Разам з новым нумарам часопіса разважаем пра важнасць супакою ў свеце і ў нашых душах

Анонс № 4, 2022. Красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны важнасці супакою ў свеце і ў нашых душах. Гэта адно з тых вечных пытанняў, якія заўсёды турбуюць чалавецтва, і адна з найбольшых каштоўнасцяў, без якой усе іншыя хутка становяцца марнасцю.

Асаблівае месца ў гэтым нумары займаюць публікацыі надзвычай важных і актуальных у гэтыя дні дакументаў: «Чыну прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі», урыўка з канстытуцыі Gaudium et spes Другога Ватыканскага Сабору «Захаванне спакою і развіццё міжнароднай супольнасці» і паслання папы Пія ХІІ на Вялікдзень 1941 года «Не аслабляйце сваёй малітоўнай пільнасці!». На вокладцы часопіса мы друкуем некалькі малітваў аб супакоі і літанію да Маці Божай, Каралевы супакою.

Тэме супакою прысвечаны і матэрыял айца Юрыя Кулая OCD з рубрыкі «Школа малітвы», а ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» разам з ксяндзом Андрэем Рылкам прапануем паразважаць пра вайну і ваяўнічасць праз прызму Святога Пісання.

Ксёндз Ігар Лашук распавядае аб сваёй пілігрымцы па Палессі з фігураю святога Арханёла Міхала і копіяй абраза Маці Божай Юравіцкай у інтэнцыі супакою ва Украіне.

Мы прапануем чытачам шукаць спакой і ўнутраную раўнавагу з дапамогаю ўрыўкаў з Бібліі і выказванняў святых і славутых людзей, прысвечаных супакою і міру, якія выбрала і падрыхтавала Іна Бігель. Практычныя парады аб тым, як пераадолець стрэс, дае ў сваім артыкуле Юлія Шэдзько.

Ганна Шаўчэнка заклікае паразважаць над падзеямі нашага жыцця, трывогамі, няўпэўненасцю і клопатамі ў святле евангельскіх урыўкаў аб уваскрасенні Хрыста. Сведчанне аб досведзе прабачэння ў цяжкіх жыццёвых абставінах падрыхтавала Галіна Калевіч.

Віктар Ведзень працягвае дзяліцца з чытачамі «Ave Maria» ўспамінамі аб аўтамабільнай пілігрымцы па Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.

Старонкі часопіса ўпрыгожваюць вершы Дануты Бічэль і Антаніны Святохі.

Вялікі дзякуй за вашыя лісты, шаноўныя чытачы! У гэтым нумары часопіса мы дзелімся з вамі ўспамінамі Антаніны Святохі аб касцёле св. Юзафа ў Маладзечне і яго парафіянах, а таксама публікуем ліст Марыі Качаноўскай з Негарэлага, дзе яна задаецца важным пытаннем — як ставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці.

Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:

 

Instagram.com/avemariaby

facebook.com/avemariaby

vk.com/avemariaby

ok.ru/avemariaby

t.me/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней