Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі кіруе зварот да духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў, у якім заклікае іх да асаблівай малітвы за Бацькаўшчыну, Касцёл у Беларусі і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому не дазволілі вярнуцца на Радзіму.
ЗВАРОТ
Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскупа Юрыя Касабуцкага
да духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Узлюбленыя браты і сёстры ў Хрысце,
31 жніўня мы з горыччу і смуткам даведаліся пра тое, што Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не можа вярнуцца на Радзіму са службовай замежнай паездкі. Яму, грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, нашыя беларускія памежнікі не дазволілі ўехаць у краіну. Ніякіх афіцыйных каментароў адносна прычын, па якіх арцыбіскупу было адмоўлена ва ўездзе, ніхто не даў.
У сувязі з гэтым я заклікаю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, да асаблівай малітвы за нашага арцыпастыра, каб Бог падтрымаў яго ў хвіліну выпрабавання і дазволіў як найхутчэй вярнуцца да сваёй паствы.
З досведу нашых продкаў, якія ў часы пераследу і ганенняў як найвялікшую каштоўнасць захавалі і перадалі нам скарб веры, мы ведаем, што малітва мае ўсепераможную моц. Таму прашу вас нястомна маліцца за Касцёл на Беларусі, за нашу Бацькаўшчыну і ўвесь беларускі народ, каб міласэрны Бог праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай выбавіў нас ад усялякага зла і адарыў патрэбнымі ласкамі.
Святароў прашу аб цэлебрацыі святых Імшаў у інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны, Касцёла на Беларусі і нашага арцыпастыра. Заахвочваю да ўдзелу як мага большай колькасці вернікаў у святых Імшах, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і іншых набажэнствах у касцёлах і капліцах. Запрашаю таксама збірацца разам каля прыдарожных крыжоў і капліц і ў дамах на Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці і іншыя супольныя малітвы.
У няпросты для ўсіх нас час давайце мабілізуемся ў малітве, а таксама праявім асаблівую салідарнасць і будзем падтрымліваць адзін аднаго ў кожнай сітуацыі, бо мы — адна вялікая сям’я.
«Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (Гал 6, 2), — заклікае нас святы апостал Павел. У нашым адзінстве — наша сіла.
Няхай не будзе паміж намі падзелаў; няхай любоў, згода і прабачэнне вядуць нас да супольнай мэты — мірнага і шчаслівага жыцця на зямлі і вечнага збаўлення.
Біскуп Юрый Касабуцкі
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Мінск, 31 жніўня 2020 г.