«Кожны, хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю» (гл. 1 Сам 2, 30).
«Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны, дзівосныя справы Твае» (Пс 139, 14).
Лета цешыць незвычайнаю цеплынёю. Летнія месяцы для арганізатараў хрысціянскага фестывалю «NOVAFEST» ва Уселюбе — гэта ўдвая гарачая пара. Рэпетыцыі ўжо ў самым разгары, ідзе падрыхтоўка пляцоўкі для правядзення фестывалю. Нагадаем, што мерапрыемства адбудзецца 21 жніўня. Арганізатары запрашаюць кожнага, хто прыедзе ў старажытны Уселюб, далучыцца да праслаўлення Бога, у Тройцы Адзінага, бо галоўная мэта фестывалю — паглыбіць перажыванне прысутнасці жывога Бога ў жыцці кожнага ўдзельніка.
Сучаснае жыццё часам нагадвае бегавую дарожку па аднатыпнай трасе, дзе кожны імкнецца капіраваць адзін аднаго… «Усе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як фотакопіі», — знакамітыя словы італьянскага хлопца Карла Акуціса, якога зусім нядаўна Касцёл абвясціў благаслаўлёным. Хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі «NOVAFEST» прапануе кожнаму паглядзець на сваё жыццё з пункту гледжання сэнсу, якім адорвае Бог. І такое пераасэнсаванне сябе можа адбыцца толькі падчас сустрэчы з Богам жывым — Тым, які аздараўляе чалавечыя сэрцы і душы сёння так, як і тысячагоддзі таму.
![](/images/news/2021/07/Novafest.jpg)
Тэма сёлетняга фестывалю — праслаўленне Бога «ў духу і праўдзе» (Ян 4, 23). Праслаўляючы Бога, мы яднаемся з Ім у духу. Бог Айцец выбраў народ ізраэльскі і ўзвысіў яго па-над іншымі народамі, і «прызначыў Давіда каралём іхнім, пра якога і сказаў, засведчыўшы: „Я знайшоў Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім“» (Дз 13, 22). Каб зразумець лепеш, чаму Бог так палюбіў Давіда і адорваў яго і ягоны род асаблівымі ласкамі, арганізатары фестывалю звярнуліся да асобы караля, які ўсё жыццё праслаўляў Бога псальмамі і музыкай.
Калі малітва — гэта сустрэча з Богам, то музыка — гэта таксама малітва, якая гарманічна і моцна гучыць з глыбіні сэрца, а габрэйская музыка праслаўлення Бога тым больш дапаможа нам яшчэ глыбей зразумець гэтую еднасць з Богам Ізраэля. На фестывалi можна будзе пачуць перакладзеныя на беларускую мову габрэйскія песні праслаўлення, якія насычаны Божым словам, а таксама спакойныя спевы, якія дапамогуць з’яднацца з Богам у асабістай малітве. Наогул, для выканання музычнай праграмы музыканты рыхтуюцца не толькі прафесійна, але перш за ўсё духоўна, каб праз свой талент несці Божае слова з чыстых сэрцаў.
Малітоўная праграма будзе ўключаць у сябе святую Імшу, Ружанец, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, адарацыю Крыжа. Госці фестывалю змогуць адпачыць у даліне «Эйн-Керэм», якая сімвалічна нагадвае пра месца ў Ерузалеме, дзе цяжарная Маці Божая сустрэлася са святой Альжбетай. На тэрыторыі Даліны блакітных крыжоў пройдзе Крыжовы шлях, які можна будзе перажыць разам з Езусам праз тэатральную пастаноўку, што рыхтуе каманда валанцёраў.
Асаблівае месца на фестывалi будуць займаць сведчанні рэальных людзей аб цудах, якія Езус учыніў у іх жыцці. Сярод сведчанняў будуць i самыя неверагодныя — сведчанні святасці сярод сучаснай моладзі! Госці фестывалю ўбачаць кароткія відэафільмы пра благаслаўлёнага Карла Акуціса і сястру Клэр Крокет. Прадстаўнікі каталіцкіх рухаў падзеляцца з намі сваім досведам пра тое, як служэнне Богу можа зрабіць чалавека шчаслівым!
На фестывалі будзе працаваць кафэ, дзе можна пачаставацца гарбатай, кавай, печывам, піцай. Таксама пры рэгістрацыі на фестываль можна замовіць паўнавартасны абед.
Нагадваем, што для ўдзелу ў фестывалі патрэбна абавязковая рэгістрацыя.
Зарэгістравацца можна па тэлефонах:
+375 33 320 11 48, Наталля (viber, telegram)
+375 44 759 08 67, Ірына (viber)
+375 29 124 93 21, Вольга (viber, telegram)
Або зарэгістравацца online па спасылцы https://forms.gle/vcaL1t2xb152tcx3A.
З Мінска на фестываль арганізуюцца аўтобусы па маршруце: Мінск – Уселюб – Мінск.
Выезд з Мінска ў 8:00, прыбыццё ў Мінск – каля 00:00.
Кошт праезду ў аўтобусе (у два бакі) – 25 руб/чал.
Кошт абеда ва Уселюбе – 10 руб/чал (гарнір з мяснымі стравамі, салата, гарбата/кава + печыва).
Запісацца ў паездку з Мінска і набыць білет на аўтобус можна па тэлефонах:
+ 375 29 124 93 21, +375 33 320 11 48, + 375 29 754 64 11
Падрабязней пра фестываль можна прачытаць па спасылцы: www.natusest.com/fest.
Святлана Герасімовіч, Дар'я Шур, Алена Казловiч
![](https://www.ave-maria.by/media/mcimages/img/left.png)
![](https://www.ave-maria.by/media/mcimages/img/right.png)
![](https://www.ave-maria.by/media/mcimages/img/close.png)
![](https://www.ave-maria.by/media/mcimages/img/close.png)