На хвалу Пану Богу: у Віцебску адбылося асвячэнне фігуры Маці Божай

12 ліпеня на дзядзінцы віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылося асвячэнне фігуры Маці Божай. Устаноўленая адмыслова да дня ўспаміну Маці Божай Шкаплернай у атачэнні туяў і кветніка наўзбоч плябаніі, яна не толькі прыгожа ўпісалася ў відарыс касцёльнай тэрыторыі, але і стане цяпер тым месцам, дзе кожны зможа, не заходзячы нават у святыню, памаліцца да Маці Езуса ў патрэбнай інтэнцыі, скласці да Яе свае просьбы, падзякаваць за спагаду і зычлівасць.

Абрад асвячэння фігуры правёў па нядзельнай святой Імшы пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Валеры Марціноўскі. Займаліся ж падрыхтоўкаю пляцоўкі для ўсталявання і ўсталяваннем самі парафіяне. Асабліва вызначыліся ў гэтай высакароднай справе сужэнцы Іосіф і Ніна Антонавы. Наогул, як адзначыў старшыня парафіяльнае рады Пётр Глод, з’яўленне ля касцёла фігуры Маці Божай – падарунак парафіянаў самім сабе. Самі прынялі рашэнне аб набыцці ды ўсталяванні, самі яго і ажыццявілі.

Другім добрым падарункам вернікаў парафіі самім сабе да дня Маці Божай Шкаплернай стала хрысцільная купель. Толькі ўжо гэты падарунак – індывідуальны. Ахвярадаўцамі яго сталі дзве сужэнскія пары: Таццяна і Дзмітрый Образавы і Вольга ды Сяргей Белабровы. І хаця, напрыклад, трое ўнукаў Таццяны і Дзмітрыя даўно ахрышчаныя, гэта перашкодаю для іх у справе такой дабрачыннасці, як і для Вольгі ды Сяргея, не стала. Бо ў парафіі нямала моладзі, для якой такая важная рэч неаднойчы, мабыць, прыдасца. А за тых, дзякуючы каму яна тут з’явілася, удзячныя парафіяне шчыра памоляцца да Пана Бога аб неабходных ласках.

Францішак Дубраўскі
Здымкі с. Серафіны Мацулевіч і Алы Малахоўскай

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней