
Першы ў новым годзе нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны ролі свецкіх вернікаў у Касцёле. У рэдакцыі «Ave Maria» і выдавецтве «Про Хрысто» ўжо 30 гадоў свецкія і кансэкраваныя асобы супрацоўнічаюць, і вы, дарагія чытачы, амаль кожны месяц бачыце плённы вынік гэтага супрацоўніцтва.
Прапануем вам глыбей паразважаць пра апостальства свецкіх людзей, звярнуўшыся да дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а менавіта да дэкрэта «Apostolicam actuositatem».
Гэты нумар «Ave Maria» не мог бы атрымацца без сведчанняў актыўных свецкіх вернікаў. Мы падрыхтавалі для вас некалькі інтэрв’ю і сведчанняў не толькі з беларускіх парафій, але і з Англіі, Германіі, Ізраэля і ЗША.
У сваім артыкуле айцец Яўген Голуб OFMConv піша аб тым, як на агульную карысць злучаюцца ў Касцёле пакліканні да свецкага і духоўнага жыцця.
Рубрыка «Святар адказвае на пытанне» прысвечаная духоўнай практыцы рэкалекцый. Разам з ксяндзом Андрэем Рылкам мы разгледзім, што такое рэкалекцыі і як перажываць іх з найбольшай духоўнай карысцю. У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD прапануе паразважаць аб выпрабаваннях, з якімі сутыкаецца Касцёл на працягу сваёй гісторыі. Абапіраючыся на ігнацыянскую духоўнасць, пагаворым аб спакусах на прыкладзе аднаго з найбольш спрэчных заклікаў малітвы «Ойча наш…» — «Не ўводзь нас у спакусу…». Упрыгожваюць нумар вершы Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч.
Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» віншуюць з юбілеем цудоўную мастачку Галіну Хінку-Янушкевіч, чые малюнкі шмат гадоў упрыгожваюць нашыя часопісы і кнігі. Шчыра дзякуем за супрацоўніцтва і творчы запал!
Вялікі дзякуй за вашыя лісты, шаноўныя чытачы! У гэтым нумары часопіса мы рады надрукаваць вершы, якія даслала нам на пошту Галіна Радына-Марцінкевіч. Дзякуем за водгук на матэрыялы папярэдняга нумара часопіса, які напісала Антаніна Святоха з Маладзечна. Нам вельмі важныя вашыя думкі аб нашай працы, і мы цешымся, калі вы дзеліцеся імі з рэдакцыяй, дарагія чытачы. Гэта таксама нашае супольнае супрацоўніцтва свецкіх у Касцёле.
Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы: