І чаму не стаў я лесніком,
лес мой, брат мой?
Быў бы я тваім замком і тваёю брамай.
Гэтыя шчымлівыя радкі Аляксея Пысіна згадваюцца мне амаль заўсёды, калі даводзіцца бачыць недагледжаны, завалены ламаччам і бураломам лес. На жаль, такіх лясоў у нас становіцца ўсё больш. А тым часам лес — гэта своеасаблівае люстэрка і нашай дбайнасці, і нашай гаспадарлівасці, і таго парадку, які вядзем на сваёй зямлі...
Дарагія чытачы, гэтую «лясную тэму» я закранула невыпадкова, бо кастрычніцкі нумар часопіса мы прысвяцілі праблемам экалогіі. Зразумела, што на часопісных старонках нам не ўдасца нават закрануць сотай долі тых праблемаў, якія датычаць экалогіі, асабліва глабальных і важных для ўсёй чалавечай супольнасці. Такіх як, напрыклад, раставанне леднікоў у Антарктыдзе ці Грэнландыі, што вядзе да пастаяннага павышэння ўзроўню вады ў сусветным акіяне і ў перспектыве можа затапіць цэлыя краіны. Дарэчы, 31 ліпеня быў устаноўлены сусветны рэкорд: 12,5 мільярдаў тон ільду за адзін дзень апынуліся ў акіяне! Ёсць і праблема аслаблення азонавага слою Зямлі, так званыя азонавыя дзіры, або тысячы тонаў пластыку, якія засмечваюць не толькі паверхню зямлі і яе нетры, але залягаюць таксама на дне мораў і акіянаў і атручваюць марскую флору і фаўну. Ці, скажам, лясныя пажары, што ад жніўня бушуюць у Паўднёвай Амерыцы, знішчаючы трапічныя лясы Амазоніі — «зялёныя лёгкія» ўсёй нашай планеты. Страшна нават уявіць: ужо спалымнела больш за 2 млн гектараў гэтага ўнікальнага лесу. А яшчэ страшней ад таго, што, як высветлілася, прычынаю пажараў сталі наўмысныя падпалы дзеля так званай расчысткі земляў пад прамысловае будаўніцтва...
Немагчыма, на жаль, закрануць і ўсіх лакальных праблемаў, якія датычаць стану экалогіі ў нашым Краі... Памятаю, яшчэ на пачатку 80-х, калі па ўсёй Беларусі ішла павальная і бязглуздая меліярацыя, калі асушаліся балоты — «лёгкія» нашай краіны, і выпрамляліся рачулкі, якія ў выніку станавіліся меліярацыйнымі канавамі, наша выдатная паэтка Жэня Янішчыц узрушана апавядала пра тое, што на роднай Піншчыне яна на свае вочы бачыла, як згаладнелы бусел паляваў на... зайца. Гэта святая птушка, якою ў нас спрадвеку лічыцца бусел, ператварылася ў драпежную, бо людзі ператварылі ў сыпучую тарфяную пустэчу пракаветныя пінскія балоты, і ў выніку там знікла жыўнасць і перасохлі нават студні ў палешукоў.
Праз нейкі час чыноўнікі апамяталіся і меліярацыя была спынена і прызнана памылковаю, але шкода, якую яна зрабіла прыродзе, засталася назаўсёды...
Цяпер усё часцей гаворыцца пра тое, што і чарнобыльская трагедыя — гэта вынік чалавечай бяспечнасці. Мы, на жаль, даўно звыкліся з недарэчным і шкодным стэрэатыпам савецкага часу, што, маўляў, чалавек — цар прыроды, і ўжо цэлыя дзесяцігоддзі «царуем» так, што прырода гіне на нашых вачах, а разам з ёю гінем і мы, бо з’яўляемся яе часткаю і ва ўсім ад яе залежым: дыхаем забруджаным паветрам, п’ем забруджаную ваду, а калі шчодраю жменяю сыпем у зямлю нітраты, імкнучыся як мага больш ад яе атрымаць, то пасля іх жа і спажываем...
Касцёл заўсёды імкнуўся дапамагчы людзям адчуць і зразумець вялікую адказнасць кожнага за наш агульны дом, за Зямлю, якую Бог даў нам для шчаслівага, спакойнага, а галоўнае — разумнага жыцця. Але ці чуем мы гэты Божы голас Касцёла? Ці чуем мы хоць бы сваіх пробашчаў, якія ўсё часцей звяртаюць нашу ўвагу на праблемы экалогіі, у тым ліку і на праблему завальвання парафіяльных могілкаў штучнымі вянкамі і кветкамі. Цэлыя карпарацыі робяць на гэтым шалёны бізнэс, а мы спрыяем іх абагачэнню, «упрыгожваючы» родныя магілы безгустоўным пластыкам, які пры награванні (нават сонечным) выдзяляе не толькі едкі смурод, але і вельмі шкодныя рэчывы...
Часам, калі ідзеш па вуліцы і мімаходзь чуеш, як і пра што размаўляюць нашы людзі, асабліва маладыя, якое брыдкаслоўе (цяпер — такое частае) нясецца з іх вуснаў, атручваючы духоўную атмасферу, міжволі прыходзіць думка, што калісьці мы асушылі, відаць, не толькі балоты, але і нашыя душы на многія пакаленні наперад. І цяпер трэба нам найперш паклапаціцца менавіта пра экалогію душы, а тады і ва ўсім астатнім, дасць Бог, навядзем парадак.
Крыстына Лялько