У новым нумары «Ave Maria» аўтары разважаюць над Божым Провідам

Дэвізам гэтага нумара часопіса «Ave Maria» сталі словы «Адновім Будслаў разам!». Трагедыя здарылася 11 мая: у вялікім пажары быў знішчаны дах будслаўскай святыні і пашкоджаны канструкцыі. Для аднаўлення важнага духоўнага цэнтра Беларусі вельмі патрэбныя ахвяраванні. У часопісе змешчана інфармацыя аб тым, як гэта можна зрабіць.


Не менш за ахвяраванні патрэбныя для аднаўлення святыні і вашыя малітвы. Некаторыя тэксты малітваў да Маці Божай Будслаўскай мы прапануем у гэтым нумары. Будславу, як сімвалу аднаўлення для кожнага беларуса, прысвечаны артыкул нашага сталага аўтара Арцёма Ткачука.

 Чэрвеньскі нумар часопіса «Ave Maria» асаблівым чынам імкнецца прыцягнуць увагу чытачоў да таямніцы Божага Провіду. Якое значэнне адыгрывае Божы Провід у нашым з вамі жыцці? Як распазнаць Божы Провід? Гэтым пытанням прысвечана значная частка артыкулаў гэтага нумара.

Кс. Юрый Дрозд, дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, раскрывае чытачам сутнасць каталіцкага вучэння аб Божым Провідзе. Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра тое, як Бог вядзе чалавека праз жыццё. У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка апавядае пра тое, як распазнаць дзеянне Божага Провіду ў жыцці чалавека. Пра тэорыю і практыку жыцця ў згодзе з Божым Провідам піша а. Яўген Голуб OFMConv. Пра парадокс існавання зла ў свеце, створаным Богам, над якім заўсёды чувае Божы Провід, чытайце ў матэрыяле а. Яцка Салія ОР. У матэрыяле «Усеабдымнасць Божага Провіду» прапануем вам думкі святых, якія жылі ў розныя часы, у розных кутках зямлі, аднак аднолькава востра адчувалі на сабе Яго дзеянне. Таксама ў гэтым нумары часопіса мы друкуем тэкст Навэнны да Божага Провіду.

Чытайце ў «Ave Maria» інтэрв’ю з с. Чаславай Навіцкай USJK, дырэктарам Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску. Сястра Часлава шчыра дзеліцца з чытачамі сваім уласным досведам жыцця ў даверы да Божага Провіду, думкамі аб сапраўдным хрысціянскім жыцці.

У матэрыяле Эльвіры Палінеўскай, прысвечаным 40-годдзю аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і, можна больш даведацца пра гэтыя падзеі, так, як іх убачыў амерыканскі журналіст і выдавец Уэйн Уэйбл, аўтар 12 кніг пра Меджугор’е.

Наш сталы аўтар Галіна Калевіч, як заўсёды, цудоўна раскрывае на старонках часопіса «Ave Maria» асобы простых беларускіх вернікаў, дапамагае ім падзяліцца сваім сведчаннем з чытачамі. У гэтым нумары чытайце артыкул спадарыні Галіны, прысвечаны сям’і Юзафа Точкі і Зоф’і Пансевіч, якая паходзіць з роду слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» сардэчна віншуюць Яго Эксцэленцыю, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 40-годдзем святарства. У гэтым нумары часопіса «Ave Maria» мы ў скароце друкуем Слова арцыбіскупа Тадэвуша на нядзелю Добрага Пастыра.

Вернікі парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, што ў пасёлку Лясны Мінскага раёна, віншуюць свайго пробашча ксяндза Казіміра Шыдэлку SDB з днём нараджэння і 35-й гадавінай святарскага пасвячэння і адрасуюць яму шчырыя словы ўдзячнасці за адданае служэнне.

З 35-годдзем святарскага пасвячэння віншуюць кс. Станіслава Маленькага SCI парафіяне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў г. Ляхавічы.

Яшчэ адзін ліст прыйшоў да нас з г. Ляхавічы. Парафіяне касцёла святога Юзафа распавядаюць пра гісторыю сваёй святыні і віншуюць з 90-гадовым юбілеем першага міністранта касцёла і вядомага хірурга, адданага верніка Яўгенія Сцяпанавіча Папроцкага.

З вялікаю радасцю друкуем разважанні нашай чытачкі Марыі Мяжэвіч з п. Валяр’янава «Пане, скіруй на мяне свой позірк...» Дзякуем за ўсе лісты, што вы, паважаныя чытачы, дасылаеце нам. Запрашаем вас дзяліцца з намі сваімі думкамі і сведчаннямі.

Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы.

Нашыя сацсеткі:

Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней