Першы нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны юбілейнаму году аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Дэвіз года — «Касцёл — сакрамэнт паўсюднага збаўлення. “Брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16, 18)». Мы прысвячаем гэты нумар разважанням аб мінулым і будучыні Касцёла ў Беларусі.
Ён распачынаецца пастырскім пасланнем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2021 год.
Пачатак года быў адзначаны важнымі падзеямі і, як заўсёды бывае ў жыцці, сярод іх і шчаслівыя, і сумныя. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пакінуў пасаду мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На Апостальскага Адміністратара прызначаны біскуп Казімір Велікаселец. Гэтай падзеі прысвечаны матэрыял кс. Міколы Гракава.
Калектыў каталіцкага выдавецтва «Про Хрысто» і рэдакцыя часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» віншуе нашага даўняга супрацоўніка і аўтара Міколу Гракава са святарскім пасвячэннем і жадае яму шмат Божых ласкаў у спаўненні паклікання. Мы дзелімся з чытачамі гэтаю радаснаю навіною.
Радасна таксама, што год распачаўся асвячэннем новай святыні — касцёла Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка. Віншуем усіх парафіянаў і пробашча новапабудаванага касцёла шаноўнага ксяндза Яна Крэміса з доўгачаканым наваселлем!
Гаворачы пра юбілейны год аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, немагчыма не ўзгадаць пра чалавека, які стаяў на чале гэтага адраджэння — сведку веры, кардынала Казіміра Свёнтка. Сваімі ўспамінамі пра святой памяці ксяндза кардынала дзеліцца біскуп Юрый Касабуцкі.
У выдавецтве «Про Хрысто» рыхтуецца кніга ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка «Мяне заўсёды ратавала вера».
Адным з тых, хто стаяў ля самых вытокаў адраджэння беларускага Касцёла, з’яўляецца ксёндз Аляксандр Барыла, які ў 2020 г. адзначыў 20-гадовы юбілей пастырскага служэння. Інтэрв’ю з ім падрыхтавала Кацярына Дурко.
Сваім досведам вучобы ў Вышэйшай філасофска-тэалагічнай школе ў Аўстрыі і асаблівасцямі служэння ў Еўропе дзеліцца ксёндз Яўгеній Шымановіч.
У сталай рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD разважае аб сакрамэнце хросту і правах кожнага ахрышчанага.
Таксама ў гэтым нумары вас чакае завяршэнне духоўных практыкаванняў на тэму мацярынскай любові па матэрыялах лекцый сястры Паўлы Бобер MSF.
Некалькі важных матэрыялаў прысвечаны аналізу дзейнасці беларускага Касцёла. Сярод іх — апытанне вернікаў, падрыхтаванае Дар’яй Ахламёнак, у якім аўтарка разважае аб праблемах, якія існуюць у Касцёле. Пра тое, куды рухаецца беларускі Касцёл, разважае таксама Арцём Ткачук. Не палохацца крызісу, у тым ліку і духоўнага, заклікае Юлія Шэдзько.
Новы нумар часопіса «Ave Maria» багаты на паэзію, у тым ліку і з нашай паэтычнай пошты. Нам радасна, дарагія чытачы, што вы дзеліцеся з намі пладамі сваёй творчасці, сваёй удзячнасцю, сваімі думкамі. Дзякуем вам за ўсе цёплыя словы ў наш адрас і заўсёды чакаем вашых лістоў.
Шчыра заклікаем вас да супрацоўніцтва ў новым 2021 годзе!
Таксама запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы.
Падпісвайцеся на нашыя сацсеткі:
Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.