«Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 13 чэрвеня на 78-м годзе жыцця адышоў у вечнасць Юрый Гарулёў, заснавальнік і шматгадовы дырэктар каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat», — піша Catholic.by.
Юрый Гарулёў — вядомы аператар, рэжысёр і сцэнарыст. Аўтар дакументальнай кінатрылогіі, прысвечанай кардыналу Казіміру Свёнтку: «Mater Misericordiae» (1997), «Вяртанне» (1999), «Канікулы кардынала» (2004), а таксама аўтар шматлікіх дакументальных фільмаў пра падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Лаурэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», лаўрэат шматлікіх нацыянальных і міжнародных кінапрэмій.
Святая Імша за спачылага Юрыя Гарулёва будзе цэлебравацца 16 чэрвеня (серада) у 10:30 у мінскай архікатэдры (пл. Свабоды, 9).
Развітанне адбудзецца ў 13:00 у крэматорыі па адрасе: пас. Навінкі, Паўночныя могілкі.
***
Супрацоўнікі рэдакцый часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», а таксама выдавецтва «Pro Christo» з вялікім смуткам успрынялі вестку аб адыходзе ў вечнасць святой памяці Юрыя Гарулёва. Многія з нас яго добра ведалі, ён быў для нас добрым сябрам і калегам. Спадар Юрый назаўсёды застанецца ў нашай памяці, атулены нашаю малітваю.
Выказваем родным і блізкім спачылага Юрыя Гарулёва свае самыя шчырыя спачуванні, асабліва жонцы Людміле Пятроўне, галоўнаму бухгалтару Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і выдавецтва «Pro Christo», і запэўніваем у малітве.
Вечны адпачынак дай яму, Пане...
Паводле: Catholic.by
Фота: Аляксандра Шчыглінская