Новы нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны дарам Святога Духа мудрасці, розуму, рады

Запрашаем вас, дарагія чытачы, сустрэць восень разам з новым нумарам часопіса «Ave Maria», прысвечаным дарам Духа Святога: мудрасці, розуму і рады. Дары Духа Святога надзвычай важныя ў жыцці чалавека. Як слушна заўважае ў «Слове рэдактара» спадарыня Крыстына Лялько, «Асабліва ў цяперашні час, калі людзі ў гэтым глабалізаваным свеце такія раз’яднаныя, усім нам трэба памятаць, што Дух Святы — гэта Крыніца еднасці, і як мага часцей прыпадаць да гэтай Крыніцы».


У гэтым нумары вас чакае грунтоўнае даследаванне доктара тэалогіі кс. Юрыя Дразда, прысвечанае дарам Духа Святога у перспектыве Старога і Новага Запавету. У традыцыйнай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка дзеліцца думкамі на тэму, чаму Каталіцкі Касцёл вылучае толькі сем дароў Духа Святога. У рубрыцы «Школа малітвы» а. Юрый Кулай OCD заклікае хрысціянаў больш уважліва ставіцца да багацця гэтых дароў, бо мы часам перастаём іх заўважаць.

Нашыя аўтары айцец Яўген Голуб OFMConv і Тэрэса Клімовіч падрыхтавалі артыкулы, прысвечаныя разважанням аб трох дарах Духа Святога ў жыцці чалавека.

Прапануем вашай увазе эсэ Арцёма Ткачука, прысвечанае сакрамэнту канфірмацыі, падчас якога мы чуем такія важныя словы: «Прымі знак дару Духа Святога». Таксама чытайце артыкул па матывах цыклу відэалекцый а. Адама Шустака «Miriam» аб натхнёнасці Божай Маці Духам Святым.

Амаль у кожным нумары «Ave Maria» наш шматгадовы аўтар, спадарыня Галіна Калевіч, распавядае пра лёсы і жыцці беларускіх вернікаў. Для гэтага нумара яна падрыхтавала сведчанне пра Валерыя Тадэвушавіча Станчыка і яго сям’ю.

На старонках гэтага нумара мы распавядаем пра дзве важныя ініцыятывы. Чытайце інтэрв’ю, прысвечанае начным малітоўным адарацыям Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, якія штомесяц праводзяцца ў адным з раёнаў Мінска, у капліцы св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыя Кольбэ, дзе служыць кс. Алег Шпець SChr. Другая, надзвычай значная для Беларусі ініцыятыва, — гэта цэнтр дапамогі залежным «Светач», які 5 гадоў таму заснавалі ў Бягомлі Уладзімір і Таццяна Шчэпіны.  За гэты час у ім прайшлі рэабілітацыю 120 чалавек, залежных ад алкаголю і наркотыкаў.

Напрыканцы лета ў Беларусі атрымалі кансэкрацыю дзве новыя святыні. Віншуем вернікаў Барысава і Старых Дарогаў з асвячэннем касцёлаў і друкуем на старонках часопіса рэпартаж з гэтых цудоўных падзеяў.

Мы заўсёды цешымся атрымліваць лісты ад вас, шаноўныя чытачы! Дзякуй, што вы дзеліцеся з намі сваімі сведчаннямі, навінамі, перажываннямі, успамінамі. У кожным нумары «Ave Maria» мы стараемся друкаваць некаторыя з іх. У верасні прапануем вашай увазе ўспаміны парафіянкі з Маладзечна Антаніны Святохі і рэпартаж Уладзіміра Вайцяховіча пра пілігрымку з Мазыра ў Гомель.

Айцы дамінікане сардэчна запрашаюць усіх узяць удзел у V Ружанцовым кангрэсе, які пройдзе 2 кастрычніка ў магілёўскай катэдры. Тэмы кангрэса: «Сям’я — святыя бацькі св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса»; «Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з Марыяй у школе св. Альфонса Лігуоры»; «Біблійныя каментарыі да ўсіх таямніцаў Ружанца святой Уршулі Ледухоўскай»; «Малітва-літургія паводле айца Яцака Варанецкага ОР».

Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы

Нашыя сацсеткі:

Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней