«Няхай стацыі Крыжовага шляху стануць для нас прыладай разважанняў пра збаўчыя цярпенні Езуса…» 29 жніўня, ва ўспамін мучаніцкай смерці св. Яна Хрысціцеля, ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў стацыі Крыжовага шляху ў мінскім касцёле Святога Духа.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што святы Ян Хрысціцель павінен быць прыкладам для нас, сучасных вернікаў: «Для цнатлівага жыцця неабходна ў духу вучэння Езуса Хрыста фармаваць сваё сумленне так, каб не паддавацца выклікам часу і яго спакусам, і таксама каб не быць закладнікамі амаральных сітуацый… Святы Ян Хрысціцель сваім жыццём і мучаніцкай смерцю паказаў, што найвышэйшым дабром для яго было жыць згодна з Божым законам і яго бараніць, нават тады, калі свет яго адрынае. Такім павінна быць і нашае жыццё…».
Што ж датычыць місіі св. Яна Хрысціцеля, то «Ян Хрысціцель у сваёй дзейнасці не абмяжоўваўся толькі заклікам да пакаяння і навяртання. Прызнаючы Езуса як Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету, ён прызнаваў у Ім доўгачаканага Месію, якога неабходна слухаць і наследаваць. Апошнім актам яго вернасці Богу і выканання даверанай яму місіі да канца стала яго мучаніцкая смерць. Яго не змушалі адрачыся ад Хрыста, але змушалі маўчаць, не гаварыць праўды і яе не бараніць. Ён, аднак, не баяўся гэта чыніць і загінуў для Хрыста, які ёсць Праўда». Іерарх таксама заахвоціў вернікаў не баяцца крыжа, але прымаць яго са словамі св. апостала Андрэя: «Вітай крыж, адзіная мая надзея!».
Падчас святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш пасвяціў стацыі Крыжовага шляху. Пробашч парафіі ксёндз доктар канонік Ян Крэміс, дзякуючы ганароваму мітрапаліту арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за гэты, такі важны для святыні і для кожнага верніка чын, падкрэсліў, што цяпер, пасля пасвячэння стацый, за ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху можна атрымаць і ахвяраваць адпуст (бо, акрамя ўстаноўленых патрабаванняў у дэкрэце адносна адпусту падкрэсліваецца, што яго можна атрымаць за адпраўленае набажэнства Крыжовага шляху толькі ў тым месцы, дзе знаходзяцца пасвячаныя стацыі). Ён таксама зазначыў, што гэта не апошняе пасвячэнне, бо ў святыні плануецца яшчэ ўсталяванне канфесіянала і хрысцільні, а на вуліцы перад касцёлам плануецца ўстанавіць фігуру Маці Божай Фацімскай. Асаблівыя словы ўдзячнасці арцыбіскупа і ксяндза пробашча былі скіраваны таксама да тых парафіянаў, якія сваімі ахвяраваннямі дапамагалі будаваць і ўпрыгожваць святыню. «Калі б не было такіх глыбока веруючых і адданых людзей, якія ахвяроўвалі свае сродкі на будаўніцтва святыняў, то сёння ў Мінску мы не мелі б ніводнага касцёла…»
«Няхай стацыі Крыжовага шляху, – пажадаў вернікам арцыбіскуп Тадэвуш, – якія сёння асвячаюцца ў касцёле Святога Духа, стануць для нас прыладай разважанняў пра збаўчыя цярпенні Езуса, а таксама крыніцай духоўнага адраджэння і ўмацавання нашай веры».
А. Лукашэвіч
Гамілія падчас св. Імшы ХХІІ-В звычайнай нядзелі ва ўспамін мучаніцкай смерці св. Яна Хрысціцеля з пасвячэннем стацый Крыжовага шляху
Касцёл Святога Духа,
Мінск, м-н Чыжоўка, 29 жніўня 2021 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Сённяшнія чытанні тлумачаць, што такое сапраўдная рэлігія. Гэта не проста скрупулёзнае знешняе выкананне правілаў, законаў, традыцый і рытуалаў. Гэта паслухмяныя адносіны з Богам, якія выяўляюцца ў выкананні Яго запаведзяў, пакланенні Яму, прызнанні Яго прысутнасці ў іншых людзях і служэнні ім. Малітвы, рытуалы, сакрамэнты і рэлігійныя практыкі толькі дапамагаюць нам практыкаваць гэтую сапраўдную рэлігію ў паўсядзённым жыцці.
Прыкладам з’яўляецца сённяшняе Евангелле. Яно нагадвае пра жыццёвую праўду аб тым, што ўсе злыя справы найперш нараджаюцца ў нашым сэрцы, а толькі потым рэалізуюцца ў жыцці. Таму для цнатлівага жыцця неабходна ў духу вучэння Езуса Хрыста фармаваць сваё сумленне так, каб не паддавацца выклікам часу і яго спакусам, і таксама каб не быць закладнікамі амаральных сітуацый.
Сёння Касцёл успамінае мучаніцкую смерць св. Яна Хрысціцеля. Гэта адзіны святы, дні нараджэння і смерці якога адпаведна 24 чэрвеня і 29 жніўня, адзначаюцца ў літургічным каляндары. Гэты факт нагадвае пра значэнне гэтага святога як у гісторыі збаўлення, так і ў жыцці хрысціяніна як прыкладу да наследавання.
Культ св. Яна Хрысціцеля пачаў распаўсюджвацца з ранняга хрысціянства. У наш час ён з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве.
Евангелле паводле Лукі прадстаўляе гісторыю цудоўнага прышэсця на свет св. Яна Хрысціцеля, які нараджаецца ў сям’і бяздзетных і пажылога веку Альжбеты і Захарыі. Евангелле ад Марка прадстаўляе яго поўную драматызму мучаніцкую смерць ад рукі цара Ірада.
Ян Хрысціцель абвяшчаў хуткае прышэсце Збаўцы і заклікаў народ падрыхтаваць Яму дарогу праз навяртанне сэрца. У Яна Хрысціцеля была вялікая папулярнасць сярод простых людзей, якія любілі яго слухаць. Ён меў сваіх вучняў. Евангелле называе яго голасам клічучага ў духоўнай пустыні. І сапраўды, яго голас быў голасам сумлення ў пустыні маральнага бязладу таго часу.
Трэба адзначыць, што св. Ян Хрысціцель у сваёй дзейнасці не абмяжоўваўся толькі заклікам да пакаяння і навяртання. Прызнаючы Езуса як Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету, ён прызнаваў у Ім доўгачаканага Месію, якога неабходна слухаць і наследаваць.
Апошнім актам яго вернасці Богу і выканання даверанай яму місіі да канца стала яго мучаніцкая смерць. Яго не змушалі адрачыся ад Хрыста, але змушалі маўчаць, не гаварыць праўды і яе не бараніць. Ён, аднак, не баяўся гэта чыніць і загінуў для Хрыста, які ёсць Праўда.
З-за любові да праўды і вернасці ёй, Ян не пагадзіўся на кампраміс і не пабаяўся дакараць кожнага, хто сыходзіў са шляху Божага закону, нават самога цара Ірада. Ян заклікаў яго да пакаяння за тое, што ажаніўся з Ірадыядай — жонкай свайго брата Філіпа. Гэтым самым св. Ян Хрысціцель імкнуўся да таго, каб загубленыя авечкі Ізраэля былі свабоднымі ад публічнага скандалу, выкліканага амаральным жыццём свайго кіраўніка.
Ірад быў ганарысты і лічыў сябе зоркай у тагачасных грамадска-палітычных умовах. Ён верыў у сваю бязмежную моц і ў сваёй ганарыстасці не знайшоў у сабе сілы перамагчы самога сябе і змяніць сваё жыццё, навярнуцца. Падчас вячэры з вяльможамі ён паабяцаў дачцы сваёй незаконнай жонкі, з якой жыў у граху, што выканае кожную яе просьбу. Яе маці сказала дачцы папрасіць галаву св. Яна Хрысціцеля.
Адмовіўшыся ад Божай праўды, якая чыніць чалавека свабодным, Ірад трапіў у пастку злога духа і стаўся несвабодным і бяссільным. У выніку чаго паслаў ката, каб абязглавіў св. Яна Хрысціцеля.
У той сам час Ян быў свабодны. Ён ведаў, што не з’яўляецца зоркай на грамадска-палітычным небасхіле таго часу. Але ведаў, што ён – папярэднік Збаўцы і прарок, якога заданнем было абвяшчэнне Божай праўды. І таму Яну не важнай была пазіцыя Ірада, які імкнуўся пазбавіць яго прарочага голасу. Яму важнай была Боская праўда.
Тое, што Ян ведаў цьмяна, мы, якія хрысціліся ў смерць і ўваскрасенне Хрыста, цяпер ведаем цалкам. Як трэба было, каб Сын Чалавечы пакутаваў, быў забіты і праз тры дні ўваскрос з мёртвых дзеля нашага адкуплення, так і нам неабходна ўзяць уласны крыж і ісці за Ім.
Нам таксама неабходна вывучаць захаванне Ірада і Яна. Ірад імкнуўся дагадзіць людзям і захаваць сваю рэпутацыю без пакаяння. Меркаванне, што чалавек “пуп” зямлі, вядзе яго да спрэчнасці з Божым законам. Такім быў Ірад, але мы не можам быць падобнымі да яго.
Св. Ян Хрысціцель, у сваю чаргу, сваім жыццём і мучаніцкай смерцю паказаў, што найвышэйшым дабром для яго было жыць згодна з Божым законам і яго бараніць, нават тады, калі свет яго адрынае. Такім павінна быць і нашае жыццё.
Разважаючы над мужнасцю св. Яна Хрысыціцеля, мы задаёмся пытаннем: адкуль у яго такая моц? Адказ просты: яна нарадзілася з адносін з Богам і з малітвы.
Аб нараджэнні Яна Хрысціцеля маліліся ягоныя бацькі Захарыя і Альжбета і вымалілі. Ян стаў вялікім Боскім дарам для чалавецтва, якога немагчыма было спадзявацца чыста па-чалавечы, бо абодва яго бацькі былі ў пажылым узросце, а Альжбета бясплоднай. Але для Бога няма нічога немагчымага. Арханёл Габрыэль абвясціў аб нараджэнні Яна ў месцы малітвы, у храме, дзе Захарыя выконваў місію святара.
Само нараджэнне св. Яна Хрысціцеля таксама адзначалася малітвай — гімнам радасці, хвалы і падзякі «Benedictus», які Захарыя праспяваў і які ўзвышае дзеянне Бога ў гісторыі чалавецтва і прароча паказвае місію Яна падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы.
Прыкладам свайго цнатлівага і аскетычнага жыцця, а таксама абвяшчэння і абароны Божай праўды Ян паказаў сваю блізкасць Богу, які стаў яго моцай і надзеяй. Ён рыхтаваўся да ажыццяўлення даручанай яму Богам місіі ў пустыні. Пустыня — гэта месца спакусаў. У пустыні чалавек адчувае сваю беднасць і слабасць. Пазбаўлены матэрыяльнай падтрымкі і бяспекі, ён лепей разумее, што адзіным і непахісным арыенцірам ёсць сам Бог.
Ян Хрысціцель — гэта не толькі чалавек малітвы, які знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Богам, але і праваднік у гэтых адносінах. Евангеліст Лука, успамінаючы малітву «Ойча наш», якой Езус вучыў сваіх вучняў, адзначае, што просьба была сфармулявана вучнямі наступнымі словамі: «Пане, навучы нас маліцца, як Ян вучыў сваіх вучняў».
Дарагія браты і сёстры!
Успамін мучаніцкай смерці св. Яна Хрысціцеля нагадвае і нам, хрысціянам ХХІ стагоддзя, што любоў да Хрыста, Ягонага вучэння і Божай Праўды не можа саступаць кампрамісам з грэшнымі тэндэнцыямі сучаснага свету. Праўда заўсёды застаецца праўдай. Яна адна і таму адносна яе не можа быць ніякіх кампрамісаў.
Хрысціянскае жыццё патрабуе штодзённай вернасці Евангеллю, яго сведчання і мужнасці ў захаванні Божага закону. Гэта азначае, што мы павінны дазволіць Хрысту узрастаць у нас і кіраваць нашымі думкамі і дзейнасцю. Аднак гэта можа адбыцца ў нашым жыцці толькі ў тым выпадку, калі мы маем трывалыя адносіны з Богам, найперш праз малітву.
Малітва — гэта не марнаванне часу, яна не перашкаджае нашай дзейнасці. Наадварот, толькі тады, калі мы здольныя весці жыццё ў малітве, Бог сам дае нам магчымасць і сілы жыць шчасліва і спакойна, пераадольваць цяжкасці, быць яго мужнымі сведкамі і не баяцца несці крыж штодзённага жыцця. Мы баімся цярпенняў, але Хрыстус кажа: «Ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі».
Крыж складаецца з дзвюх частак — вертыкальнай, якая сімвалізуе нашы адносіны з Богам, і гарызантальнай, якая сімвалізуе чалавека. Без вертыкальнай чалавек падае.
Крыж нагадвае нам праўду пра тое, што без Бога нічога не зможам зрабіць. Таму не трэба баяцца крыжа. Неабходна браць яго са словамі св. апостала Андрэя: «Вітай крыж, адзіная мая надзея».
Няхай тады стацыі Крыжовага шляху, якія сёння асвячаюцца ў касцёле Святога Духа, стануць для нас прыладай разважанняў пра збаўчыя цярпенні Езуса, а таксама крыніцай духоўнага адраджэння і ўмацавання нашай веры.
Святы Яне Хрысціцелю, які загінуў у абароне Боскай праўды і гэтым самым стаў папярэднікам Езуса ў крыжовай смерці, заступайся за нас, каб мы заўсёды змаглі захаваць першынства Божага закону ў нашым жыцці, не баяліся выклікаў часу і крыжа штодзённага жыцця, мужна яго неслі на нашу Кальварыю, бо ў ім наша надзея. Амэн.
Ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Фотаздымкі В. Насковай, А. Лукашэвіч