З Ружанцам па жыцці. Выйшаў кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria»

У месяцы кастрычніку, які традыцыйна прысвечаны малітве на ружанцы, у беларускім Касцёле распачынаецца падрыхтоўка да святкавання 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. З гэтай нагоды кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria» адкрываецца зваротам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка тлумачыць чытачам умовы адпусту, які вернікі могуць атрымаць за ружанцовую малітву.

Розным аспектам ружанцовай малітвы, яе гісторыі і значэнню для католікаў прысвечаны матэрыялы «Тэалагічна-структурны аналіз ружанцовай малітвы» і «Ружанец — малітва, якая захавала Еўропу».

Нумар упрыгожваюць пранікнёныя вершы нашых пастаянных аўтараў Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч.

Чытайце у таксама ў часопісе грунтоўнае інтэрв’ю галоўнага рэдактара Крыстыны Лялько з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР, заснавальнікам Ружанцовага кангрэсу, які ўжо шэсць гадоў праходзіць у Магілёве. Мы друкуем таксама матэрыял а. Рамана, прысвечаны умовам добрай ружанцовай малітвы.

Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра цікавае паняцце евангельскай старасці і пра канфлікт пакаленняў.

Кс. Кірыл Бардонаў у рубрыцы «Старонка касцёльнага суддзі», прысвечанай юрыдычным прадпісанням Касцёла, распавядае, у якіх выпадках святар можа адмовіцца пахрысціць дзіця.

Наш пастаянны аўтар Галіна Калевіч працягвае дзяліцца з чытачамі гісторыямі розных людзей, іх сведчаннямі веры і дзеяння Бога ў жыцці. У гэтым нумары сваім досведам дзеліцца Люцыя Заблоцкая, парафіянка касцёла ў Барунах, дзе захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці, Суцяшальніцы Засмучаных.

А на вокладцы гэтага нумара «Ave Maria» вы знойдзеце гісторыю цудоўнага абраза Маці Божай Барунскай і малітвы да Яе.

Сваёй радасцю з чытачамі часопіса дзеляцца парафіяне Сянно, дзе праз 60 гадоў пасля разбурэння быў асвечаны новы касцёл Святой Тройцы, пабудаваны намаганнямі вернікаў.

Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк у сваім матэрыяле распавядае чытачам пра слугу Божага Эдварда Вайніловіча — аднаго з вядомых беларускіх дабрачынцаў, дзякуючы якому ў Мінску быў пабудаваны касцёл святога Сымона і святой Алены.

Віктар Ведзень працягвае распавядяць пра аўтамабільную пілігрымку з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Гэтым разам мы патрапім у Празарокі, Дзятлава, Маладзечна і Канстанцінава.

Шаноўныя чытачы! Мы заўсёды рады бачыць вашыя водгукі на публікацыі ў «Ave Maria» і запрашаем вас пісаць нам і дзяліцца сваімі думкамі і сведчаннямі. У кастрычніцкім нумары мы публікуем некалькі вашых натхняльных лістоў.

Рэдакцыя часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» са смуткам паведамляе, што ў верасні ў Варшаве пасля цяжкай хваробы адышоў да Дому Айца а. Станіслаў Памыкала SJ, які шмат гадоў праслужыў у Віцебскай дыяцэзіі і быў дарадцам па духоўнай літаратуры, якая рыхтавалася ў выдавецтве «Про Хрысто», і аўтарам часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера».

Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:

Instagram.com/avemariaby

facebook.com/avemariaby

vk.com/avemariaby

ok.ru/avemariaby

t.me/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней