Пастыр па натхненні Духа Святога

Віншуем ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, пробашча парафіі Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка, з залатым юбілеем! 

Бываюць месцы, куды заўсёды можна прыйсці, як у родны дом, і людзі, якія там пры кожнай сустрэчы па-айцоўску, прыязна і зычліва прымуць цябе, праяўляючы не фармальную, а праўдзівую шчырасць і адкры­тасць свайго вялікага сэрца. Такім чалавекам з’яўляецца ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, пробашч парафіі Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка. Сёлета ён адзначае залаты 50-гадовы юбілей. Як цудоўны арганізатар супольнага духоўнага жыцця парафіі ксёндз Ян сапраўды ўчыніў касцёл Святога Духа такім месцам, дзе пануе парадак і велікадушная атмасфера: сюды прыходзіш сапраўды памаліцца і не мусіш выслухоўваць адцягнутыя развагі, мала звязаныя з літургічнаю датаю ці біблійнымі чытаннямі, таму што кожнае слова ксяндза Яна Крэміса як пастыра і прапаведніка — дарэчнае, прадуманае, трапнае і, безумоўна, вынашанае ў сэрцы. Асаблівасць казанняў нашага пробашча ў тым, што ён умее паказаць новыя адценні і нюансы нават у самых вядомых фрагментах Святога Пісання. Так, нядаўна аднаго яго сказа мне хапіла, каб некалькі тыдняў потым згадваць у сэрцы прамоўленыя словы. Разважанне святара будавалася вакол звыклай, ужо «заезджанай» намі, хрысціянамі, фразы Езуса Хрыста: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мк 8, 34). Жадаючы па-новаму звярнуць нашу ўвагу на гэтае вядомае выказванне, ксёндз Ян вельмі выразна, задуменна акцэнтаваў кожнае слова: «…Чалавек возьме што? Крыж! Чый? Свой! І робіць што? Ідзе!..» «Сапраўды, — думалася мне пасля тае святой Імшы, — як часта я лічу сваім „хрысціянскім абавязкам“ узяць не свой крыж, а чужы, вырашаю пабочныя праблемы, уцякаючы ад сваіх уласных большых ці меншых крыжыкаў. Ды не іду, а стаю і стагну пад гэтым цяжарам…» Так, не трэба эпатажных словаў, мудрагелістых выказванняў, дастаткова засяродзіцца на істотным і сутнасным…

Гэтая ўласцівасць ксяндза Яна Крэміса праяўляецца ва ўсіх яго шматлікіх справах, якія прыносяць багаты плён. Юбілей пробашча сімвалічна супаў з 10-годдзем благаслаўлення вуглавога каменя для касцёла, над будоўляю якога ён рупліва працаваў усе гэтыя гады. Ксёндз Ян умее таксама ўдала матываваць вернікаў, каб яны, па сваіх магчымасцях, далучаліся да гэтай агульнай парафіяльнай справы і — што самае важнае — адчувалі сябе ацэненымі, на аснове дакладных фактаў бачылі, які ўнёсак яны асабіста зрабілі дзеля развіцця парафіі, напрыклад, у чым дапамаглі істотна сэканоміць або як паспрыялі ў вырашэнні цяжкасцяў.

Аднак развіццё парафіі заўсёды было далёка не адзіным клопатам ксяндза Яна. Вельмі значную частку сваёй працы ён прысвячае Мінскаму тэалагічнаму каледжу імя святога Яна Хрысціцеля, дырэктарам якога з’яўляецца з 2013 года. Заснаванне новай навучальнай установы (фактычна каледж вырас са створанага ў 2010 годзе Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), а таксама вырашэнне ўсіх клопатаў, звязаных з яе рэгістрацыяй і развіццём, наладжванне бесперапыннай высокакваліфікаванай працы — заўсёды надзвычай складаная справа, але, нягле­дзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, ніколі не даводзілася бачыць ксяндза Яна расчараваным, разгубленым ці знерваваным — гэта выразнае сведчанне таго, што ён мае поўны давер да Пана Бога і, як заўсёды, дакладна і сумленна выконвае сваю працу, клапоцячыся пра пашырэнне рэлігійнай адукацыі, умацаванне веры і падрыхтоўку спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.

Мне даводзіцца таксама асабіста супрацоўнічаць з ксяндзом Янам у сваёй прафесійнай справе — у падрыхтоўцы да выдання рэлігійнай літаратуры, таму што, акрамя ўсяго пералічанага, наш пробашч з’яўляецца Старшынёю Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Як жа не падзякаваць ксяндзу Яну за ўдумлівае чытанне ўсіх тэкстаў, за слушнасць цэнзарскіх правак і проста добрыя падказкі ў працы над кнігамі, кожную з якіх ён прапускае праз свае рукі, вочы і сваю душу! Хіба, інакш і не можа працаваць чалавек, які перакананы, што выданне рэлігійных тэкстаў на роднай мове — гэта рэалізацыя дару Духа Святога, які сышоў на Апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы, і яны пачалі прамаўляць на мовах розных народаў. Па шчодрых плёнах працы ксяндза Яна відаць, што ўся яго руплівая дзейнасць натуральна знітаваная жаданнем ісці за натхненнем Духа Святога і быць добраю прыладаю ў спаўненні Яго жыццядайных задумаў, таму і касцёл, пабудаваны ксян­дзом Янам Крэмісам, носіць тытул гэтай Боскай Асобы.

Шаноўны ксёндз Ян, ад шчырага сэрца дзякуем Вам за шматграннае ахвярнае служэнне Богу, за нястомную працу і прыклад сапраўднай хрысціянскай руплівасці! На наступнага шчаслівага і плённага паўвеку жадаем Вам духоўнай і фізічнай моцы, благаслаўлення Божага ва ўсіх далейшых пачынаннях (мы верым, што іх будзе таксама багата), і няхай Дух Святы вядзе Вас сваімі шляхамі, заўсёды натхняючы, суцяшаючы, настаўляючы і падтрымліваючы!


З удзячнасцю, малітваю і глыбокаю пашанаю,
Ганна Шаўчэнка
ад імя вернікаў парафіі Святога Духа ў Мінску.

 

Рэдакцыя «Ave Maria» і выдавецтва «Про Хрысто» далучаюцца да юбілейнага віншавання, дзякуюць шаноўнаму юбіляру за плённае шматгадовае супрацоўніцтва, за клапатлівыя і ўважлівыя адносіны да працы над словам, спрыянне і дапамогу ў выданні каталіцкай літаратуры.

Шаноўны ксёндз Ян, зычым Вам і надалей не губляць творчага запалу, энергіі і заўсёды быць у выдатнай духоўнай і фізічнай форме. Няхай Ваш святарскі шлях заўсёды атуляе сваёю нястомнаю апекаю Міласэрная Маці.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней