніцы Засмучаных, даручыўшы наш край Яе апецы.
Галіна Калевіч.
Фота Мікалая Новікава.



