
З канстытуцыі Gaudium et spes Другога Ватыканскага Сабору
Уводзіны
У наш час, калі людзі ўсё яшчэ церпяць страшэнныя няшчасці і цяжкасці, выкліканыя лютаваннем ці пагрозай вайны, усё чалавецтва ў працэсе свайго сталення дасягнула моманту найвялікшай небяспекі. Паступова збіраючыся ў адно, усведамляючы ўсё больш сваю еднасць, людзі здолеюць здзейсніць справу, якая стаіць перад імі, — зрабіць свет больш гуманным на ўсёй зямлі, аднак пры ўмове, што ўсе ў адноўленым духу звернуцца да сапраўднага спакою. З гэтага вынікае, што евангельская навіна заўсёды адпавядае узвышаным імкненням і спадзяванням чалавецтва і ззяе ў нашыя часы з новым бляскам, называючы шчаслівымі міратворцаў, «бо яны сынамі Божымі названыя будуць» (Мц 5, 9).
Таму Сабор тлумачыць сапраўдны і ўзнёслы сэнс спакою, асуджае жудасць вайны, горача жадае заклікаць хрысціянаў, каб з дапамогай Хрыста, які ёсць крыніцай спакою, яны супрацоўнічалі з усімі людзьмі дзеля ўмацавання сярод іх спакою ў справядлівасці і любові і ў пошуку сродкаў, якія садзейнічаюць спакою.
Сутнасць спакою
Спакой — гэта не проста адсутнасць вайны, не толькі стан раўнавагі супярэчных сіл. Спакой не нараджаецца з дэспатычнага дамінавання, але слушна і трапна ён названы «справай справядлівасці» (Іс 32, 17). Ён з’яўляецца плёнам парадку, дадзенага чалавечаму грамадству яго Боскім заснавальнікам; дзеля яго ажыццяўлення павінны працаваць людзі, якія прагнуць усё больш дасканалай справядлівасці. Хоць агульным дабром чалавецтва па сутнасці кіруе найперш спрадвечны закон, тым не менш, у сваіх канкрэтных выяўленнях яно з цягам часу няспынна змяняецца, таму спакою немагчыма дасягнуць раз і назаўсёды, а трэба пастаянна будаваць. Акрамя таго, паколькі чалавечая воля зменлівая і зраненая грахом, клопат пра спакой патрабуе ад кожнага чалавека няспыннага ўтаймавання прагненняў, а ад правамоцнай улады — пільнасці.
Аднак і гэтага недастаткова. Такога спакою на зямлі нельга дасягнуць, калі не будзе забяспечана дабро асобы і калі людзі не будуць з даверам і добраахвотна дзяліцца паміж сабой багаццямі свайго розуму і духу. Для будавання спакою неабходна цвёрдае жаданне паважаць іншых людзей, народы і іх годнасць, а таксама руплівае практыкаванне братэрства. Таму спакой з’яўляецца таксама плёнам любові, якая значна пераўзыходзіць тое, што можа даць справядлівасць.
Зямны спакой, які ўзнікае з любові да бліжняга, — гэта вобраз і вынік Хрыстовага спакою, які паходзіць ад Бога Айца. Сам уцелаўлёны Сын, Князь спакою, праз свой крыж прымірыў усіх людзей з Богам, а вяртаючы ўсім еднасць у адным Народзе і ў адным Целе, забіў нянавісць у сваім целе1 і, узвышаны праз уваскрасенне, спаслаў Духа любові ў чалавечыя сэрцы.
Таму да хрысціянаў скіраваны настойлівы заклік, каб «робячы праўду ў любові» (Эф 4, 15), яны ядналіся з сапраўды мірна настроенымі людзьмі, каб у малітвах выпрасіць і аднавіць спакой.
Узрушаныя тым жа духам, мы павінны хваліць тых, хто адмаўляецца ад гвалту пры адстойванні сваіх правоў і звяртаецца да такіх сродкаў абароны, якія даступныя нават слабейшым, калі гэта магчыма без парушэння правоў і абавязкаў іншых людзей ці грамадства.
Паколькі людзі грэшныя, небяспека вайны будзе пагражаць ім аж да прыйсця Хрыста. А калі яны, паяднаныя ў любові, перамагаюць грэх, то пераадольваецца і насілле, пакуль не споўняцца словы: «Перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць» (Іс 2, 4).
І. ПРАДУХІЛЕННЕ ВАЙНЫ
Стрыманне жорсткасці войнаў
Хоць апошнія войны прынеслі свету вельмі вялікія матэрыяльныя і маральныя страты, аднак дагэтуль яшчэ вайна працягвае спусташаць тыя ці іншыя краіны свету. Горш за тое, выкарыстанне разнастайнай навукова распрацаванай зброі ў ваенных дзеяннях і ўласцівая вайне жорсткасць пагражаюць прывесці варагуючыя бакі да варварства, якое нашмат пераўзыдзе варварства мінулых часоў. Больш за тое, складанасць сучасных умоваў жыцця і заблытанасць у міжнародных адносінах робяць магчымым працяг закамуфляваных войнаў пры дапамозе новых, падступных і нават падрыўных метадаў. У многіх абставінах выкарыстанне тэрору лічыцца новым спосабам вядзення вайны.
Гледзячы на гэты ганебны стан чалавецтва, Сабор перадусім жадае аднавіць у памяці неад’емны натуральны закон народаў і яго ўніверсальныя прынцыпы. Само сумленне чалавецтва абвяшчае гэтыя прынцыпы з усё большай рашучасцю. Таму дзеянні, супярэчныя гэтым прынцыпам, а таксама загады, якія прадпісваюць здзяйсняць гэтыя дзеянні, з’яўляюцца злачыннымі, бо сляпая паслухмянасць не можа служыць апраўданнем для тых, хто іх выконвае. Да такіх дзеянняў трэба залічыць найперш тыя, пры дапамозе якіх планава і метадычна знішчаецца нейкае племя, народ ці нацыянальная меншасць. Гэта неабходна бязлітасна асудзіць як жудасныя злачынствы.У сваю чаргу трэба высока ацаніць адвагу людзей, якія не баяцца адкрыта выступіць супраць тых, хто дае такія загады.
У справах вайны існуюць розныя міжнародныя дамовы, падпісаныя многімі народамі з мэтаю зрабіць ваенныя дзеянні і іх наступствы больш гуманнымі — гэта канвенцыі, якія датычаць лёсу параненых вайскоўцаў і ваеннапалонных, а таксама разнастайныя дэкларацыі такога кшталту. Гэтыя дамовы трэба выконваць. Больш за тое, усе, асабліва грамадскія ўлады і эксперты ў гэтых справах, павінны прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб дадзеныя дамовы выконваліся і спрыялі лепшаму і больш эфектыўнаму стрыманню жудаснасці войнаў. Акрамя таго, здаецца слушным, каб заканадаўства выказала гуманную прадбачлівасць адносна тых, хто з матываў свайго сумлення адмаўляецца выкарыстоўваць зброю, каб яны выбралі іншую форму служэння чалавечай супольнасці.
Нягледзячы на ўсё, вайна не выкаранена з чалавечых справаў. Пакуль будзе існаваць небяспека вайны пры адначасовым недахопе міжнароднай улады, якая будзе мець неабходныя кампетэнцыі і забяспечвацца адпаведнай сілай, урадам нельга будзе адмаўляць у праве неабходнай абароны, калі толькі папярэдне яны вычарпаюць усе сродкі мірных перамоваў. Таму на кіраўнікоў дзяржаў і на іншых дзяржаўных асобаў, адказных разам з імі за лёс дзяржавы, ускладзены абавязак абараняць бяспеку даручаных ім народаў і сур’ёзна падыходзіць да гэтай справы, бо весці ваенныя дзеянні з мэтаю справядлівай абароны — гэта адно, а зусім іншае — жаданне падняволіць іншыя народы. Ваенная моц не апраўдвае ніякае яе выкарыстанне ў ваенных ці палітычных мэтах, а калі вайна ўжо, на жаль, распачалася, не ўсё таксама дазволена і варагуючым бакам.
Той, хто прысвячае сябе служэнню радзіме ў войску, павінен лічыць сябе слугою бяспекі і свабоды народаў, бо калі ён належна выконвае гэтае заданне, то сапраўды спрыяе ўмацаванню спакою.
Татальная вайна
Жах і ліхалецце вайны нязмерна ўзрастаюць з прасоўваннем у распрацоўцы зброі. Ваенныя дзеянні з выкарыстаннем гэтай зброі могуць прывесці да вялізнага і непрадказальнага знішчэння, якое выходзіць далёка за межы неабходнай абароны. Больш за тое, выкарыстанне ўсіх сродкаў, назапашаных вялікімі дзяржавамі, можа прывесці да амаль поўнага двухбаковага знішчэння варожых бакоў, не кажучы ўжо пра разнастайныя спусташэнні ў свеце і згубныя наступствы, якія вынікаюць з выкарыстання гэтай зброі.
Усё гэта прымушае нас разглядаць праблему вайны ў цалкам новым аспекце2. Няхай сучаснікі ведаюць, што яны будуць вымушаны несці сур’ёзную адказнасць за свае ваенныя дзеянні, бо ад іх сённяшніх намераў у вялікай ступені залежыць будучыня.
Маючы гэта на ўвазе, гэты Святы Сабор салідарны з асуджэннем татальнай вайны, зробленым апошнімі Найвышэйшымі Пантыфікамі3, і са свайго боку заяўляе:
– усе ваенныя дзеянні, скіраваныя без выключэння на знішчэнне цэлых гарадоў ці большых рэгіёнаў краіны з іх жыхарамі, — гэта злачынства супраць Бога і самога чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння;
– асаблівая небяспека сучаснай вайны заключаецца ў тым, што яна нібы дае тым, хто валодае сучаснымі навукова распрацаванымі відамі зброі, магчымасць здзяйсняць такія злачынствы і ў выніку нейкай незваротнай выпадковасці можа штурхнуць людзей да самых жорсткіх задумаў; таму, каб у будучыні гэта ніколі не здарылася, біскупы ўсяго свету, сабраныя разам, заклікаюць усіх, асабліва кіраўнікоў народаў і галоўнае ваеннае камандаванне, няспынна памятаць пра сваю вялізную адказнасць перад Богам і перад усім чалавецтвам.
Гонка ўзбраенняў
Навукова распрацаваная зброя назапашваецца не толькі для выкарыстання яе падчас вайны. Лічыцца, што надзейнасць абароны кожнага з бакоў залежыць ад магчымасці імгненнага паражэння праціўніка. У сувязі з гэтым назапашванне зброі, якое расце з кожным годам, павінна гэткім незвычайным чынам служыць запалохванню патэнцыяльных агрэсараў. Вельмі многія лічаць гэта сёння самым эфектыўным сродкам забеспячэння спакою паміж народамі.
Як бы ні складвалася справа з такім спосабам прадухілення вайны, няхай людзі будуць упэўнены, што гонка ўзбраенняў, да якой прыбягае досыць шмат дзяржаваў, не з’яўляецца бяспечным шляхам для захавання трывалага спакою, а звязаная з гэтым такая «раўнавага сілаў» не з’яўляецца пэўным і сапраўдным спакоем. Гэта не ліквідуе прычынаў вайны. Наадварот, узнікае пагроза, якая паволі яшчэ павялічваецца. Тое, што на вытворчасць больш новых відаў зброі выдаткоўваюцца велізарныя сродкі, не дазваляе эфектыўна справіцца са шматлікімі сучаснымі праблемамі людзей ва ўсім свеце. Замест таго каб шчыра і карэнным чынам ліквідаваць нязгоду паміж народамі, ёю заражаюць іншыя часткі свету. Таму трэба выбраць новы шлях, які бярэ пачатак з адноўленага духу, каб пераадолець гэтую прычыну супярэчнасцяў і каб вярнуць свету, вызваленаму ад уціску трывогі, што яго гняце, сапраўдны спакой.
Таму зноў трэба заявіць: гонка ўзбраенняў — гэта найгоршае бедства чалавецтва і ў той жа час невыносная крыўда для бедных. Трэба сур’ёзна асцерагацца таго, каб яна, калі будзе працягвацца далей, не прывяла да згубных бедстваў, для якіх ужо рыхтуе сродкі.
Атрымаўшы перасцярогу ад няшчасцяў, якія чалавецтва можа прынесці сабе, выкарыстаем дадзеную нам звыш мірную гадзіну, якой цешымся, каб з большай свядомасцю і адказнасцю знайсці шляхі вырашэння нашых спрэчак больш годным для чалавека спосабам. Божы Провід прыспешвае нас да таго, каб мы вызваліліся ад векавога рабства вайны. Калі ж мы не захочам прыкласці да гэтага намаганні, невядома, куды нас прывядзе той дрэнны шлях, на які мы сталі.
Неабходнасць поўнай забароны войнаў і міжнародныя дзеянні з мэтай іх прадухілення
Зразумела, што трэба настойліва старацца рыхтаваць усімі сіламі час, калі са згоды народаў можна будзе забараніць усялякую вайну. Канешне, гэта патрабуе ўстанаўлення нейкай універсальнай, усімі прызнанай грамадскай улады, якая б валодала эфектыўнай сілай, здольнай гарантаваць усім як бяспеку, так і захаванне справядлівасці і павагу правоў. Але перш чым можна будзе ўсталяваць гэту жаданую ўладу, трэба, каб сённяшнія найвышэйшыя міжнародныя арганізацыі рупліва шукалі лепшыя сродкі для дасягнення агульнай бяспекі. Паколькі спакой паміж народамі павінен узнікнуць хутчэй з узаемнага даверу, чым з узброенага тэрору, усе павінны паспрыяць таму, каб нарэшце спынілася гонка ўзбраенняў; каб раззбраенне пачалося фактычна; каб яно адбывалася не аднабакова, а раўнамерна, згодна з дамовай, і было забяспечана дзейснымі гарантыямі4.
Тым часам нельга недаацэньваць ужо зробленыя захады і намаганні, якія дагэтуль прыкладаюцца дзеля прадухілення небяспекі вайны. Трэба актыўна падтрымліваць добрую волю многіх людзей, якія, хоць і абцяжараныя вялізным клопатам сваіх функцый, усведамляючы значную сур’ёзнасць абавязку, ускладзенага на іх, стараюцца пазбегнуць вайны і глядзяць на яе з агідай, хоць павінны ўлічваць складанасць рэальных сітуацый. Трэба настойліва прасіць Бога, каб Ён даў ім сілы трывала і адважна выконваць гэтую вялікую справу любові да людзей, зместам якой з’яўляецца будаванне спакою. Гэтая задача сёння абавязвае іх розумам і духам выйсці па-за межы свайго народу, каб, пазбавіўшыся вузка нацыянальнага эгаізму і амбіцый панавання над іншымі народамі, яны пашыралі глыбокую пашану да ўсяго чалавецтва, якое з такімі цяжкасцямі ідзе да больш цеснага адзінства.
Гарачыя і няспынныя дэбаты на тэму спакою і раззбраення, як і міжнародныя кангрэсы, якія займаліся гэтай справай, трэба прызнаць першымі крокамі да вырашэння настолькі важных праблем. Іх трэба яшчэ больш энергічна падтрымліваць, каб у будучыні яны далі практычны плён. Але няхай людзі не спадзяюцца толькі на намаганні некаторых асобаў. Няхай дбаюць таксама пра ўласны ўдзел, бо кіраўнікі народаў, якім даручана агульнае дабро іхняга народу і ў той жа час спрыянне дабру ўсяго свету, вельмі залежаць ад духоўных поглядаў і настрояў шырокіх масаў грамадства. Іх намаганні ў будаванні спакою будуць дарэмныя, пакуль варожасць, пачуццё пагарды і недаверу, «расавая» нянавісць і заўзятыя ідэалогіі падзяляюць людзей і супрацьпастаўляюць іх. З гэтага вынікае пільная патрэба ў абнаўленні інтэлектуальнага выхавання і неабходнасць новага духу ў грамадскай думцы. Тыя, хто займаецца справай выхавання, асабліва моладзі, ці фарміруе грамадскую думку, павінны лічыць сваім першым абавязкам клопат пра тое, каб напаўняць розумы ўсіх духам новага, мірнага спосабу мыслення. Кожны з нас, маючы перад вачыма ўвесь свет і заданні, якія можам разам выканаць дзеля таго, каб чалавецтва накіроўвалася сёння да лепшага, павінен змяніць сваё сэрца.
Аднак няхай нас не падманвае фальшывая надзея. Калі пасля вырашэння праблемы варожасці і нянавісці ў будучыні не будуць заключаны годныя і сумленныя дамовы адносна ўніверсальнага спакою, чалавецтва, якое ўжо сёння знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы, хоць і мае значныя дасягненні ў навуцы, можа наблізіцца да той згубнай часіны, калі яму не будзе дадзена зведаць іншага спакою, як толькі жудаснага спакою смерці. Нягледзячы на гэта, Хрыстовы Касцёл, які знаходзіцца ў самым цэнтры трывогаў гэтага часу, кажучы пра ўсё гэта, у той жа час не перастае цвёрда спадзявацца і паслядоўна, у зручны і нязручны час, спрабуе данесці да сучаснага свету апостальскі заклік: «Вось цяпер зручны час», каб змяніць сэрца, «вось цяпер час збаўлення»5.
Паводле: «Дакументы Другога Ватыканскага Сабору». —
Мінск, «Про Хрысто». — 2008.
__________
1 Пар. Эф 2, 16; Клс 1, 20–22.
2 Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 aprilis 1963: AAS 55 (1963), p. 291: «Quare aetate hac nostra, quae vi atomica gloriatur, alienum est a ratione, bellum iam aptum esse ad violata iura sarcienda». (Таму ў нашу эпоху, якая ганарыцца атамнай сілай, неразумна было б меркаваць, што вайна прыдатная для аднаўлення парушаных правоў.)
3 Пар. PIUS XII, Allocutio 30 sept. 1954: AAS 46 (1954), p. 589; Nuntius radiophonicus, 24 dec. 1954: AAS 47 (1955), pp. 15ss.; IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris: AAS 55 (1963), pp. 286-291; S. PAULUS VI, Allocutio in Consilio Nationum Unitarum, 4 oct. 1965: AAS 57 (1965), pp. 877–885.
4 Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, дзе гаворка ідзе пра раззбраенне: AAS 55 (1963), p. 287.
5 Пар. 2 Кар 6, 2.