«Дзень, поўны радасці, настаў!»

Госці з Бешанковічаў і Бачэйкава
Госці з Бешанковічаў і Бачэйкава

Пад такою назвай 19 красавіка ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася вечарына, прысвечаная святу Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста.

Дагэтуль супрацоўніцтва дыяцэзіяльнай каталіцкай супольнасці Віцебшчыны з галоўнаю бібліятэчнаю ўстановай рэгіёна абмяжоўвалася каляднымі імпрэзамі, таму цяперашнюю ў плане развіцця культурніцкіх кантактаў можна лічыць знакавай, што яскрава засведчылі і прысутнасць на ёй ардынарыя дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, і адміністрацыі бібліятэкі на чале з яе дырэктарам Таццянай Адамян, і ўзровень падрыхтоўкі святочнай праграмы, аснову якой, як і заўсёды падчас такіх імпрэзаў, склалі рэлігійныя спевы, празаічныя ды паэтычныя творы духоўнага кірунку, інтэрпрэтацыі ўзораў фальклорнай спеўна-музычнай культуры.

З улікам таго, што вечарына адбывалася ў перыяд паміж святкаваннем Вялікадня прадстаўнікамі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, бралі ў ёй удзел і адны, і другія. Вынікам супрацы стала відовішчнае дзейства, якое і падставу для роздуму аб горнім стварала, і добраму настрою з нагоды вялікай падзеі Уваскрасення Збаўцы, нягледзячы на трагічныя падзеі апошняга часу, спрыяла, і надзею на лепшае мацавала. У немалой ступені – дзякуючы дэталёва прадуманай, зладжанай працы вядоўцаў мерапрыемства: загадчыцы аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларысы Рагачовай і верніка парафіі Езуса Міласэрнага, культработніка Васіля Мядзюхі.

Хор катэдральнага касцёла
Хор катэдральнага касцёла

Адкрываў вечарыну хор парафіі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы. Як заўсёды, удзельнікі яго рабілі сваю справу натхнёна, з любоўю да таго, з чым выйшлі да публікі, чым міжволі запалілі яе жаданне не проста слухаць, але і суперажываць, падтрымаць і спевам, і дружнымі воплескамі. Гэты ж калектыў, дарэчы, і закрываў свята імправізаваным спевам-развітаннем, быццам адмыслова ставячы запамінальнае шматкроп’е з надзеяй на працяг падобных сустрэчаў у будучыні.

Апроч хору, парафіяне галоўнай святыні дыяцэзіі разам са сваім пробашчам Валерыем Марціноўскім паказалі і іншыя нумары: у цудоўным выкананні вернікаў Алега Рудзько, Марыі Ткачэнкі і сястры Серафіны прагучалі вершы Рыгора Барадуліна, Мар’яна Дуксы, Ірыны Багдановіч з нізак у часопісе «Наша вера». У чарговы раз парадаваў прысутных выдатным дэкламаваннем прозы (паданнем пра велікоднае яйка) заўсёдны ўдзельнік такіх імпрэзаў Мікола Клімаў.

Добрым сюрпрызам стала для аўдыторыі выступленне іншагародніх гасцей — народнага самадзейнага калектыву «Крыніца» філіяла «Бачэйкаўскі СДК» і народнага ансамбля народнай песні «Весялуха» ўстановы «Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры».  Іх дасціпная, вытрыманая ў стылі народнага гуляння праграма літаральна паланіла ўсіх. Густоўныя спевы з характэрнымі словамі гаворак жыхароў паўночнага Прыдзвіння, жартоўныя гульні, перапевы – усё гэта дэманстравала і талент продкаў, што стварылі гэткі мастацкі цуд, і шчырае жаданне выканаўцаў данесці неацэнны народны скарб да сучаснага слухача, пашырыць кола тых, каму гэты скарб, запаўшы аднойчы ў душу, назаўсёды стане дарагім і родным.

Гульня. Качанне яек.
Гульня. Качанне яек.

Без перабольшання, выклікаў узрушэнне ў зале заклік да ўдзелу ў імправізаваным качанні яек. Быццам да часоў дзяцінства вярнуліся людзі старэйшага веку, быццам сведкамі падарожжа ў часе да пары маладосці дзядоў і бацькоў сталі маладзейшыя. Прызы ў выглядзе здабытых яек найбольш пашчасціла атрымаць дырэктару бібліятэкі Таццяне Адамян: так, мабыць, за гасціннасць бібліятэкараў сам лёс гаспадарам у гэты светлы веснавы дзень аддзячыў…

Біскуп Алег Буткевіч
Біскуп Алег Буткевіч

Фінальным акордам імпрэзы стала выступленне біскупа Алега Буткевіча, які пасля слова пра Змёртвыхпаўстанне ўкрыжаванага за кожнага з нас Езуса праспяваў пад уласны акампанемент вядомую амаль кожнаму католіку песню «Любоўю жыць».


Францішак Дубраўскі.
Фота Вольгі Дарафеевай.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней