Біскупу Алегу Буткевічу — 50!
18.03.2022|Падзеі
Фота Віталія Палінеўскага

18 сакавіка спаўняецца 50 гадоў ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі, старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскупу Алегу Буткевічу.

Вернікі парафій, святары і кансэкраваныя асобы Віцебшчыны шчыра віншуюць Яго Эксцэленцыю са знамянальнай датай і жадаюць яму моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця на карысць Касцёла і духоўнага развіцця рэгіёна і ўсёй нашай Маці-краіны — Беларусі.

Прысвяціўшы сябе служэнню Богу і людзям, юбіляр даўно заваяваў давер і любоў не толькі сваёй паствы, але і людзей, часам не вельмі блізкіх да веры. Усё гэта – вынік і бацькоўскага выхавання ў дзяцінстве на благаслаўлёнай Браслаўшчыне, і працы святара над сабою, яго пастаяннага дбання пра хрысціянскае ўзрастанне як уласнае асобы, так і тых, з кім паяднаў лёс на шляху духоўнага ўдасканалення.

Абаяльны, просты ў абыходжанні з людзьмі, біскуп Алег – узор хрысціянскіх паводзінаў і выдатны дарадца для людзей маладзейшага веку, надзейны памочнік і сябар для людзей сталых. Яго па-філасофску глыбокія, пераканаўчыя казанні гэтаксама прывабліваюць усіх падчас набажэнстваў, як прываблівае ўважлівасць і зычлівасць у штодзённых стасунках з людзьмі.

Вернікі і духоўныя асобы дыяцэзіі моляцца за свайго душпастыра і яго блізкіх, асабліва за маці Іаланту, якая 50 гадоў таму падаравала Касцёлу такога годнага сына. Няхай наліваюцца важкім плёнам каласы іх жыцця, няхай добры Бог атуляе прыхільнасцю кожны іх дзень, кожнае імгненне.


Вернікі Віцебскай дыяцэзіі.


Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» далучаецца да гэтых віншаванняў і жадае шаноўнаму Юбіляру шчодрых дароў Духа Святога, трываласці і нястомнай апекі Маці Божай на доўгія гады шчаслівага і плённага пастырскага служэння Хрыстоваму Касцёлу.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней