19 снежня, у дзень, калі праваслаўныя вернікі ўспаміналі святога Мікалая, у касцёле на Залатой Горцы ў Мінску біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння дыякану Міколу Гракаву.
Для касцёла Найсвяцейшай Тройцы гэта невыпадковы чалавек: з падлеткавага ўзросту Мікола служыў тут міністрантам, калі залатагорскі касцёл толькі адчыніўся пасля савецкіх часоў. Яму давялося папрацаваць з трыма пробашчамі гэтага касцёла: кс. Міхалам Сапелем, цяперашнім біскупам Юрыем Касабуцкім і сённяшнім пробашчам кс. Юрыем Санько. Мікола застаў прыход сясцёр дамініканак на служэнне ў гэтую парафію, а таксама заснаванне парафіяльнага хора. І ўрэшце, гэтыя і іншыя невыпадковыя людзі сабраліся разам з дыяканам Міколам, а цяпер ужо ксяндзом, раздзяліць радасць сакрамэнту пасвячэння.
Ксёндз Мікола Гракаў прыйшоў да святарства, пераадолеўшы доўгі шлях. За яго плячыма на сённяшні дзень — і лінгвістычны ўніверсітэт, і дзве семінарыі, Гродзенская і Пінская, і праца ў выдавецтве «Pro Christo», на партале Catholic.by, дзе працягвае працаваць, адначасова сумяшчаючы гэтае служэнне з працаю ў Апостальскай нунцыятуры. Як адзначыў сам кс. Мікола падчас св. Імшы: «За плячыма ўжо крыху ёсць і гадоў, і дарог, шмат людзей на іх сустрэта, найбольш — добрых, цудоўных людзей, многіх з якіх бачу сёння ў касцёле».
Для Касцёла кс. Мікола ужо зрабіў і працягвае рабіць вельмі многа. Толькі з таго, што адразу прыгадваецца, — гэта падрыхтоўка беларускага Імшала, пераклад з розных моваў вялікай колькасці духоўнай літаратуры, напісанне змястоўных артыкулаў у розных каталіцкіх і свецкіх СМІ, душпастырскае служэнне дыяканам і многае іншае, на што ён адказаў «так», калі Бог яго клікаў.
Біскуп Юрый Касабуцкі так і адзначыў у сваім казанні падчас святой Імшы:
«Божы Провід вёў Вас, ксёндз Мікалай, праз розныя рэчы, бо сапраўды ў жыцці трэба пазнаць розныя рэчы, каб разумець Божую волю, Вы працавалі на розных пасадах у Касцёле. На кожнае месца, куды Бог Вас клікаў, Вы казалі „так, я пайду“, ніколі не сказалі, што цяжка, складана. Але ў Вас на ўсё хапала часу і сілаў. Чаму? Бо Хрыстос даваў усе патрэбныя ласкі».
Урачыстасць атрымалася вельмі цёплай і простай, можа, таму што побач былі ўсе тыя, хто ведае кс. Міколу, даручалі яго Богу падчас гэтай Імшы і пад медыцынскімі маскамі заўважаліся іх шчырыя ўсмешкі. Біскуп Юрый Касабуцкі ўжо даўно знаёмы з кс. Міколам, многае разам перажыта. І менавіта гэты іерарх удзяляў сакрамэнт, прамаўляў казанне, якое гучала неяк па-асабліваму, бо на вачах біскупа Юрыя кс. Мікола Гракаў прайшоў увесь свой шлях да святарства.
«Магчыма, у святарстве Бог Вам даручыць іншыя функцыі і місію, — звярнуўся біскуп Юрый да кс. Міколы, — але памятайце, што галоўнае для Вас — каб людзі вакол, праз Ваша слова, Вашы ўчынкі, праз святыя сакрамэнты, якія Вы здзяйсняеце і будзеце здзяйсняць, праз Ваша сведчанне і Вашае жыццё ўбачылі Хрыста і сустрэліся з Ім. Гэта галоўная мэта святарства — каб людзі ўбачылі Хрыста і прайшлі сцяжынай да Божага Валадарства. Усе іншыя рэчы і справы важныя, добрыя, але яны — дадатак». У канцы казання іерарх пажадаў: «Зычу Вам быць добрым святаром, быць другім Хрыстом, быць добрым чалавекам, чалавекам з вялікай літары. Гэта ўсё зробіць шчаслівым і Вас, і ўсіх іншых людзей».
Ксёндз Мікола, Вы дарагі нашаму калектыву чалавек, Вы працавалі з намі поплеч і працягваеце супрацоўнічаць з выдавецтвам «Pro Christo» і часопісамі «Ave Maria» і «Наша вера». Увесь наш калектыў на чале з дырэктарам выдавецтва Алінай Новікавай і галоўным рэдактарам часопісаў Крыстынай Лялько віншуе Вас з пасвячэннем у святары. Вы заўсёды захапляеце нас сваім прафесіяналізмам, а таксама радуеце сваёй прысутнасцю і сяброўствам. Мы дужа цешымся, што нашаму Касцёлу ў Беларусі будзе служыць такі святар, як Вы. Жадаем Вам вялікай радасці ў Божых справах, чуйнасці да Божай волі ў Вашым жыцці, шчасця ў святарскім пакліканні. У добры новы шлях, ойча!
Вольга Адамовіч ад імя рэдакцыі часопісаў
«Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Pro Christo»
Фота: Віталій Палінеўскі, Catholic.by