Пажар у Будславе. Гарэла галоўная святыня Беларусі

Як паведамляе каталіцкі партал Catholic.by, раніцай 11 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай на даху ўзнікла ўзгаранне. Пажарныя прыбылі на месца здарэння. Вернікаў заклікаюць да малітвы.


Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік, Найсвяцейшы Сакрамэнт і абраз Маці Божай Будслаўскай адразу пасля з’яўлення дыму былі вынесены ў бяспечнае месца.

З дапамогаю валанцёраў з касцёла таксама было вынесена ўсё, што толькі магчыма: літургічныя праналежнасці, абразы, кнігі і іншыя пераносныя рэчы.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч заклікае вернікаў да малітвы праз заступніцтва святога мучаніка Фларыяна аб уратаванні будслаўскай святыні, якая з’яўляецца не толькі цэнтрам духоўнага жыцця, але і ўнікальным помнікам сакральнай архітэктуры і мастацтва.

Біскуп Алег Буткевіч, а таксама Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец выехалі ў Будслаў.

З Газы (Астравецкі раён) у Будслаў былі скіраваны дадатковыя пажарныя разлікі, у распараджэнні якіх маюцца пажарныя драбіны вялікай даўжыні для тушэння даху на высокіх будынках.

Каля 10-й гадзіны дах над цэнтральнай навай будслаўскага касцёла цалкам знішчаны агнём і абрынуўся. Працягвае гарэць дах над бакавымі навамі. Усярэдзіне вялікае задымленне, абрынуўся адзін з жырандоляў.

Каля 11-й гадзіны пажар у Нацыянальным Санктуарыі быў патушаны.

Каманда Catholic.by выехала ў Будслаў і з месца здарэння будзе абнаўляць інфармацыю на сайце.


Паводле: Catholic.by

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней