У лістападаўскім нумары часопіса «Ave Maria» мы друкуем матэрыялы, прысвечаныя важным пытанням жыцця Касцёла.
У кастрычніку ва ўсіх дыяцэзіях свету распачаўся сінадальны працэс — інтэнсіўная падрыхтоўка да скліканай папам Францішкам на восень 2023 г. XVI Звычайнай Асамблеі Сіноду. Наш сталы аўтар, ксёндз Андрэй Рылка, тлумачыць, што такое сінод і якія задачы ён перад сабою ставіць.
23 кастрычніка ўступіў на пасаду новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбікуп Юзаф Станеўскі. Прапануем вам рэпартаж, прысвечаны гэтай падзеі.
Важнае здарэнне адбылося ў кастрычніку ў Стоўбцах: былі знойдзены парэшткі слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага OP, які памёр і быў пахаваны ў Стоўбцах у 1644 годзе, а яго культ ў XVIII і XIX стст. шырока распаўсюдзіўся і сярод католікаў, і сярод праваслаўных вернікаў.
У лістападзе мы традыцыйна больш часу прысвячаем малітве за памерлых, і тэме пераходу ў вечнае жыццё прысвечана наша традыцыйная рубрыка «Школа малітвы» а. Юрыя Кулая OCD.
Ужо не загарамі Адвэнт, і ў гэтым нумары мы друкуем каляндар з заданнямі, якія дапамогуць лепш падрыхтавацца да ўрачыстасці Божага Нараджэння.
Таксама напрыканцы лістапада 2021 г. распачынаецца вялікая дзевяцігадовая навэнна — падрыхтоўка да 200-ай гадавіны аб’яўленняў Маці Божай св. Кацярыне Лябурэ. Пра гэтыя падзеі і звязанае з імі з’яўленне цудоўнага марыйнага медаліка чытайце ў гэтым нумары часопіса. На вокладцы змешчаны і тэкст навэнны.
У новым нумары з’явілася некалькі матэрыялаў на вельмі важныя і сур’ёзныя тэмы, якія турбуюць хрысціянаў ва ўсім свеце. Ксёндз Юрый Дрозд піша пра пераслед хрысціянаў, які адбываецца ў нашы дні. Айцец дамініканін Крыштаф Коц’ян ОР падрабязна тлумачыць, чым выклікана з’яўленне папскага motu proprio «Traditionis custodes», звязанае з абмежаваннямі практыкі служэння трыдэнцкай Імшы. Айцец Яўген Голуб OFMConv разважае пра «катакомбы веры» сучаснага хрысціяніна і пра тое, што адбываецца, калі з іх выйсці. Адказамі на некаторыя «нязручныя пытанні» з жыцця Касцёла дзеліцца з чытачамі ў інтэрв’ю ксёндз Ігар Лашук, пробашч парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах. Галіну Горскую турбуе не заўсёды належная пашана да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Наш сталы аўтар Арцём Ткачук разважае аб праблеме слабасцяў Касцёла, якія часам прымушаюць вернікаў сумнявацца ў прававернасці яго вучэння.
Тэрэса Клімовіч прапануе чытачам глыбей пазнаёміцца з хрысціянскай медытацыяй, формай малітвы, якая мае свае вытокі ў сярэднявечнай манаскай традыцыі lectio divina і якую, у сваю чаргу, святы Ігнацый Лаёла пераняў і адаптаваў у «Духоўных практыкаваннях».
Матэрыял Вольгі Адамовіч «Ружанец — меч Пана» працягвае серыю артыкулаў з гісторыі ружанцовай малітвы.
Паэтычную рубрыку часопіса аздабляюць вершы і пераклады Ірыны Багдановіч.
Вялікі дзякуй за вашыя лісты, шаноўныя чытачы! У гэтым нумары часопіса мы друкуем глыбокае асабістае сведчанне шляху да веры, якім падзялілася з намі Марыя Качаноўская з пасёлка Негарэлае.
Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:
Нашыя сацсеткі:
Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.