За рэпост малюнка ў сацыяльных сетках асуджаны ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок. Суд угледзеў у дзеяннях святара прапаганду нацысцкай сімволікі і прысудзіў яму 10 сутак арышту.
1 снежня святар даведаўся аб адміністратыўнай справе супраць яго ў Расонскім РАУС.
— Старэйшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Гаўрылаў, кіруючыся, як ён сам сказаў, асабістым меркаваннем, 25 лістапада заўважыў у маіх сацыяльных сетках пост, размешчаны ў жніўні. Ён лічыць, што я размясціў свастыку — нацысцкі сімвал. Я патлумачыў, што я размясціў мастацкі твор славутага мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм», а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плакат я размясціў, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне, — расказаў кс. Вячаслаў на сваім ютуб-канале.
Дарагія чытачы, заклікаем вас маліцца за ксяндза Вячаслава і ўсіх зняволеных у гэты неспакойны і несправядлівы час у нашай краіне.
Рэд.